Хто баіцца Ягора Летава?

Напачатку снежня скончыўся праект «Вялікія імёны Расіі», які вызначаў прозвішчы асобаў, чыімі імёнамі назавуць 47 аэрапортаў краіны. Як вядома, панк-музыка Ягору Летаў так і не стаў «чалавекам-аэрапортам». Здавалася, б чаму? Позні Летаў нядрэнна ўпісваецца ў «скрэпы» мадэлі Пуціна.

 Фота www.twitter.com


«Шляхам народнага галасавання вызначым імёны выбітных суайчыннікаў, чые імёны будуць нададзены буйным аэрапортам краіны!» — з такім заклікам у кастрычніку гэтага года звярнуліся да жыхароў Расіі шэраг грамадскіх патрыятычных арганізацый. Цікава, што пры гэтым патрыёты заклікалі раўняцца на амерыканцаў. Аказваецца, у ЗША каля 60 працэнтам аэрапортаў нададзеныя імёны гістарычных асобаў. Аналагічная сітуацыя і ў Еўропе: там імёны гістарычных персон носіць траціна паветраных гаваняў.

Паводле працэдуры, па выніках публічных абмеркаванняў у кожным рэгіёне фармаваўся свой спіс кандыдатаў. Пасля, па выніках сацыялагічных апытанняў, спіс скарачаўся да трох прэтэндэнтаў. У апошнім раўндзе любы жадаючы рознымі шляхамі (ад СМС да звычайнай папяровай анкеты) мог прагаласаваць за аднаго прадстаўніка з гэтай тройкі.

Кастынг імёнаў справакаваў ажыятаж. Апазіцыйная «Новая газета» нават пабачыла ў гэтым тэхналагічны прыём Крамля. Маўляў, «уся гісторыя з аэрапортамі і нязгодай з абранымі кандыдатурамі — вельмі зручны спосаб пераключыць увагу, канфліктны патэнцыял і незадаволенасць людзей з нейкіх непасрэдна важных для ўлады праблем на іншыя». Зрэшты, было і другое тлумачэнне: конкурс зацікавіў расіян, бо гэта — адзіныя больш-менш дэмакратычныя выбары ў краіне.

Аднак, падаецца, і тут не абышлося без махінацый. Дастаткова ўзгадаць, як у Калінінградзе супраць кандыдатуры Імануіла Канта мабілізавалі адмінрэсурс. Не менш феерычнай атрымалася гісторыя ў Омску, дзе ўзнікла ідэя ўвекавечыць у назве паветранай гавані свайго земляка, лідара гурта «Грамадзянская абарона» («ГрОб») Ягора Летава (1964–2008).

 Фота www.www.om1.ru



На першым этапе галасавання ў сацсетках Летаў быў абсалютным лідарам. Аднак у выніку ў шорт-ліст нечакана не трапіў. Афіцыйная прычына — падчас тэлефоннага сацапытання за Летава выказалася толькі 6% рэспандэнтаў. «Імя Летава не трапіла ў фінальны этап конкурсу, паколькі гэта цалкам адлюстроўвае меркаванне грамадскасці», — рэзюмавала нейкая омская чыноўніца.

У такую аргументацыю, напэўна, можна было паверыць, калі б не цікавая акалічнасць. Напярэдадні складання шорт-ліста фігуру Летава і яго прыхільнікаў атакавалі на самым высокім узроўні. Міністр культуры Уладзімір Мядзінскі назваў прыхільнікаў славутага музыканта «маргінальнай аўдыторыяй», а іх кампанію «хайпам». «Надаць аэрапорту імя Ягора Летава — усё роўна, што назваць горад пры жывым Пушкіне ў гонар паэта Баркова, што пісаў мацерныя вершы», — заявіў пракрамлёўскі журналіст Уладзімір Салаўёў.

Цяжка зразумець, чаму сучасная расійская ўлада баіцца Летава. Тым больш, што позні Летаў нядрэнна ўпісваецца ў «скрэпы» мадэлі Пуціна. У 1994 годзе Ягор Летаў стаў адным з сузаснавальнікаў Нацыянал-бальшавіцкай партыі Эдуарда Лімонава, якая актыўна ваявала за «рускі мір». Музыка заўсёды цураўся цмянасці ў палітычных пытаннях, аднак ані разу не быў заўважаны ў антысавецкіх ініцыятывах, і, хутчэй, нават рэкламаваў савецкую спадчыну ў сваіх песнях.

Найбольш простае тлумачэнне парадоксу — «рожей не вышел». Відавочна, у крамлёўскай адміністрацыі, якая задумала конкурс, спадзяваліся, што мапа краіны ў выніку пакрыецца імёнамі больш-менш правільных людзей: палкаводцаў, палітыкаў, культурных дзеячаў. Каб без усялякіх двухсэнсоўнасцяў і небяспечнага вальнадумства. А тут раптам… нейкі Летаў!

Мажліва, улада спалохалася, што аэрапорт імя Летава толькі акрыліць яго прыхільнікаў, якія адразу будуць патрабаваць большага. Сапраўды, у гэтым асяроддзі ішлі дэбаты, што аб’ект, названы ў гонар Летава, павінен мець і адпаведны ўнутраны антураж. «Унутры (аэрапорта) усе павінны сядзець на крэслах-мяшках, паліць і кідаць на падлогу попел, у кавярнях павінна быць выключна гарэлка, партвейн і бутэрброды па самых дэмакратычных коштах», — марылі фанаты Летава на сваіх інтэрнэт-форумах.

Нарэшце, вядомы музычны крытык Арцемій Троіцкі нагадаў, што стыль «панк» у апошні час актыўна палітызуецца. «Мяркуючы па ўсім, характэрная для «старых» панкаў алкагольна-сексуальная тэматыка адышла ў нябыт, а на парадку дня стаяць сацыяльныя і палітычныя пытанні», — піша Троіцкі. Ён таксама лічыць, што «пратэстныя падзеі 2010–2012 гадоў і ваенны канфлікт ва Украіне далі штуршок новаму пакаленню расійскага панку і пост-панку, якія сталі сёння, бадай, самай дынамічнай часткай айчыннай рок-музыкі». З гэтага можна зрабіць выснову, што ў Крамлі пабаяліся папулярызацыі стылю, што ўтрымлівае выразна нелаяльны падтэкст.

У любым выпадку, проста так замяць скандал улада не здолела. Каб супакоіць незадаволенасць у сеціве наконт махінацый на конкурсе, уладальніку прыватнага аэрадрома ў Омскай вобласці дазволілі назваць яго ў гонар лідара «Грамадзянскай абароны». Адначасова яраслаўскі навуковец назваў імем Летава адзін з відаў жукоў.

Мараль гэтай гісторыі адна: «Летаў жыў! Летаў жывы! Летаў будзе жыць!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!