«Гібрыдная агрэсія РФ у рэгіёне» Украінскія грамадскія арганізацыі выступілі з заявай

«Утойванне інфармацыі аб інтэграцыі Беларусі з РФ можа казаць аб экспансіі гібрыднай агрэсіі РФ у рэгіёне» — Кіруючы камітэт Украінскай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
27 снежня Кіруючы камітэт Украінскай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства прыняў заяву наконт магчымай інтэграцыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

«Змест праектаў інтэграцыйных дакументаў і іншыя ўмовы патэнцыйнай інтэграцыі невядомыя грамадскасці, што можа ўказваць на рэальную пагрозу будучай акупацыі Беларусі. Як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Украіны, хочам выказаць падтрымку і салідарнасць грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўсяму беларускаму народу ў іх намаганнях супрацьстаяць агрэсару і захаваць суверэнітэт Беларусі» — гаворыцца ў заяве.

Украінская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства расцэньвае такія дзеянні Расіі як экспансію яе гібрыднай агрэсіі ў рэгіёне і спробу падарваць суверэнітэт краін Усходняга партнёрства і захаваць іх у сферы свайго ўплыву.

«Мы падзяляем пазіцыю прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і міжнароднай супольнасці аб непрызнанні саюзнай дамовы 1999 г. паміж РФ і Беларуссю, з улікам парушэння гэтай дамовай канстытуцый РФ і Беларусі, а таксама прымаючы пад увагу акупацыю Расіяй ўкраінскага Крыму. Мы падтрымліваем заклік беларускай грамадскасці тэрмінова апублікаваць усё «інтэграцыйныя» дакументы або іх праекты, таемна прынятыя У.Пуціным і А.Лукашэнкам і іх адміністрацыямі, з мэтай правядзення міжнародных прававых экспертыз» — гаворыцца ў заяве.

Кіруючы орган ўкраінскай грамадзянскай Платформы таксама заявіў, што, калі незалежныя экспертызы выявяць, што пункты пагадненняў і пратаколаў паміж Крамлём і афіцыйным Мінскам парушаюць міжнароднае права, суверэнітэт і Канстытуцыю Беларусі, то ініцыятары заявы будуць настойваць на нелегітымнасці «саюзнай інтэграцыі», якая парушае незалежнасць Беларусі.

«Мы звернемся да ўладаў Украіны, замежных дзяржаў, міжнародных органаў і арганізацыяў, каб яны прызналі юрыдычна нікчэмнымі «саюзныя дакументы» паміж РФ і Беларуссю» — падкрэсліваецца ў заяве.

Даведка

Украінская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (УНП) — гэта сетка з больш за 130 грамадскіх арганізацый Украіны, створаная у 2011 годзе. УНП адстойвае ўкраінскія інтарэсы ў рамках Усходняга партнёрства. Платформа з'яўляецца часткай Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства — аб'яднання прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Украіны, Грузіі, Малдовы, Беларусі, Арменіі, Азербайджана, а таксама ЕС. Форум дапамагае грамадскім арганізацыям рэгіёну Усходняга партнёрства прасоўваць важныя для іх краін пытанні на ўзроўні ЕС, спрыяе аналітычнага-адвакацыйнай дзейнасці і абмену досведам паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці рэгіёну, ажыццяўляе грамадскі маніторынг выканання мэт Усходняга партнёрства.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: