Грэцыя ўзбройваецца ў кантэксце канфлікту з Турцыяй

Афіны павялічаць колькасць арміі, закупяць знішчальнікі Dassault Rafale, верталёты і фрэгаты, заявіў грэчаскі прэм'ер. Канфлікт Грэцыі і Турцыі звязаны з магчымымі радовішчамі нафты і газу ў Міжземным моры.
Грэцыя мае намер папоўніць аснашчэнне свайго войска ў кантэксце абвастрэння адносін з Турцыяй. Гаворка ідзе аб набыцці ў Францыі 18 шматмэтавых знішчальнікаў Dassault Rafale, заявіў грэчаскі прэм'ер-міністр Кірыакас Міцатакіс у суботу, 12 верасня. Афіны таксама хочуць набыць верталёты і чатыры новых фрэгаты. А яшчэ чатыры караблі гэтага тыпу, выпушчаныя ў Германіі, пройдуць мадэрнізацыю. Акрамя таго, шэрагі ўзброеных сіл Грэцыі на працягу 5 гадоў папоўняць 15 000 навабранцаў.

Міністр узброеных сіл Францыі Фларанс Парлі вітала намер Афін. Гэта першая купля знішчальнікаў Dassault Rafale еўрапейскай дзяржавай.

Афіны не выключаюць прыцягненне Міжнароднага суда ААН

Паводзіны Турцыі "пагражаюць" усходнім межам Еўропы і "падрываюць" бяспеку ў рэгіёне, адзначыў Міцатакіс. Афіны гатовыя вырашыць рознагалоссі з Анкарой мірным шляхам, падкрэсліў ён. Аднак прэм'ер Грэцыі дапусціў прыцягненне Міжнароднага суда ААН, калі бакам не атрымаецца прыйсці да адзінай пазіцыі.

У сваю чаргу, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў грэчаскія ўлады ўстрымацца ад "памылковых дзеянняў". Турэцкі лідар таксама перасцярог ад "сваркі" з Турцыяй прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які 10 верасня заклікаў Анкару не перасякаць "чырвоныя лініі" ў канфлікце з Афінамі.

Прэтэнзіі Турцыі і Грэцыі на магчымыя радовішчы ў Міжземным моры

Канфлікт паміж Турцыяй і Грэцыяй не сціхае ўжо некалькі тыдняў, распалены з-за спрэчных раёнаў на ўсходзе Міжземнага мора. Абедзве дзяржавы прэтэндуюць на тэрыторыі з магчымымі радовішчамі нафты і газу. Еўрасаюз заклікае Турцыю спыніць геолагаразведачнае бурэнне ў спрэчных раёнах і пагражае санкцыямі. Аднак Анкара адмаўляецца ісці на саступкі.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: