Хто стане прэзідэнтам ЗША, і што гэта значыць для Беларусі

Чым скончыліся нядаўнія выбары прэзідэнта ЗША? Перамогай Джо Байдэна/Камалы Харыс — адкажа кожны, хто больш-менш сочыць за сусветнымі навінамі. Але рэальнасць насамрэч крыху больш складаная.

Джо Байдэн. Фота AP.

Джо Байдэн. Фота AP.

Напярэдадні выбараў, што адбыліся 3 лістапада, у грамадстве краіны склалася даволі напружаная сітуацыя. За апошнія 5-10 гадоў амерыканскае грамадства моцна палярызавалася, і прэзідэнтства Дональда Трампа толькі ўзмацніла гэты працэс. Ён з самага пачатку не хаваў, што будзе прэзідэнтам у першую чаргу для тых, хто за яго галасаваў — рэспубліканцаў. Дэмакраты, са свайго боку, супрацоўнічаць з Трампам таксама не збіраліся. Пасля парламенцкіх выбараў-2018 яны вярнулі сабе кантроль над Палатай прадстаўнікоў і, як толькі той даў падставу, распачалі працэдуру імпічмента прэзідэнта.

Скончыўся працэс, праўда, безвынікова — кантралюемы рэспубліканцамі Сенат апраўдаў кіраўніка краіны. Здаецца, што ўсе гэта здарылася даўно, але на самой справе Сенат галасаваў па імпічменту не далей як у пачатку гэтага году.

А потым прыйшоў кавід. Тут погляды на праблему таксама разышліся. Трамп і рэспубліканцы ў асноўным ставіліся да хваробы меньш сур’езна, чым дэмакраты. Да пачатку эпідэміі галоўнай картай у калодзе Трампа была моцная эканоміка, таму ён хацеў як мага хутчэй «адчыніць» краіну. Шматлікія яго прыхільнікі лічылі вірус несапраўдным і выдуманым. Дэмакраты у асноўным меркавалі па-ішаму — яны падтрымлівалі карантынныя меры і масачны рэжым.

Асноўныя адрозненні прыхільнікаў дзвюх партый былі надзейна замацаваныя амерыканскімі медыя і асабліва сацыяльнымі сеткамі. У выніку грамадзяне краіны бачылі прадстаўнікоў другога боку нібыта людзьмі з іншай планеты.

Для рэспубліканцаў дэмакраты выглядалі, як радыкальныя сацыялісты, якія падтрымліваюць высокія налогі, бясплатную медыцыну і разгромы гарадоў прыхільнікамі руха БЛМ (BLM: black lives matter — «жыццё чорнаскурых мае значэнне»). Галоўная іх мэта — улада, і яны гатовыя на фальсіфікацыю выбараў, а калі гэта не спрацуе, то і на «каляровую» рэвалюцыю рукамі тых жа БЛМ ды анціфа.

У сваю чаргу, дэмакраты бачылі рэспубліканцаў адданымі прыхільнікамі «фашыста»-Трампа, якія валодаюць шматлікай зброяй, не вераць у глабальнае пацяпленне і хочуць адправіць усіх імігрантаў назад у свае краіны. Галоўная іх мэта — таксама ўлада, якую аддаваць яны не збіраюцца. Калі Трамп адмовіцца зыходзіць, нават калі прайграе выбары, мільёны яго падтрымаюць.    

Некаторыя з гэтых стэрыатыпаў узніклі не на пустым месцы і маюць пад сабой глебу, але выснова тут адна — амерыканскае грамадства падыйшло да выбараў расколатым.

Шмат хто быў упэўнены, што пасля галасавання пачнуцца беспарадкі і гвалт. Напрыклад, у цэнтры Нью-Ёрку некаторыя крамы закалацілі вітрыны дошкамі. У такой атмасферы надыйшоў аўторак 3 лістапада. Кожны з бакоў спадзяваўся на ўпэўненую перамогу, каб у праціўнікаў было меньш падстаў для непрыняцця вынікаў. Пазіцыі дэмакратаў выглядалі мацней — ва ўсіх апытанках напярэдадні выбараў Байдэн меў адчувальную перавагу. Але ў рэальнасці вынікі атрымаліся вельмі хісткімі.

Лічбы галасоў па краіне мяняліся кожную гадзіну. Напачатку Трамп лідзіраваў у асноўных «swing» (тых, што вагаюцца) штатах. Вядома, што ў ЗША прэзідэнта выбіраюць не наўпрост, а праз так званую калегію выбаршчыкаў. Калькасць выбаршчыкаў залежыць ад велічыні насельніцтва штата. Каб стаць прэзідэнтам трэба набраць 270 галасоў. Прычым калі за кандыдата прагаласавала простая большасць насельніцтва штата, ён атрымлівае ўсіх яго выбаршчыкаў. З-за такой сістэмы ўсё звычайна вырашаецца толькі ў некалькіх суб’ектах краіны — тых, якія вагаюцца паміж дзвюма партыямі падчас выбараў у розныя гады.

Звычайна вынікі галасавання ў ЗША вядомы ў той жа дзень, але не ў гэты раз. З-за эпідэміі кавіда шмат бюлетэняў было адпраўлена па пошце. Прычым адразу было вядома, што бальшыня гэтых галасоў будзе за дэмакратаў — у іх было меньш жадання ісці на выбарчыя ўчасткі з-за вірусу. Таму, неглядзячы на первапачатковую перавагу Трампа, самыя важныя штаты сталі паступова афарбоўвацца ў сіні — колер дэмакратаў. Вісконсін, а потым Мічыган спачатку былі за Трампа, але потым адышлі Байдэну. Стала зразумела, што ўсё вырашыцца ў некалькіх штатах, якія працягвалі лічыць галасы, і дзе разрыў паміж кандыдатамі быў зусім невялікі — Пенсільванія, Арызона, Джорджыя.

Па розных прычынах працэс падліку ішоў марудна. Краіна застыла ў напружаным чаканні, але сітуацыя на вуліцах заставалася спакойнай. Беспарадкі, якіх чакалі, так і не пачаліся. Адбыліся некалькі маршаў, пад лозунгам «Лічыце ўсе галасы!», які ў прынцыпе падтрымлівалі ободва бакі.    

Канкрэтыка наступіла толькі праз некалькі дзён. У пазамінулую суботу буйнейшыя медыя ЗША абвесцілі, што Байдэн выйграе Пенсільванію, а значыць набярэ дастаткова галасоў выбаршчыкаў для агульнай перамогі. Звесткі прыйшлі каля 12 гадзін па ўсходнім часе. У Нью-Ёрку, дзе прыхільнікаў Байдэна нашмат больш, чым Трампа, быў цёплы восенскі дзень. Горад займаўся сваімі звычайнымі справамі, як раптоўна ўсё змянілася.

Адразу пасля таго, як агучылі навіны, машыны сталі масава сігналіць, а людзі выйшлі на вуліцы. Пачаліся песні, танцы. Хтосьці вынес патэльні і грымеў імі, хтосьці плакаў ад шчасця. У парках моладзь абдымалася, адчыняла віно і шампанскае.

Вядомыя палітыкі святкавалі разам са звычайнымі жыхарамі. У адной з зялёных зон Брукліна сабралася асабліва вялікая колькасць людзей. Неўзабаве туды прыехаў Чак Шумер — галоўны дэмакрат у Сенаце са штату Нью-Йорк. Ён хадзіў пасярод натоўпу з плакатам «Байдэн — Харыс» і спяваў простую песеньку, якая, адкрыта не згадваючы Трампа, скончвалася словамі: «Да пабачэння!» Нешта падобнае адбывалася і ў іншых кутках краіны. Амерыканскія прыхільнікі перамен зліліся ў адзіным эмацыйным парыве, святкуючы абраньне новага кіраўніка дзяржавы.  

Фота Іллі Куніцкага.

Тым часам стары прэзідэнт паразу не прызнаў. Трампу не першы раз ісці насуперак прынятым у амерыканскай палітыцы нормам. Тое самае ён зрабіў і зараз. Звычайна пасля абвяшчэння перамогі асноўнымі СМІ, прайграўшы кандыдат выступае з невялікай прамовай, віншуе пераможцу. Трамп гэтага не зрабіў на падставе таго, што галасы яшчэ лічыліся. Хаця на агульны вынік яны паўплываць ужо не маглі.

Больш таго, як і планавалася, рэспубліканцы абвінавацілі дэмакратаў у фальсіфікацыях. Каманда Трампа падала ў суд некалькі пазоваў у штатах, ў якіх яму трэба было перамагаць — Мічыгане, Джорджыі, Пенсільваніі. Быццам падчас галасавання былі зафіксаваны парушэнні з боку прыхільнікаў Байдэна. Насамрэч, афіцыйныя прадстаўнікі выбарчых камісій пацвердзілі, што фактаў масавых фальсіфікацый не было. Мясцовыя аналітыкі адзначаюць, што судовыя пазовы Трампа хутчэй за ўсё ніякага плёну яму не прынясуць. Амерыканскі народ выказаўся — Байдэн будзе новым прэзідэнтам.

Дональд Трамп. Фота AP.

За чатыры гады адміністрацыя Трампа не адзначылася асаблівай актыўнасцю ў міжнародных адносінах. Таму не дзіўна, што цікавасці да беларускіх спраў у Белым Доме амаль не было ні раней, ні ў апошнія некалькі месяцаў. Да таго ж, цяперашняя амерыканская адміністрацыя так і не пазбавілася рэпутацыі прарасейскай і таму не жадаючай умешвацца ў справы суседзяў Расіі. Пасля жнівеньскіх падзей Трамп толькі аднойчы згадаў Беларусь. Некалькі разоў крытычна выказаўся дзяржсакратар Майк Пампэа. З прыходам новага кіраўніцтва, аднак, сітуацыя можа змяніцца.

За апошнія некалькі месяцаў Джо Байдэн не аднойчы згадаў беларускія падзеі. Ён адразу падтрымаў Святлану Ціханоўскую і выказаў захапленьне беларускім народам. У афіцыйнай заяве на сваім сайце Байдэн адзначыў, што будзе супрацоўнічаць з еўрапейскімі партнёрамі, каб узмацніць ціск на існуючы беларускі рэжым. Час пакажа, ці адбудзецца гэта насамрэч, ці новыя адміністрацыя будзе занятая больш тэрміновымі амерыканскімі і сусветнымі справамі.

Абраны прэзідэнт павінен уступіць на сваю пасаду ў канцы студзеня-2021.        



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: