Грамадзянам Кітая забаранілі ўезд у Расію

Расійскі прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін падпісаў распараджэнне, якое часова забараняе грамадзянам Кітая ўязджаць у Расію. Пра гэта паведамілі ў аператыўным штабе па барацьбе з каронавірусам, які ўзначальвае віцэ-прэм'ер Расіі Таццяна Голікава.
Фота: Андрэй Любімаў / РБК

Фота: Андрэй Любімаў / РБК

З 19 лютага прыпынена афармленне запрашэнняў у Расію для грамадзян Кітая, забарона на ўезд пачне дзейнічаць з 20 лютага. Яна закране паездкі ў мэтах турызму, працы і вучобы, а таксама ў асабістых мэтах. Транзітных пасажыраў абмежаванні не закрануць.

Паводле паведамлення аператыўнага штаба, забарона на ўезд для кітайцаў уведзеная «ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі ў КНР і няспынным прыбыццём на тэрыторыю РФ грамадзян КНР».

Распаўсюджванне новай каронавіруснай інфекцыі пачалося ў снежні. Паводле апошніх звестак, ва ўсім свеце ёю заразіліся больш за 73 тысячы чалавек (з іх больш за 72 тысячы — у Кітаі). Памерлі не менш 1868 чалавек.

Сярод заражаных каронавірусам двое грамадзян Расіі. Яны захварэлі, знаходзячыся на круізным лайнеры «Дайманд Прынсэс». Ён трапіў пад двухтыднёвы каранцін у Японіі пасля таго, як у пасажыра з Ганконга выявілі вірус.

Раней для барацьбы з каронавірусам Расія часткова закрыла мяжу з Кітаем, спыніла чыгуначнае спалучэнне паміж дзвюма краінамі і абмежавала авіязносіны.

Паводле meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: