Год для Германіі

У Берліне задумаліся наконт таго, каб абавязаць маладых людзей (пакуль добраахвотна) праходзіць год працоўнай службы. Паколькі тэма працоўнага абавязку была адной з любімых фішак Гітлера, ініцыятыва лагічна выклікала гарачую дыскусію.

 Фота www.abi.unicum.de


Ініцыятарам праекту «Dein Jahr für Deutschland» (Твой год для Германіі) было Міністэрства абароны на чале з Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якая раней ледзь не стала пераемніцай Меркель. Напэўна, гэта ў чымсьці лагічна, паколькі ідэя пра тое, што моладзь павінна аддаць дзяржаве доўг у выглядзе праходжання нейкай службы ад пачатку была звязана з войскам. Немцы, нагадаем, запазычылі прызыўную сістэму ў французаў у часы напалеонаўскіх войнаў.

Праўда, у 2011 годзе ад пастулату доўгу перад радзімай адмовіліся на карысць прафесійнага войска. Як сцвярджалі спецыялісты, прызыўная сістэма аказалася бессэнсоўнай у ваенных адносінах, і нават стала перашкодай для мадэрнізацыі Бундэсвера.

Што тычыцца працоўнай павіннасці, то гэтая тэма пачала мусіравацца ў часы Веймарскай рэспублікі, якая, згодна з Версальскай дамовай, не мела права на паўнавартасную армію. Адпаведна, тады не дасылалі позваў у ваенкаматы. Правыя партыі, што марылі пра адраджэнне войска, прыдумалі эрзац нармальнай арміі ў выглядзе працоўнага варыянту. Яшчэ да прыходу нацыстаў да ўлады, у 1931 годзе ўрад Брунінга ўвёў добраахвотную працоўную службу. Лічыцца, што на гэты крок міністраў натхніў вопыт Балгарыі, 30 працэнтаў насельніцтва якой былі занятыя ў працоўнай арміі.

З прыходам да ўлады Гітлера добраахвотная служба хутка стала абавязковай. Адпаведнае распараджэнне Гітлер аддаў 1 траўня 1933 года, выступаючы на мітынгу. Як сказаў тады аратар, «выкананне ручной працы дазваляе ўмацаваць згуртаванасць нямецкага народа». Неўзабаве ўнутры дзяржапарату паўстаў дэпартамент «Імперская служба працы». Спачатку туды заганялі толькі юнакоў, але неўзабаве надышла чарга і дзяўчат.

Закон ад 26 чэрвеня 1935 года абвяшчаў працоўную павіннасць абавязковай для ўсіх грамадзян Германіі ва ўзросце ад 19 да 25 гадоў. Два разы на год усе маладыя немцы (агульнай колькасцю да 200 тысяч чалавек) накіроўваліся працаваць у асноўным на сельскагаспадарчыя работы. На працягу шасці месяцаў мужчыны працавалі на фермах і палях, а жанчыны дапамагалі па гаспадарцы. Папярэдняя прафесія значэння не мела.

Функцыянавала апісаная мадэль да 1945 года, пакуль Рэйх не разагналі саюзнікі. Зрэшты, нейкія падобныя элементы можна знайсці ў працы ведамства «Служба для Германіі», якая дзейнічала ў ГДР з 1952 года. Паводле статуту, яна працаўладкоўвала «добраахвотнікаў» дапамагаць народнай гаспадарцы. Праўда, з-за неэфектыўнасці доўга тая служба не праіснавала.

І вось старая тэма вяртаецца, прычым у тым жа знаёмым лексіконе. Паводле аўтараў «Dein Jahr für Deutschland», працоўная служба неабходна моладзі, каб звязваць сябе з дзяржавай, інтэгравацца ў грамадзянскую супольнасць і гэтак далей.

Не дзіўна, што нямецкая пацыфісцкая грамадскасць адразу ж падняла гучны енк. Калі верыць яе спікерам, гаворка ідзе пра спробы пераасэнсаваць прынятую ў ФРГ антынацысцкую дактрыну гісторыі, рэанімаваць старую ідэю ў новых умовах. «Той факт, што замест старога тэрміна “служба” выкарыстоўваецца азначэнне “сэрвіс”, не абяцае нічога добрага. Што добрага ў тым, каб служыць дзяржаве, даючы Германіі адзін год? Калі мэта палягае ў тым, каб быць салідарнымі адзін з адным, дапамагаць адзін аднаму і рабіць нешта для іншых, тады працоўная служба не патрэбная», — піша левая Junge Welt. Самыя жвавыя публіцысты падазраюць, што «Dein Jahr für Deutschland» прыдумалі, каб прагнаць праз яе ўсіх маладых імігрантаў. Агульнае пражыванне ў казармах і праца з аднагодкамі-немцамі, маўляў, дапамогуць узмацніць іх нямецкую ідэнтычнасць.

Апаненты пацыфістаў спрабуюць пераканаць бюргераў, што падставы для праекта значна больш банальныя. Для функцыянавання Бундэсвера патрэбныя не толькі салдаты, але і адмысловы сектар, які адказвае за іх забеспячэнне, інфраструктуру і гэтак далей. Раней гэтую функцыю за кошт бюджэту міністэрства выконвалі нанятыя грамадзянскія асобы і фірмы-падрадчыкі. Цяпер, для эканоміі, вырашылі прыцягнуць танную сілу ў выглядзе маладых людзей, якія будуць праходзіць працоўны абавязак.

Падобна, Германія сапраўды задумалася наконт сваёй абароны. Днямі ваенны камісар Бундэстагу сацыял-дэмакратка Ева Хогла наогул прапанавала аднавіць прызыў на ваенную службу. Прапанова была аргументавана тым, што ў прафесійнай арміі хутчэй распаўсюджваецца правы экстрэмізм. Сапраўды, у апошні час адбыліся некалькі рэзанансных скандалаў пра існаванне ў казармах Бундэнсверу падпольных сетак правых радыкалаў. А чальцы адной з такіх груповак, як паказваюць матэрыялы следства, нават планавалі ваенны пераварот з сінхронным фізічным знішчэннем цяперашняй палітычнай эліты ФРГ.

Аднак вельмі сумніўна, што прызыў на ваенную службу дапаможа вырашыць праблему правага экстрэмізму. А вось спрыяць фарміраванню арміі Еўрасаюза, пра якую шмат гавораць на фоне крызісу адносін са Злучанымі Штатамі, рэформа Евы Хогла сапраўды здольная.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: