Гоячы раны гібрыднай вайны

Стрэлы, выбухі і подых смерці на кожным кроку адгукаюцца рэхам далёка за лініяй фронту і ламаюць не толькі целы, але і псіхіку ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Гэтыя траўмы нябачныя, але адбіваюцца на жыцці людзей і грамадства не менш за фізічныя. Хто іх загоіць?

Бліжэйшы прыклад — вайсковы канфлікт ва Украіне. Мы прывыклі чытаць пра забітых і параненых байцоў, але ўдзельнікі вайны, нават калі застаюцца некранутымі фізічна, атрымліваюць псіхічныя траўмы.

Тое, што на пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе ўкраінская армія была не ў лепшым стане — справа вядомая. Але ў такім жа стане былі і службы псіхалагічнай дапамогі байцам. Вяртаючыся з фронту людзі не маглі адаптавацца да мірнага жыцця. Гэтаму перашкаджалі не толькі псіхалагічныя, але і сацыяльныя і бюракратычныя фактары. Нават першыя ільготы ўдзельнікам АТА былі дадзеныя толькі ў жніўні 2014 года — праз 4 месяцы пасля пачатку канфлікту.

Доўгі час дзяржава не прызнавала большасць тых, хто вярнуўся з фронту, ветэранамі баявых дзеянняў, што яшчэ больш ускладняла сацыяльную адаптацыю. Газеты пачалі поўніцца загалоўкамі: «Ветэран АТА забіў...»; «Ветэран АТА затрыманы...». Сітуацыя пачала змяняцца да лепшага толькі тады, калі пра праблему пачалі казаць грамадскія актывісты і СМІ — традыцыйна моцныя ва Украіне.

Ад пачатку гібрыднай вайны ва Украіне з’явілася мноства арганізацый і людзей, што ставілі сваёй мэтай псіхалагічную дапамогу байцам. Аднак не ўсе яны аказвалі сапраўды сумленную і прафесійную дапамогу. Расказвае дырэктар грамадзянскай арганізацыі «Пабрацім» Арцём Дзянісаў:

— Здараліся выпадкі, калі баец прыходзіў да псіхолага, а першае, што той яму казаў — не «прывітанне», не «як вас завуць», а «як даўно вы зразумелі, што хворы»? Зразумела, да такога псіхолага ўжо другі раз чалавек не прыходзіў. Больш за тое, заставаліся забабоны ў дачыненні да ўсіх псіхолагаў.

Падобна было і з фінансаваннем. Спачатку жадаючых дапамагчы фінансава было вельмі шмат: і дыяспары, і іншаземныя НДА, і ўрады заходніх краінаў. Але з часам паток фінансавання знізіўся. Зараз удзельнікі «Пабраціма», па іх словах, вымушаныя шукаць грошы пад кожны асобны праект, што займае процьму часу і высілкаў — асабліва калі сутыкаешся з нядобрасумленнымі фундатарамі:

— Бывае, што дамовіўся з донарам, ён ухваліў твой праект, а потым у апошні момант кажа – «грошай мы вам не дамо». А ў цябе людзі, якім ты паабяцаў... — расказвае адна з арганізатарак «Пабраціма», Івона Косціна.

Арганізатары праекту зрабілі стаўку на тое, каб падрыхтаваць саміх АТАшнікаў для аказання дапамогі сваім таварышам па службе. Такім чынам адбываецца памнажэнне ведаў і навыкаў, а людзі пазбягаюць кола залежнасці ад спецыялістаў.

— За час сваёй працы «Пабрацімы» правялі трэнінгі для пераадолення баявога шоку, траўмы і папярэджання посттраўматычнага стрэсавага разладу амаль для ста чалавек — гэтыя людзі самі могуць праводзіць трэнінгі і дапамагаць іншым. На нашых лекцыях пабывалі каля 3500 слухачоў, — кажа Івона.

Яна адзначае, што паток людзей са спадам інтэнсіўнасці вайны на Данбасе не зменшыўся.

— Сфера ветэранскіх спраў адрозніваецца неабходнасцю доўгатэрміновага планавання. Немагчыма задаволіць патрэбнасць ва ўсіх паслугах за адзін год. У сусветнай практыцы ветэраны звяртаюцца за тымі ці іншымі паслугамі і праз 15-20 год пасля заканчэння службы.

Па тым жа шляху вырашыў пайсці і іншы праект — франшыза «Veterano», якую стварыў ветэран АТА за ўласныя сродкі. Спачатку планавалася адкрыць шэраг піцэрыяў, але цяпер пад гэтай назвай дзейнічае сетка кавярняў, кандытарскіх і таксовак, дрэваапрацоўчая майстэрня, а таксама адмысловы сайт, дзе прасоўваюцца бізнес-праекты іншых ветэранаў па ўсёй Украіне. Да 70% іхных супрацоўнікаў — былыя ўдзельнікі АТА.
Арцем і Івона

Арцем і Івона


Ідэя праекту не толькі ў тым, каб забяспечыць ветэранаў сродкамі да існавання, але і сацыялізаваць іх, дапамагчы вярнуцца да жыцця ў грамадстве і пазбегнуць мноства псіхалагічных сімптомаў, якія падсцерагаюць людзей, што прайшлі праз экстрэмальныя сітуацыі.

Назіраючы за высілкамі грамадскасці ў галіне ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі напрошваецца вынік: па канстытуцыі і статуту, вайскоўцы абараняюць дзяржаву. Аднак калі справа даходзіць да абароны саміх вайскоўцаў у штодзённым жыцці, першы, хто прыходзіць ім на дапамогу — гэта іншыя грамадзяне.

«Пабрацімы», па словах Івоны, на падтрымку дзяржавы таксама не вельмі разлічваюць:

— Мы працуем у грамадзянскім сектары і не імкнемся да працы з дзяржаўнымі органамі. Для нас важна мець дыялог з дзяржавай, але ў даванні паслугаў мы хочам заставацца незалежнымі.

Грамадзянская супольнасць можа зрабіць тое, на што няздольная бюракратыя і вертыкальныя сістэмы. Калі-небудзь гэты факт усвядомяць і беларусы: ніткі сацыяльнай рэчаіснасці — у нашых руках. І што з іх спрадзецца, залежыць толькі ад нас саміх.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: