Грузія: Разварот на поўнач

Упершыню пасля таго, як Грузія 15 гадоў таму абвясціла курс на інтэграцыю ў ЕС, у парламенце краіны з’явілася выразна антызаходняя і прарасійская палітычная сіла — «Альянс патрыётаў Грузіі».

На першы погляд, падстаў для асаблівых хваляванняў няма. У новым складзе парламента толькі 6 са 150 сябраў уваходзяць у фракцыю «Альянсу патрыётаў Грузіі». На знешнепалітычны курс краіны, і нават на палітычную дыскусію, «патрыёты» наўрад ці змогуць уплываць. Не кажучы пра тое, што ў ідэі еўраінтэграцыі ў Грузіі, як сведчыць статыстыка, застаецца моцная база падтрымкі (за гэта выступае 60–70 працэнтаў выбаршчыкаў).

Аднак сімвалічны капітал прарыву «Альянсу патрыётаў Грузіі» папросту велізарны. Справа не толькі ў тым, што гэта першы поспех еўраскептыкаў пасля таго, як празаходні курс быў абвешчаны нацыянальным выбарам грузінаў. «Альянс патрыётаў Грузіі» атрымаў мандаты на фоне катастрафічнага пройгрышу выбараў вядучай праеўрапейскай сілай — «Адзінага нацыянальнага руху».

І самае галоўнае — частка грузінаў аказалася гатовая галасаваць за прарасійскую сілу ўсяго пра 8 гадоў пасля грузінска-расійскай вайны ў жніўні 2008-га. Усё гэта дае падставы расійскім СМІ заявіць, што ў Грузіі пачаўся паварот на поўнач і разбурэнне празаходняга кансенсусу.

Каб пагадзіцца або, наадварот, аспрэчыць гэты тэзіс, патрэбны экскурс у гісторыю «Альянсу патрыётаў Грузіі». Каля яго вытокаў знаходзіўся саюз медыйнай кампаніі «Аб’ектыў» і грамадскага руху «Супраціў», які крытыкаваў рэжым Саакашвілі. Старшынёй новастворанага аб’яднання стаў Давід Тархан-Маўраві — прадстаўнік вядомага арыстакратычнага роду, інфарматык па адукацыі, зараз больш вядомы як знаўцы біблейскіх тэкстаў. Ролю генсека партыі выконвае Ірма Інашвілі, вядомая ў краіне журналістка. Менавіта Ірма дапамагла выявіць факты гвалту над зняволенымі ў Глданскай турме ў 2012 годзе. Іх агучванне стала ўверцюрай да масавых пратэстаў супраць Саакашвілі і правалу яго партыі на парламенцкіх выбарах 2012-га.

Першым выхадам на палітычную арэну для «Альянсу патрыётаў Грузіі» сталі муніцыпальныя выбары 2014-га, на якіх партыя някепска сябе зарэкамендавала, атрымаўшы сумарна 4,6 працэнта галасоў. Але самае галоўнае — яна атрымала права на дзяржаўнае фінансаванне. Поспех зрабіў раней малавядомы «Альянс патрыётаў Грузіі» прывабным у вачах дробных нацыяналістычных груповак, якія расчараваліся ў праекце «Грузінская мара», і напачатку чэрвеня гэтага года папоўнілі шэрагі патрыётаў. Сярод тых, хто прыйшоў у «Альянс патрыётаў Грузіі», і групоўка «Свабода» пад кіраўніцтвам Канстанціна Гамсахурдзіа — старэйшага сына экс-прэзідэнта Звіяда Гамсахурдзіа.


Хоць «Альянс патрыётаў Грузіі» і мае імідж антыеўрапейскай сілы, фішкай яго выбарчай прапаганды сталі антытурэцкія лозунгі. Лідары партыі ахвотна палохалі выбаршчыкаў магчымай экспансіяй турак, якія нібы спяць і бачаць, як эканамічна падпарадкаваць Грузію. Доказам наяўнасці ў туркаў агрэсіўных планаў былі факты імклівага пераходу жыхароў суседняй краіны ў грузінскае грамадзянства. Сёння ў Грузіі ўжо 30 тысяч грузін турэцкага паходжання.

Што да антыеўрапейскасці, дык яна выявілася ў патрабаванні перагляду дамовы пра зону вольнага гандлю з ЕС. Патрыёты выступаюць, перш за ўсё, за пашырэнне квот для грузінскіх тавараў на рынку еўрапейскіх краін. Акрамя таго, на іх думку, працэс далучэння Грузіі да NАТО занадта зацягнуўся. Сама тэма ўступлення ў NАТО ў грузін выклікае такое раздражненне, што лепш пакуль ад яго часова адмовіцца.

Адносіны з Расіяй «Альянс патрыётаў Грузіі» бачыць у ракурсе вяртання ў склад Грузіі абхазскіх і паўднёваасецінскіх тэрыторый. Як кажуць лідары патрыётаў, Масква будзе не супраць перадаць іх пад кантроль Тбілісі за доступ да грузінскіх партоў і ўдзел у кіраванні газатранспартнай сістэмай краіны.

Незвычайны пункт праграмы — фармаванне дзяржаўнага курсу, абапіраючыся на пропаведзі і выступы лідараў грузінскай праваслаўнай царквы. Такім чынам, лічаць патрыёты, можна выратавацца ад панавання сатаны. Жывой ілюстрацыяй таго, што д’ябал сапраўды існуе, у «Альянсе патрыётаў Грузіі» лічаць фігуру Міхаіла Саакашвілі, чыя ганарлівасць, на іх думку, выклікала праблемы для краіны і іншых людзей.

Грузінская прэса адзначае, што сакрэт папулярнасці «Альянсу патрыётаў» звязаны і з тым, што некаторыя лідары партыі некампетэнтныя і не вельмі адукаваныя. Перыядычна яны спрабуюць разважаць на нейкія сур’ёзныя глабальныя тэмы, чым выклікаюць смех у аўдыторыі. Іншымі словамі, мы назіраем эфект Жырыноўскага, калі палітыка ператвараецца ў забаўляльнае шоу.

Цяжка казаць, наколькі «Альянс патрыётаў Грузіі» сапраўды кантралюецца з Масквы. З аднаго боку, лідар партыі Давід Тархан-Маўраві сапраўды прызнае анексію Крыма і сцвярджае, што Украіна распалася. З іншага — у расійскіх СМІ не было ніводнага матэрыялу з рэкламай альянсу. Крамлёўскія медыя выдавалі кампліменты выключна на адрас Ніно Бурджанадзэ. У тым ліку, напэўна, таму, што тая цалкам кантралюе сваю структуру. З «Альянсам патрыётаў Грузіі», дзе рашэнні прымаюцца кулуарна, мець справу больш цяжка.

Але наяўнасць у дробнай партыі ўласнага каналу тэлебачання сведчыць пра руку спонсара. Таму пакуль большасць экспертаў схіляюцца да таго, што «Альянс патрыётаў Грузіі» — гэта ручная партыя «Грузінскай мары». Дарэчы, Давід Тархан-Маўраві ў часы кіравання Эдуарда Шэварнадзэ меў шчыльныя бізнес-адносіны з Бідзінам Іванішвілі — патронам «Грузінскай мары». А вось нашто Іванішвілі гэтыя патрыёты, адказу няма. Ёсць думка, што іх місія — агучваць з трыбуны заканадаўчага органа тое, што не могуць сабе дазволіць дэпутаты «Грузінскай мары». Напрыклад, выступаць за больш шчыльную кааперацыю з Расіяй. Іншыя кажуць, што задача «Альянсу патрыётаў Грузіі» — кантраляваць вернікаў, які ўсё часцей пачынаюць лезці ў палітыку. У любым выпадку, рашэнне наконт будучыні «Альянсу патрыётаў Грузіі» будзе прымацца ў самой Грузіі, а не ў Маскве.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: