Ноч Гая Фокса: ксенафобія захапіла Брытанію

Брытанія 5 лістапада адзначае свята, якое першапачаткова мела выразны антыкаталіцкі сэнс. Цяперашнія ўрачыстасці сталі нагодай, каб выказаць трывогу з-за рэнесансу антыкаталіцкіх настрояў.

 Фота www.youtube.com


Сама ідэя таго, што ў Брытаніі — мультыкультурнай свецкай дзяржаве — могуць гучаць антыкаталіцкія заклікі, падобная на трызненне. Лепшым прыкладам тут ёсць эвалюцыя свята 5 лістапада. Яно стыхійна паўстала ў 1605 годзе, калі стала вядома пра арышт групы каталікоў, якія планавалі ўзарваць будынак парламента з усімі прысутнымі там дэпутатамі і манархам. Лідара групы Гая Фокса затрымалі ледзь не ў апошні момант, каб пасля адправіць на шыбеніцу.

«Парахавая змова» — так увайшла апісаная падзея ў гісторыю — стала падставай для маштабнай антыкаталіцкай кампаніі. Каталіцызм быў у чарговы раз асуджаны як нейкая экстрэмісцкая секта, а ўсім каталіцкім святарам загадалі пакінуць Англію. Пазней спецыяльным актам «папістам» забаранілі займаць англійскі трон (дзейнасць дакумента скасавалі толькі ў 2013 годзе). У той час стала модным спісваць на каталікоў любы негатыў, кшталту арганізацыі вялікага пажару ў Лондане ў 1688 годзе. Каталікоў пазбавілі любых грамадзянскіх правоў.

Свята 5 лістапада адыгрывала важную ролю для падтрымкі ксенафобскага ўгару. Адным з рытуалаў свята быў здзек з каталіцкіх святых і спальванне пудзіла Папы Рымскага. З часам палітычны складнік свята стаў амаль не заўважным. Цяпер 5 лістапада — хутчэй сямейны фэст, падчас якога трэба запускаць феерверкі і паліць вогнішчы.

Змянілася і стаўленне да Гая Фокса. Паступова гэтую фігуру пачалі трактаваць так, як яна выяўленая ў коміксе «V — значыць вендэта» і яго экранізацыі. Там Гай Фокс выступае ў вобразе нейкага высакароднага рэвалюцыянера, які кідае выклік дыктатуры. Маска Гая Фокса ператварылася ў адзін з сімвалаў антыглабалісцкага руху. Паводле апытання ВВС, у 2010 годзе Гай Фокс заняў 22-е месца ў спісе самых вялікіх брытанцаў.

Відавочна, што перагляд канцэпту 5 лістапада не мог адбыцца без агульнай рэабілітацыі каталікоў у брытанскім грамадстве. Прыкладна да 1850 года яны атрымалі роўныя грамадзянскія і палітычныя правы з пратэстантамі, а ў брытанскую сталіцу прыехаў прадстаўнік Ватыкана. Праўда, антыкаталіцкія забабоны сярод англічан працягвалі мець масавы характар аж да Другой сусветнай. Пасля вайны яны захаваліся выключна ў Паўночнай Ірландыі — на глебе супрацьстаяння радыкалаў з каталіцкай і пратэстанцкай грамадаў. За межамі Белфаста гэта пытанне мала каго цікавіла. Каталікі ў свой час займалі такія высокія пасады, як дырэктар ВВС, сакратар кабінету міністраў, дэкан Оксфардскага ўніверсітэта… Экс-прэм’ер Тоні Блэр, пасля таго, як пакінуў Даўнінг-Стрыт, 10, прыняў каталіцызм.

І вось, калі верыць некаторым брытанскім СМІ, часы «Парахавой змовы» вяртаюцца. Усё часцей менеджары патрабуюць ад служачых-каталікоў не на­сіць на працы крыж. Усё часцей публічныя асобы дазваляюць сабе антыкаталіцкія заявы або жарты. Часам каталіцкія арганізацыі паспяваюць рэагаваць. Напрыклад, яны не прайшлі міма слоў Эндзі Кера, аднаго з лідараў лейбарысцкай партыі Шатландыі. На партыйнай канферэнцыі ён пажартаваў наконт дэлегатаў-каталікоў: маўляў, нельга патрабаваць праўды ад людзей, якія хрысцяцца. У выніку скандалу Кер выбачыўся.

Калі верыць брытанскаму часопісу «Prospect», супрацьстаянне каталікоў і пратэстантаў сёння таксама вяртаецца на вуліцы. У той жа Шатландыі падлеткі-пратэстанты часам атакуюць аднагодкаў з каталіцкіх кварталаў. На вачах узмацнілася рэлігійная ідэнтычнасць груповак футбольных фанатаў. Нагадаем, што шмат клубаў у Шатландыі — напрыклад, славуты «Celtic» з Глазга, — былі заснаваныя святарамі для развіцця чальцоў каталіцкай грамады.

Каталіцкія арганізацыі пага­джаюцца з тым, што выхадкі супраць «папістаў» — хутчэй, фрагмент больш маштабнай ксенафобскай хвалі, якая ахапіла брытанскае грамадства. Статыстыка антыкаталіцкіх праяў расце сінхронна росту антысемітызму або ісламафобіі. Пры гэтым каталікі не з’яўляюцца асноўнай мішэнню англічан-нацыяналістаў. Цяжка ўявіць, каб каталікоў параўноўвалі з рабаўнікамі банкаў. Такое параўнанне Борыс Джонсан, экс-дырэктар брытанскага МЗС, не так даўно зрабіў на адрас мусульманак, якія носяць бурку (традыцыйную ісламскую жаночую вопратку).

З іншага боку, нельга адмаўляць — патэнцыял для росту антыкаталіцкіх настрояў існуе. Працэс Brexit выклікаў абвастрэнне адносінаў Лондана з Шатландыяй і Паўночнай Ірландыяй, дзе шмат хто хоча застацца ў складзе ЕС. Падчас спрэчак стала актуальным пытанне: што такое Англія і хто такія англічане? Якія каштоўнасці ім уласцівыя, а якія не? Ці можа англійскі секулярызм, напрыклад, мірыцца з каталікамі, якія лічаць аборты злачынствам?

Аднак найбольшую пагрозу для каталікоў, напэўна, уяўляюць аматары Brexit. Лідары руху за выхад Брытаніі з ЕС усё часцей называюць Brexit «новай рэфармацыяй». Для іх Еўрасаюз — канспіралагічны праект каталікоў, да якіх належалі такія бацькі еўраінтэграцыі, як французы Жан Манэ і Робер Шуман, немец Конрад Адэнаўэр і іншыя. Нават у сцягу ЕС яны пабачылі падабенства са сцягам Святой Марыі.

Такі непрыемны трэнд, які, безумоўна, трошкі азмрочвае сапраўды вясёлае і народнае свята 5 лістапада.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць