
Фота AFP
Думаецца, усяму свету вядомая характарыстыка электаральнага працэсу ад лаўрэата Нобелеўскай прэміі, перуанскага літаратара Марыё Варгас Льёса: «Выбары ў Перу — гэта выбар паміж СНІДам і ракам у тэрмінальнай стадыі». Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў краіне, якія адбыліся напачатку чэрвеня, здаецца, пацвердзілі слушнасць згаданага вызначэння.
Пра тое, што Кейка Фухіморы належыць да палітыкаў з катэгорыі «палітычных хваробаў», сведчыць важны складнік яе кампаніі. Па сутнасці, уся яна будавалася выключна на эксплуатацыі іміджу і настальгіі па яе бацьку, Альберта Фухіморы. З прозвішчам апошняга звязаныя такія рэчы, як разгон парламента, нарошчванне рэйтынгу за кошт істэрыі вакол пагрозы тэрарыстаў, хабарніцтва, подкуп, тэрор і нават стэрылізацыя сотняў тысяч індзейскіх жанчын. Нездарма ў выніку Фухіморы трапіў у турму, прычым у тую самую, якую сам спецыяльна пабудаваў, каб трымаць там левых экстрэмістаў.
Ідэя прыйсці да ўлады і даць бацьку амністыю шмат у чым была негалосным лозунгам выбарчай кампаніі Кейкі Фухіморы. Яна наогул прыйшла ў палітыку ў 2005 годзе, каб выратаваць бацьку. Менавіта тады пачаўся судовы працэс над ім. А раней Кейка галоўным чынам займалася дзіцячай філантропіяй.
У першым туры сёлетніх выбараў Кейка Фухіморы заняла першае месца з 39,7% галасоў. Каб стаць кіраўніцай Перу, у другім туры ёй не хапіла ўсяго 0,2% (кандыдатку абышоў умерана правы неаліберал Педра Кучынскі).
Як здарылася, што перуанцы былі гатовыя галасаваць за Кейку? Адказ на гэта, напэўна, ляжыць у неадназначнасці вынікаў кадэнцыі Альберта Фухіморы (1990–2000 гады). У яго спадчыне хапае і пазітыўных момантаў.

Фота www.pravda.ru
Нават пасля таго, як Фухіморы-старэйшы пакінуў пасаду прэзідэнта і ў краіну вярнулася перманентная палітычная анархія, макраэканамічная сітуацыя доўгі час заставалася стабільнай. Нельга не прызнаць ролю Фухіморы і ў барацьбе супраць камуністычнай герыльі, якая ў кульмінацыйнай фазе ахоплівала да 15 працэнтаў тэрыторыі краіны. У гэтым плане можна пагадзіцца са словамі аднаго са спецыялістаў па Лацінскай Амерыцы: «Рэжым Фухіморы — гэта нестабільная раўнавага паміж прагрэсіўным зместам рэформаў і аўтарытарнымі сродкамі іх рэалізацыі».
У прэсе называюць шэраг фактараў, праз якія ў перуанцаў абвастрылася амнезія наконт аўтарытарызму экс-прэзідэнта. Перш за ўсё адзначаюць, што пасля сыходу Фухіморы ў краіне пачаўся этап палітычнай чахарды.
Доўгі час на гэта не звярталі ўвагі, але наступ рэцэсіі імкліва сфармаваў запыт на «крызіснага менеджара». Дарэчы, менавіта так у свой час называлі Фухіморы-старэйшага.
Па-другое, экс-прэзідэнт быў заўзятым рыначнікам. Шырокая дэнацыяналізацыя спрыяла станаўленню і росту ролі сярэдняга класа. У гэтай групе захаваліся сімпатыі да Альберта, нягледзячы на ягоны аўтарытарызм. Паступова расчараваўшыся ў іншых палітыках, яны задумаліся: ці не выцягнуць з-за кратаў былога кіраўніка дзяржавы?
Можа, да такой думкі яны прыйшлі не самі па сабе. Шматлікія медыя-бізнесмены таксама абавязаныя сваім узлётам Альберта Фухіморы. Калі верыць іспанскай газеце "El Pais", яны інвеставалі шалёныя грошы ў кампанію Кейкі. Тое ж выданне сцвярджае, што нефармальна Кейку падтрымлівала наркамафія: былы сакратар Фухіморы знаходзіцца ў вышуку Дэпартамента ЗША па барацьбе з наркотыкамі.

Застаецца дадаць, што з’ява «fujimorismo» наўрад ці знікне пасля выбараў. «Народная сіла» — партыя Кейкі Фухіморы, — атрымала большасць у Кангрэсе (70 са 130 мандатаў) і, відавочна, будзе апаніраваць ініцыятывам Кучынскага, якому давядзецца шукаць з імі дыялог. Але і прыхільнікі Кучынскага, і партыя Фухіморы з’яўляюцца супернікамі розных мясцовых відаў папулісцкага сацыялізму, папулярнага ў суседзяў. Так што, пры ўсіх палітычных рознагалоссях, база для кааперацыі існуе.
Праўда, той самы Марыё Варгос Льёса лічыць, што «fujimorismo» гістарычна асуджаны. Занадта шмат рэсурсаў было ўкладзена ў праект дачкі Фухіморы, якая праваліла місію.
Цяперашняя параза Кейкі на прэзідэнцкіх выбарах, дарэчы, у другі раз запар — цяжкі маральны ўдар па яе палітычнай будучыні. Паводле пісьменніка, правал не можа не выклікаць разборак унутры інвестараў, расчаравання, і ў выніку — дэфрагментацыі ўсяго руху.
Увогуле, літаратар лічыць, што мы сталі сведкамі гістарычнай катастрофы такога палітычнага феномену, як папулізм. Пасля апошніх выбараў у Перу знішчана пагроза таго, што дзеці прэзідэнтаў будуць марыць пра ўладу, робячы стаўку выключна на імя бацькоў. Праўда, гэтая з’ява, як піша Льёса, тычыцца выключна Лацінскай Амерыкі.