Германія: шоў Шульца

За Марціна Шульца як кандыдата ў канцлеры Германіі прагаласавалі сто працэнтаў (!) удзельнікаў партыйнай канферэнцыі сацыял-дэмакратаў Германіі.

Фота www.deschide.md

Яшчэ ніводны палітык у гісторыі Германіі не карыстаўся такой папулярнасцю сярод аднапартыйцаў (дагэтуль рэкорд утрымліваў іншы эсдэк — Курт Шумахер, за якога на партыйнай канферэнцыі галасавалі каля 97 працэнтаў прысутных). І, магчыма, Марцін Шульц сапраўды заслужыў гэтую неверагодную падтрымку. Пасля таго, як узімку ён адмовіўся ад пасады старшыні Еўрапарламента і стаў неафіцыйным кандыдатам эсдэкаў, рэйтынг «ружовых» вырас прыкладна на 11–12 пунктаў. Упершыню за апошняе дзесяцігоддзе Сацыял-дэмакратычныя партыя Германіі (SPD) і Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) Ангелы Меркель ідуць у апытаннях вельмі блізка, маючы прыкладна па 32–33 працэнты. З улікам такога фурору Шульца нават называюць ратавальнікам мясцовай сацыял-дэмакратыі.

Спачатку феномен «шульцаманіі» спісвалі на неардынарнасць яго палітычнага стылю і асаблівасці біяграфіі (Шульц прайшоў шлях ад хранічнага алкаголіка да старшыні Еўрапарламента). Тым не менш, у асяроддзі палітолагаў лічылася, што некалькіх месяцаў цалкам хопіць, каб Шульц надакучыў электарату.

Аднак тут новы лідар эсдэкаў выцягнуў джокер — пачаў актыўна эксплуатаваць сацыялку. Аж да таго, што паставіў пад сумнеў праграму «Агенда 2010» — блок структурных эканамічных рэформаў, якія пачалі праводзіцца з 2003 года па ініцыятыве тагачаснага ўраду эсдэкаў і «Зялёных». Той курс, які прадугледжвае абмежаванне выдаткаў на сацыяльную сферу для стымулявання стварэння новых працоўных месцаў, ацэньваюць па-рознаму. Нездарма захапленне ў асяроддзі простых немцаў выклікалі агучаныя Шульцам планы па пашырэнні сістэмы бестэрміновых працоўных дамоваў і павелічэнні тэрміну выплаты дапамогі па беспрацоўю.

Такі рэзкі паварот налева палітолагі разглядаюць як завочную адмову сацыял-дэмакратаў ад рымейка фармавання кааліцыі з кансерватарамі. Стаўка робіцца на кабмін па формуле «Rot-Rot-Gruene», то бок пакт SPD з партыяй «Левыя» і «Зялёнымі». Пакуль што сацыялогія дапускае такі сцэнар, хаця форс-мажоры магчымыя.

Напрыклад, прэса мае сумневы, што «Зялёныя» набяруць патрэбныя пяць працэнтаў, неабходныя, каб трапіць у Бундэстаг. Напярэдадні выбараў эколагі сыходзілі з прагнозу, паводле якога трыўмфатарам электаральнай кампаніі з 40–41 працэнтам падтрымкі будзе непераможная фрау Меркель. Меркавалася, што, атрымаўшы 8–9 працэнтаў, «Зялёныя» змогуць стварыць з «чорнымі» (партыйны фарбы CDU) кааліцыйны кабінет. Каб загадзя спадабацца Меркель, «Зялёныя» піярылі сябе як цэнтрысцкую палітсілу. Нечаканы ўздым SPD і адначасовае падзенне рэйтынгаў CDU паставілі крыж на перспектыве «чорна-зялёнага» кабінету. Акрамя таго, Ангела Меркель на фоне Дональда Трампа стала сімвалам еўрапейскай дэмакратыі і, адпаведна, CDU ўспрымаецца як партыя цэнтру — ніша, на якую прэтэндавалі эколагі. У шэрагу медыя нават задаюцца пытаннем: ці патрэбная ў такіх умовах партыя «Зялёныя»?

Выратаваць эколагаў можа сыход кансерватараў направа. Яшчэ ўчора такі варыянт не выключаўся, бо частка электарату CDU пасля крызісу з уцекачамі стала эмігравала ў лагер сімпатызантаў папулісцкай «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD). Каб спыніць гэты працэс, упершыню за ўсю гісторыю Германіі кансерватары нават планавалі ісці на выбары не пад традыцыйнымі аранжавымі сцягамі, а пад нацыянальнымі.

Аднак з’яўленне Марціна Шульца паменшыла пагрозу з боку папулістаў. Не толькі таму, што Шульц — самы харызматычны апанент улады, якому Фраўке Петры — лідар AfD, — папросту не канкурэнт. Марцін Шульц уздымае вельмі важнае для выбаршчыкаў AfD (якія, як правіла, належаць да маргінальных фракцый грамадства), сацыяльнае пытанне. Як следства, літаральна за апошні тыдзень «Альтэрнатыва для Германіі» згубіла прыкладна тры працэнты падтрымкі. Упершыню за апошні час яе папулярнасць — менш за дзесяць працэнтаў.

І гэта яшчэ без канчатковага эфекту ад выбараў у суседніх Нідэрландах, дзе на мінулым тыдні папулісты пацярпелі фіяска. Дадзеныя нідэрландскай ЦВК разглядаюць як індыкатар стомленасці еўрапейскага электарату ад папулісцкіх абяцанняў. Сапраўды, нечага мегапазітыўнага Вялікабрытанія пасля Brexit і ЗША пасля абрання Трампа не дэманструюць.

На думку экспертаў, тыя немцы, якія расчараваліся ў папулістах, будуць, як правіла, улівацца ў клуб аматараў сацыял-дэмакратаў. Паводле прэсы, гаворка можа ісці пра пару сотняў тысяч выбаршчыкаў. Апошняе дазваляе асцярожна спекуляваць наконт непазбежнасці перамогі SPD і фармавання ўвосень кабінету «Rot-Rot-Gruen». Тым больш — гэта прызнаюць усе, — у шэрагах кансерватараў пануе нейкая апатыя, у тым ліку праз стомленасць ад фігуры Меркель. Аднак наўрад ці сітуацыя да верасня застанецца статычнай. Відавочна, паўстануць новыя чыннікі і новыя тэмы.

Усе тэзісы палітолагаў наконт варыяцый ходу кампаніі пройдуць тэст на трох зямельных выбарах, якія адбудуцца ўвесну. Першымі ўжо ў гэты ўік-энд прагаласуюць выбаршчыкі зямлі Саар. Па выніках галасавання, дарэчы, можа паўстаць першы ўрад у так званых «Заходніх землях», які сфармуюць эсдэкі і «Левыя». Такая метамарфоза (нагадаем, што партыя «Левыя» — нашчадкі камуністаў ГДР) здольная моцна падкарэктаваць працэсы выбарчай гонкі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: