ГКЧП па-амерыканску

Некаторыя амерыканцы жывуць у чаканні путчу ў Вашынгтоне.

 Фота www.planeta.press

Напэўна, апошні раз пра пагрозу ваеннага перавароту ў ЗША казалі яшчэ да Першай сусветнай вайны. У 1933 годзе генерал-маёр корпуса марской пяхоты ў адстаўцы Смедлі Батлер публічна заявіў, што група буйных бізнесменаў плануе стварыць падпольную праварадыкальную структуру ветэранаў з Батлерам у якасці лідара. Чальцамі арганізацыі будзе падрыхтаваны дзяржаўны пераварот, каб скінуць прэзідэнта Рузвельта. Да сігналу паставіліся сур’ёзна: у 1934 годзе Батлера нават выклікалі ў спецыяльны камітэт Палаты прадстаўнікоў, але па выніках слуханняў нікога да адказнасці не прыцягнулі.

Тэма магчымага перавароту ў Белым доме вярнулася ў амерыканскую палітычную дыскусію толькі ў кадэнцыю Трампа. Прычым, вярнуў яе сам амерыканскі прэзідэнт. Мінулай восенню Трамп кваліфікаваў спробу імпічменту з боку Палаты прадстаўнікоў як неканстытуцыйную «спробу перавароту».

З-за хаосу і паралюшу ўлады, якія выклікала эпідэмія COVID-19 і беспарадкі на падставе расізму, тэма перавароту ў Злучаных Штатах зноў набыла актуальнасць, але ў новым ракурсе. Апаненты Трампа ледзь не адкрытым тэкстам заклікаюць вайскоўцаў да канспірацыі. У канцы красавіка журналіст ліберальнага часопіса The New Yorker адкрыта задаўся ў Twitter пытаннем: «Ці не надышоў час для ваеннага перавароту?»

У гэтым лагеры нават паўстала дыскусія: наколькі этычны з пункту гледжання дэмакратыі пераварот супраць дэмакратычна абраных лідараў? У сувязі з гэтым вылучаецца гіпотэза «добрага перавароту» — перавароту, які можа спрыяць дэмакратыі шляхам выцяснення дыктатараў або аўтакратычных рэжымаў.

Фантазіі дэмакратаў наконт таго, што жаўнеры могуць зрынуць Трампа, будуюцца на шэрагу фактаў. Чаканне путчу, найперш, стымулявала нядаўняя тырада міністра абароны Марка Эспера, які заявіў, што ён і яго штаб не падтрымліваюць прымяненне «Закона аб паўстанні». На базе гэтага закона Трамп мог мабілізаваць федэральныя войскі для разгону пратэстаў. Такім чынам, у наяўнасці ёсць факт калектыўнага непадпарадкавання дзеючых вайскоўцаў і адмова выконваць загад прэзідэнта.

Дарэчы, жаданне Трампа пусціць у ход войскі супраць маніфестантаў дэмакраты тлумачаць таемным намерам гаранта арганізаваць свой путч. Калі ваенныя пачнуць наводзіць парадак, інцыдэнтаў не пазбегнуць. Гэта, маўляў, адразу дасць прэзідэнту фармальныя падставы настойваць на ўвядзенні надзвычайнага становішча і перадачы яму дыктатарскіх паўнамоцтваў. Выступ Трампа 13 чэрвеня ў ваеннай акадэміі Вест-Пойнт, у рамках якой ён паабяцаў Пентагону два трыльёны долараў, таксама разглядаюць у логіцы гэтай версіі.

Зрэшты, пакуль значна больш прыкмет таго, што Трамп і генералы не могуць знайсці агульнай мовы. Днямі іх адносіны яшчэ больш сапсавала праблема трактоўкі гістарычнай спадчыны. Аказваецца, у амерыканскай арміі хапае розных фарміраванняў, якія названыя ў гонар генералаў рабаўладальніцкай Канфедэрацыі. У кантэксце апошніх падзей Мінабароны пачалі пазбаўляцца ад «крывавага мінулага». 8 чэрвеня згаданы вышэй Эспер заявіў, што разглядае магчымасць перайменавання базаў, названых у гонар генералаў Канфедэрацыі. У адказ на гэта 10 чэрвеня Трамп напісаў у Twitter: «Мая адміністрацыя нават не стане разглядаць магчымасць перайменавання гэтых цудоўных, легендарных ваенных баз».

Вонкава ўсё выглядае так, што вось-вось па ўсіх амерыканскіх каналах будуць круціць «Лебядзінае возера». Аднак у шматлікіх экспертаў ёсць сумневы ў такім сцэнары. Нягледзячы на тэорыю «пазітыўнага перавароту», на медыя-дэманізацыю фігуры Трампа і яго курсу, ідэя ўмяшання ў грамадзянскую палітыку — табу для многіх вайскоўцаў. Пагроза змовы генералаў супраць дэмакратыі заўжды была адной з любімых тэмаў Галівуду. Дастаткова прыгадаць фільм «Сем дзён у траўні» рэжысёра Джона Франкенхаймера, які стаў асновай для мноства рымейкаў. З улікам гэтага і іншых фактараў паліталагічная кантора One Earth Future ацэньвае рызыку перавароту ў ЗША ў 2020 годзе ўсяго ў 0,39 працэнта.

Зрэшты, нават тыя, хто не верыць у пераварот, дапускаюць умяшанне вайскоўцаў у палітыку пасля прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе. Трамп або Байдэн могуць адмовіцца прызнаць вынікі галасавання і абвесцяць мабілізацыю сваіх прыхільнікаў супраць фальсіфікацый. Калі супрацьстаянне выйдзе ў гарачую фазу, магчымы так званы «балівійскі сцэнар». Мінулай восенню ў Балівіі пратэсты супраць фальсіфікацый выбараў прымусілі армію ўмяшацца і ўсталяваць пераходны рэжым.

З іншага боку, працэсам у Злучаных Штатах уласцівы такі дынамізм, што лістападаўскі крызіс можа пачацца ў любы момант. Брытанская Guardіan цытуе Мару Карлін, былую намесніцу міністра абароны ЗША па пытаннях стратэгіі і развіцця ўзброеных сілаў: «Высокапастаўленыя афіцэры ўзброеных сіл вядуць паміж сабою мноства па-сапраўднаму цяжкіх размоў датычна таго, што можа адбыцца ў наступныя шэсць месяцаў, якія загады яны могуць атрымаць і якія дзеянні будуць правільнымі ў тых абставінах». Каментар Мары Карлін апублікаваны ў артыкуле з характэрнай назвай: «А могуць і зрынуць».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: