«Хочаш жыць тут — стань казахам!»

У наступным годзе спаўняецца 95 гадоў абвяшчэння Казахскай АССР, якая з часам стала падмуркам незалежнай дзяржавы. Напярэдадні юбілею ў краіне гучаць заклікі цалкам разарваць з савецкай спадчынай.

Прычым, такія галасы гучаць на дастаткова высокім узроўні. Дэпутат парламенту ад партыі «Ак жол» Азат Перушаеў заклікаў змяніць назву краіны. Паводле Перуашаева, «згодна з досведам многіх краін, трэба называць рэспубліку па назве народа, які яе стварыў», і неабходна аднавіць гістарычную справядлівасць. «Афіцыйная назва “Рэспубліка Казахстан”, мабыць, недастаткова падкрэслівае гэты факт», — мяркуе дэпутат.

Па сутнасці, гутарка ідзе пра адмову ад канцэпцыі постсавецкай казахскай дзяржаўнасці, паводле якой ёсць казахі як этнас, а ёсць казахстанцы — усе грамадзяне дадзенай дзяржавы. Цяпер ідэалагічны каркас прапануецца змяніць. «Атрымліваецца, хочаш жыць тут — значыць, будзь казахам. Думаю, менавіта такі фокус збіраюцца наладзіць», — каментуе ініцыятыву парламентарыя адзін з мясцовых рускамоўных журналістаў.

Увогуле, Перушаеў трапіў у парламент па спісах партыі, што пазіцыянуе сябе як «апазіцыя» да курсу ўлады. Аднак гэта хутчэй, наадварот, гаворыць пра тое, што ён чалавек сістэмы. Усе існуючыя ў краіне зарэгістраваныя партыі, у тым ліку «Ак жол», — па сутнасці сімулякры, якія павінны выконваць дэкаратыўныя функцыі. Усе важныя заявы ўсе дэпутаты і партыйныя бонзы загадзя павінны ўзгадняць у адміністрацыі Елбасы.

Такім чынам, за Перушаевым стаць адміністрацыя Назарбаева. Адзінае пытанне: нашто ёй такі радыкальны крок? Дапускаюць шмат версій. Зандаж настрояў, пасланне нейкаму адрасату, спроба адцягнуць увагу электарату ад нейкай актуальнай праблемы. А магчыма, мы сталі сведкамі пачатку павароту краіны ў бок разводу з Масквой. Магчыма, у асяроддзі казахаў сапраўды канчаткова замацавалася думка пра непазбежнасць эвакуацыі з зоны рускамоўнага свету.

Такую думку падзяляе шмат назіральнікаў. Хаця руская мова дасюль пануе ў грамадскай сферы, ёсць прагноз — ужо для наступнага пакалення казахаў пераход на лацінку зробіць рускую мову чужой. Тым больш, што ў краіне даўно ідзе працэс татальнай дэрусіфікацыі і дэкамунізацыі тапанімікі — перайменавання абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і плошчаў.

Пакуль афіцыёз і вертыкаль ігнаруюць пражэкт Перушаева. Акумулятарам яго фантазій сталі рознага кшталту арыгіналы. Яны прапануюць памяняць не толькі назву краіны, аднак і дзеючую афіцыйную сімволіку — павесіць на сцяг краіны выяву паўмесяца, каб не адставаць ад іншых цюркскіх і мусульманскіх краін. Усходне-казахстанскі філіял усё той жа партыі «Ак жол» накіраваў губернатару ліст з прапановай перайменаваць абласны цэнтра Усць-Каменагорск у Кабанбай-батыр.

Таму не выключаецца, што ўлада намагаецца за кошт Перушаева стварыць лагер лаяльных да яе нацыяналістаў, якіх можа выкарыстаць у перспектыве. Такая перспектыва можа выглядаць як геапалітычная пераарыентацыя казахскай эліты на Кітай. Гэта справа не самая лёгкая, паколькі патрыёты не прабачылі Назарбаеву распродаж казахскіх земляў Кітаю. Паводле афіцыйных дадзеных, у перыяд з 1997 па 2003 гады Казахстан перадаў Кітаю 407 квадратных кіламетраў тэрыторыі. А паводле неафіцыйных дадзеных — не менш за 100 тысяч квадратных кіламетраў.

Яшчэ адна версія — у свядомасць насельніцтва за кошт кульбітаў ад Перушаева закладваецца думка, што адзіным гарантам міжнацыянальнай і палітычнай стабільнасці з’яўляецца клан Назарбаевых. Дарэчы, шмат хто ўзгадвае па­дзеі на Новы год у Карагандзе. Там падчас бойкі ў армянскай кавярні загінуў мясцовы жыхар, што справакавала ледзь не каўказскія пагромы. Урадавыя медыя, каментуючы інцыдэнт, паставілі аўдыторыю перад дылемай: або жудасныя нацыяналісты, або існуючая сістэма, якая не ідэальная, аднак гарантуе мір.

Адпаведна, у соцыуме ствараецца зручны эмацыйны фон для нейкай буйной дзяржаўнай акцыі. Лічыцца, што такой акцыяй могуць стаць пазатэрміновыя выбары прэзідэнта. Пераможцам на іх будзе дачка гаранта Дарыга Назарбаева (яна, дарэчы, публічна крытыкуе ідэю адмовы ад рускай мовы). Дарыга, у сваю чаргу, павінна стаць «рэгентам» унукаў Назарбаева, адзін з якіх з часам атрымае прэзідэнцкую пасаду.

Так гэта ці не — цяжка сказаць. Між тым, каментуючы апісаны сцэнар, прэса ўзгадвае планы Януковіча застацца прэзідэнтам Украіны, які палохаў грамадства пагрозай з боку нацыяналістаў. Чым скончылася для Януковіча тая камбінацыя, ведае кожны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!