Як стварыць «дзяржаву ў дзяржаве»

У нарысах Іллі Эрынбурга ёсць апісанне Берліна 20-х гадоў мінулага стагоддзя як горада, моцна падзеленага на два вялікія блокі з палярнымі палітычнымі сімпатыямі яго жыхароў.

На захадзе мегаполісу прапісаліся буржуа, якія галасавалі за правыя партыі. Ім супрацьстаялі жыхары рабочых паўночных і ўсходніх кварталаў. Даходзіла да таго, што Вестэрн і Остэрн (так Эрынбург называе блокі) часта дражнілі адно аднаго. Напрыклад, жыхары Вестэрна любілі заходзіць на тэрыторыю Остэрна і спяваць патрыятычныя куплеты накшталт «Deutschland uber alles».

Такая ўрбаністычная геапалітыка ўласцівая любому буйному гораду. У Лондане пралетарыят або люмпен з Іст-Энду заўжды скоса глядзеў на арыстакратаў Чэлсі. Свой палітычны каларыт мае Усходні Каракас, дзе пражывае заможны клас — апаненты цяперашняга рэжыму Чавеса. Канфрантацыя з Заходнім Каракасам, дзе, наадварот, замацаваліся аматары Чавеса і Мадура, настолькі моцная, што Усходняму Каракасу нават дазволілі абіраць свайго мэра.

Паступова, па ходзе таго, як класавыя супярэчнасці перастаюць быць такімі моцнымі, назвы гарадскіх раёнаў шмат дзе губляюць палітычную афарбоўку. Аднак спробы палітызацыі ўрбаністычнай прасторы заўжды былі. У 60-я гады мінулага стагоддзя аматары моладзевых субкультараў захоплівалі пустыя будынкі і нават кварталы, дзе спрабавалі будаваць мікрамадэль свайго, альтэрнатыўнага бачання свету.

Паколькі, як правіла, гэта былі прыхільнікі левых поглядаў, жыхары захопленых аб’ектаў прасоўвалі інстытуты наўпроставай дэмакратыі, калі ўсе рашэнні прымае агульны сход жыхароў. Вельмі часта такія будынкі станавіліся кропкамі грамадска-культурнага жыцця — пачынаючы ад тэатральных студый ды радыёстанцый і заканчваючы цэнтрамі дапамогі бяздомным.

Зрэшты, ёсць і «правыя» захопнікі дамоў або, як іх яшчэ называюць, сквотэры. Напрыклад, італьянскі цэнтр Casa Pound, які функцыянуе з 2003 года. Праўда, ад левых праектаў ён адрозніваецца хіба толькі тым, што прынцыпова не працуе з імігрантамі і надае вялікую ўвагу прапагандзе спорту. Акрамя таго, пачынаючы з выбараў 2011 года, Casa Pound прадстаўляе сваіх кандыдатаў на мясцовых выбарах і яго чальцы нават здолелі трапіць у нейкія муніцыпальныя рады.

Найбольш далёка ў накірунку палітызацыі ўрбаністычных аб’ектаў, напэўна, зайшлі ў Даніі. Там у пачатку 1970-х гадоў хіпі акупавалі комплекс пустых казармаў. Так паўстаў славуты раён «Хрысціянія», які з часам здолеў атрымаць легальны статус і нават пэўную прававую аўтаномію. Праўда, гэта быў нялёгкі шлях, этапамі якога таксама былі бойкі з паліцыяй і гандлярамі наркотыкамі.


Яркая гісторыя — у берлінскіх захопнікаў дамоў. Усё пачалося ў часы «халоднай вайны», калі Заходні Берлін быў выспай унутры Усходняга блоку. Таму звычайныя бюргеры трошкі баяліся інвеставаць у лакальную нерухомасць або праводзіць капітальны рамонт будынкаў, якія шмат дзе стаялі пустымі. На пачатку 1980-х моладзь, і нават людзей больш саліднага ўзросту, ахапіла мода засяляцца ў такія памяшканні без дазволу. У 1981-м толькі за адзін тыдзень у Заходнім Берліне захаплілі каля тузіна будынкаў. Усяго за той год акупавалі 164 дамы, а песня-гімн захопнікаў «Гэта наш дом» у выкананні гурта Ton Steine Scherben стала ледзьве не хітом.

У адказ мэрыя санкцыянавала правядзенне 22 верасня 1981 года шырокамаштабнай паліцэйскай аперацыі. На першым этапе планавалася эвакуацыя сквотэраў з васьмі так званых «апорных пунктаў». Падчас аднаго высялення адбыўся сур’ёзны інцыдэнт, у якім загінуў 18-гадовы пратэстовец, што абвастрыла супрацьстаянне. У выніку Ратуша пры падтрымцы Евангелічнай царквы вырашыла праводзіць больш мяккую лінію на легалізацыю захопленых дамоў.

Пры гэтым многія з захопнікаў адмаўляліся ад легальнага статусу, разглядаючы нелегальнае становішча як прынцыповую ўмову барацьбы з капіталізмам і ўладай. Сапраўдным падарункам для гэтай катэгорыі стала падзенне Берлінскай сцяны, па той бок якой, ва Усходнім Берліне, таксама знаходзілася мноства пустых дамоў. Карыстаючыся прававым хаосам і развалам сілавых структур у ГДР, часам атрымлівалася захопліваць цэлыя вуліцы — напрыклад, вуліцу Майнцэр Штрасэ, што ў раёне Фрыдрыхштад.

Майнцэр Штрасэ, 1990, Фота: Renate Hildebrandt

Праект Майнцэр Штрасэ праіснаваў сем месяцаў, пакуль роўна 30 гадоў таму, у лістападзе 1990-га, супраць яе 417 жыхароў пачалася буйная паліцэйская аперацыя з удзелам трох тысяч сілавікоў. З неба іх падтрымлівалі верталёты, якія дэсантавалі спецназ на дахі. Таксама ў ход пайшлі вадамёты і слезацечны газ. Колькасць параненых вымяралася сотнямі. Не пашкадавалі нават былых дысідэнтаў ГДР, якія спрабавалі заблакаваць рух паліцэйскіх БМП.

Гэтая акцыя лічыцца адной з самых жорсткіх паліцэйскіх аперацый у пасляваеннай гісторыі Германіі. Нездарма прэса апісвала тыя падзеі як «бітву на Майнцэр Штрасэ». Жорсткасць паліцыі выклікала ўсеагульнае абурэнне нават у колах кааліцыі левых партый, што кіравалі горадам. У выніку мэр Берліна падаў у адстаўку.

Трэба адзначыць, што берлінскі прыклад не з’яўляецца тыповым. Гісторыя ведае шмат іншых варыянтаў, як стварыць «дзяржаву ў дзяржаве». Тая ж «Хрысціянія» атрымала легальны статус дзякуючы таму, што стала сапраўдным турыстычным атракцыёнам. Дзякуючы мастацтву выстаяў і міланскі цэнтр Леанкавала. Яго жыхары адмаўляліся высяляцца — ды неаднаразова змагаліся з сіламі праваахоўнікаў, нават і коштам чалавечых ахвяр. Сітуацыя стабілізавалася ў 2006 годзе, калі чыноўнікі гарадскога культурнага дэпартаменту ўключылі графіці на мурах цэнтру ў пералік і каталогі турыстычных аб’ектаў.

Цікава, якім будзе беларускі варыянт?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: