Год пратэстаў. Погляд замежных медыя

Наўрад ці нехта год таму нават мог дапусціць думку, што праз год прэзідэнцкія выбары 2020-га года застануцца актуальнай тэмай для самых перадавых сусветных СМІ.

LeMonde, Wyborcza, Wall Street Journal і іншыя медыя-гранды на гэтым тыдні згадваюць хроніку пратэстаў, спрабуюць аналізаваць беларускі палітычны працэс і, натуральна, спрагназаваць перспектыву.

Напрыклад, нямецкая Tageszeitung, як і некаторыя беларускія медыя, лічыць, што трыгерам выступаў была эпідэмія каронавіруса. З той розніцай, што, паводле нямецкіх журналістаў, яна выклікала ў беларусаў не істэрыю (версія ўлады), а канкрэтнае пачуццё: «Рэжым не можа гарантаваць людзям бяспеку». Пасля гэтага, як адзначае выданне, «рэпутацыя ўлады была сапсаваная. Шырокія пласты насельніцтва ахапілі пратэставыя настроі і надзеі на перамены».

Зрэшты, ёсць і іншая версія, якая прапануе разглядаць беларускую рэвалюцыю лагічным вынікам трансфармацый у грамадстве, фарміравання грамадзянскай супольнасці. «У гарадской культуры Беларусі паўсталі непадкантрольныя ўладзе нефармальныя сеткі камунікацый. Праходзілі працэсы, нечым падобныя да перабудовы — інтэлігенцыя ўнутрана рыхтавалася здрадзіць кіраўніцтву, каб самой стаць кіраўніцтвам», — піша расійскае выданне Ukraina.ru.

Гучыць і думка пра тое, што да нашай рэвалюцыі прывяла прагнасць чыноўнікаў. «Замест таго, каб правесці звычайныя маніпулятыўныя выбары і даць выплюхнуць негатыўную энергію з дапамогай кіраванай абоймы кандыдатаў, вырашылі зэканоміць і правесці выбары па-старому, дапусціўшы да выбараў крытыка», — тлумачыць генезіс жнівеньскіх пратэстаў 2020-га выданне «Знак».

Чаму пратэсты атрымалася лакалізаваць? Галоўным чынам у медыя пішуць пра два фактары. The Wall Street Journal (ЗША): «Лукашэнка ўтрымаўся за кошт лаяльнасці сілавога апарату. Ён па-ранейшаму карыстаецца падтрымкай магутных і ўплывовых службаў бяспекі». Украінская Gazeta.ua: «Важнай была і падтрымка расійскага аўтакрата Пуціна на піку пратэстаў. Пасля гэтага карныя сілы бяспекі разгарнулі агрэсіўную кампанію запалохвання апанентаў рэжыму».

Le Monde у артыкуле з характэрнай назвай «Беларускі рэжым — ганьба Еўропы» наогул заяўляе, што рэжым у РБ выжыў выключна дзякуючы ФСБ, «якая аказвае неацэнную дапамогу свайму партнёру ў Мінску, беларускаму КДБ».

Але некаторыя СМІ знаходзяць іншыя прычыны. «У Мінску добра вывучылі вопыт украінскага Майдану. Беларускія ўлады змаглі не дапусціць галоўнага — стварэння сталага ачага пратэстаў, як у Кіеве, дзе майданаўцы па-сутнасці захапілі галоўную плошчу краіны. Пасля чаго іх падаўленне скончылася б вельмі вялікай крывёю, што скоўвала сілавікоў» (Strana ua).

А вось у Маскве кажуць, што фактар Крамля пераацэнены. Напрыклад, у каментары «Весткі. ФМ» гаворыцца, што пратэст страціў дынаміку з-за адсутнасці яркага лідара, які меў рашучасць і харызму. Таксама адзначаюць, што апазіцыя не высунула выразнай праграмы наконт таго, што збіраецца рабіць у выпадку перамогі.

Зрэшты, прызнаецца, шмат што змянілася. Перш за ўсё ў жніўні 2020-га нарадзілася і надзея на перамены, якая, нягледзячы на рэпрэсіі, дасюль не знікла. Пра гэта піша той жа Tageszeitung, што заканчвае артыкул фразай: «Беларусь жыве! Беларусь будзе вольнай!»

Праўда, час, калі пачнуцца перамены, не ведае ніхто. «Рэжым у Беларусі зайшоў так далёка, што шанцаў на рэальны дыялог не засталося, для яго няма ўмоў. Мы можам хіба што чакаць толькі нейкага новага сур’ёзнага крызісу на міжнароднай арэне, ператасоўкі, якая дазволіць вырваць Мінск з арбіты ўплываў Масквы. Гэта можа адбыцца праз некалькі гадоў або некалькі дзясяткаў гадоў», — сумна канстатуе польская Gazeta.pl, прапануючы сканцэнтравацца на фарміраванні кадравага рэзерву для будучай беларускай адміністрацыі.

Карыстаецца папулярнасцю думка, што беларускі вузел можа дапамагчы развязаць Пуцін, які, як прызнае Le Monde, трымае ў сваіх руках ключ да вызначэння лёсу Лукашэнкі.

Маўляў, адным з галоўных вынікаў пратэсту ў Беларусі стала ўмацаванне саюза Масквы і Мінска. І, адпаведна, рост залежнасці Беларусі ад Расіі. Пры гэтым у Маскве неаднаразова заяўлялі, што падтрымліваюць працэс унясення змяненняў у Канстытуцыю, па якіх бы абмяжоўваліся паўнамоцтвы прэзідэнта. Гэта значыць, як піша ўкраінская прэса, што ў атачэнні Пуціна фактычна рыхтуюць нейкі «трансфер улады ў Беларусі». Зрэшты, тая ж прэса канстатуе, што «працэс гэты ў Крамлі не педалююць».

Арыгінальны, аднак варты таго, каб яго ўзгадаць, погляд мае расійска-ўкраінскі палітолаг Уладзімір Ішчанка. Ён звяртае ўвагу на тое, што ў беларускай наменклатуры засталіся кадры, якія раней так ці інакш падтрымлівалі еўрапейскі азімут. Па ходзе ўзмацнення кааперацыі з Расіяй у Крамлі дакладна паставяць пытанне: што ў беларускай адміністрацыі робяць гэтыя людзі? Таму не выключаны нейкі бунт з боку гэтай фракцыі чыноўнікаў.

Зрэшты, некаторыя адзначаюць: катэгарычна казаць, што сітуацыя ў Беларусі цалкам стабілізавалася, напэўна, усё ж рана. Захад спадзяецца, што ўведзеныя санкцыі адмоўна паўплываюць на эканоміку і прыбыткі насельніцтва, што, у сваю чаргу, выкліча незадаволенасць — і, адпаведна, прымусіць нашых чыноўнікаў шукаць кампрамісы з Захадам і апазіцыяй. Спікеры адміністрацыі ж кажуць, што размова на мове санкцый не мае сэнсу, паколькі за намі стаяць Масква і Пекін. Таму можна пагадзіцца з украінскім выданне Strana.ua: «Цяпер ключавое пытанне — ці хопіць у рэжыму рэсурсаў на ўтрыманне сітуацыі і захаванне хоць бы існуючага ўзроўню заробкаў і пенсій».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: