Германія можа пажаўцець

Выбары ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія (NRW) прымусілі палітолагаў перагледзець свае прагнозы адноста таго, як будзе выглядаць нямецкі ўрад пасля вераснёўскіх выбараў у Бундэстаг. Пра новыя трэнды распавядае нямецкі грамадскі актывіст Андрэас Браўн.

Фота www.deutschlandfunk.de

— Выбары ў NRW — трэція рэгіянальныя выбары за апошнія два месяцы. Прычым іх вынікі падобныя на вынікі папярэдніх: партыя Меркель жартуючы перамагае асноўных канкурэнтаў — сацыял-дэмакратаў (SDP). Між тым, прэса надае гэтым выбарам шмат увагі…

— Усё праз восеньскія выбары ў Бундэстаг. Яшчэ ўчора лічылася, што фармаваць кабінет увосень Меркель будзе з эсдэкамі, якія атрымаюць другое месца. Аднак выбары на Рэйне прынеслі сенсацыйны поспех яшчэ і Партыі свабодных дэмакратаў (FDP), якія атрымалі 12 працэнтаў. Нельга ігнараваць тое, што першае месца ў выбарчым спісе FDP займаў яе цяперашні старшыня Хрысціян Лінднэр (Christian Lindner). З улікам таго, што Паўночны Рэйн-Вестфалія буйны, і, як следства, шмат у чым ключавы рэгіён, падобныя вынікі можна прагназаваць на выбарах у Бундэстаг. А значыць, Меркель можа ўзяць у партнёры не «чырвоных» (партыйныя колеры SDP), а «жоўтых» (партыйныя колеры лібералаў). З такім раскладам 38-гадовы Лінднэр стане, фактычна, другім чалавекам у краіне.

— Хто такі Хрысціян Лінднэр?

— Ён ураджэнец зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, дзе і пачынаў сваю палітычную кар’еру. Прайшоў шлях ад кіраўніка школьнай арганізацыі да дэпутата спачатку рэгіянальнага парламента, а пасля і федэральнага. Пасля таго, як у 2013 годзе партыя не прайшла ў Бундэстаг, у структуры адбылася поўная перазагрузка кіраўніцтва, у межах якой Лінднэр быў абраны старшынёй, абяцаючы «ўсё абнавіць». Акрамя палітыкі, ён цікавіўся інтэрнэт-бізнесам, меў сваю фірму. Што тычыцца асабістага жыцця, вядома, што яго жонка — журналістка.

— На папярэдніх федэральных выбарах FDP нават не прайшлі ў парламент. У чым прычына вяртання інтарэсу да партыі?

— Сакрэт вяртання FDP з другой лігі нямецкай палітыкі трэба разглядаць у комплексе. Лінднэр моцна падкарэктаваў імідж партыі, зрабіў яе прывабнай у вачах маладых людзей. Доўгі час лібералы ўспрымалася як карпарацыя ўладальнікаў нерухомасці, якія звар’яцелі на тэме скарачэння падаткаў. Цяпер партыя надае шмат увагі развіццю новых тэхналогій, і адначасова магчымасці для кожнага маладога немца лёгка атрымаць адукацыю ў гэтай сферы. Лібералы абяцаюць распрацаваць камфортныя ўмовы для праектаў Start-up. Па сутнасці, гэта ўжо не класічная ліберальная, а больш сацыял-ліберальная праграма, якая прыцягнула да FDP левага выбаршчыка. Паводле сацыёлагаў, за лібералаў у NRW галасавала каля 200 тысяч чалавек, якія раней абіралі «Зялёных» або сацыял-дэмакратаў.

— Вынікі апошніх зямельных выбараў называюць сімвалічным развітаннем з «эфектам Марціна Шульца» — кандыдата ў канцлеры ад эсдэкаў. Ажыятаж вакол яго асобы не канвертаваўся ў галасы электарату. Эсдэкі тройчы запар прайгралі зямельныя выбары. Ці могуць «ружовыя» паспець перабудавацца, каб у выніку дагнаць хадэкаў, ад якіх зараз адстаюць на 4–5 пунктаў?

— Пакуль такое ўражанне, што сацыял-дэмакраты ў стане разгубленасці. Як следства, Шульц, вакол якога сапраўды зрабілі культ, ператварыўся ў адказнага за ўсе правалы. Сябры левай фракцыі кажуць, што SDP губляе галасы праз нежаданне Шульца крытыкаваць капіталізм. Правыя, наадварот, лічаць, што выбаршчыка палохае занадта выразны крэн Шульца налева, аж да гатоўнасці блоку з экс-камуністамі. Сам Шульц пасля выбараў у NRW абвясціў сябе «вулічным байцом», заявіўшы ў дадатак: «Выбарчая кампанія пачалася толькі зараз. Або я, або Меркель». Аднак такая агрэсіўная рыторыка пакуль успрымацца як нейкая поза. У прэсе ўжо прагназуюць, што да верасня сацыял-дэмакраты вернуцца ў сацыялагічных апытаннях да сваіх 25 працэнтаў, якія мелі да пачатку «эфекту Шульца».

— Як зменіцца палітыка кабінету Меркель у выпадку партнёрства з лібераламі? Вядома, што, паводле нямецкай палітычнай традыцыі, малодшы партнёр па кааліцыі адказвае за замежную палітыку. Як гэта адаб’ецца на знешняй палітыцы ФРГ?

— Тут жартуюць, што ў галіне знешняй палітыкі FDP больш арыентуецца не на Вашынтон або Маскву, а на Сіліконавую даліну. Прадстаўнікі лібералаў не вельмі часта каментуюць знешнепалітычныя пытанні. Так ці інакш, яны асудзілі парушэнне прынцыпаў міжнароднага права Масквой у Крыме і заклікалі вырашаць праблему ў межах дыялогу. З улікам гэтага можна прагназаваць, што, калі кабінет з удзелам кансерватараў і «жоўтых» паўстане, міжнародная праблематыка застанецца ў кампетэнцыі Ангелы Меркель.

— Ці ёсць перашкоды, якія могуць не дазволіць лібералам стаць урадавай партыяй?

— Натуральна, і галоўная з іх — самі лібералы. Цяперашнім поспехам партыя шмат у чым абавязаная асобнымі якасцям Лінднэра, які выглядае «сваім у доску» для сярэдняга класу і моладзі. Аднак на месцах засталося яшчэ шмат прадстаўнікоў «старой гвардыі», якім уласцівыя і старыя забабоны. У гэтым плане ўзгадваюць скандалы з папярэднікамі Лінднэра. Некаторыя з іх падтрымлівалі Садама Хусейна, а іншыя патрабавалі ад журналістак адразу прайсці ў ложак за дадзенае інтэрв’ю. Калі даць ім мікрафон, дык скандалы непазбежныя. Персаніфікацыя партыі пад лідара — таксама не выйсце, як дэманструе досвед Марціна Шульца. Менавіта на гэта, дарэчы, разлічваюць правыя папулісты з «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD), якія спадзяюцца, што да восені FDP усім надакучыць, і яны вернуць сабе статус вядучай апазіцыйнай сілы. Адным словам, у выбарчай кампаніі 2017-га нас чакае яшчэ шмат сюрпрызаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: