Хто аддаў Кітай камуністам?

Кітайская Народная Рэспубліка (КНР) адзначае сваю 70-ю гадавіну. А ў ЗША 70 гадоў упарта шукаюць адказ на пытанне: як амерыканцы і іх кітайскія саюзнікі ў 1949 годзе прымудрыліся аддаць краіну камуністам?

Фота www.asia.nikkei.com

Здавалася, нічога на момант заканчэння Другой сусветнай вайны не сведчыла пра тое, што Кітай хутка стане чырвоным. ЗША — асноўны рэгіянальны гулец, бачылі ў ролі кітайскага лідара выключна Чан Кайшы — генералісімуса і правадыра партыі Гаміньдан. Лічылася, што нацыяналісты (так называлі вайсковыя фармаванні Чан Кайшы) без асаблівых праблемаў запоўняць вакуум улады, які паўстане пасля сыходу з Паднябеснай японцаў. Фактар камуністычных атрадаў Маа ў дакументацыі Дзярждэпу амаль адсутнічаў.

Праўда, быў шэраг дыпламатаў, якія звярталі ўвагу на фенаменальную карумпаванасць апарату Гаміньдана, якая давала камуністам цудоўную глебу для агітацыі. Некаторыя з іх нават заклікалі тэрмінова наладзіць кантакты са штабам Маа, каб паспрабаваць пераарыентаваць яго з Масквы на Вашынгтон. Праўда, Рузвельт намагаўся не чуць падобных прапаноў.

Катастрафічнасць сітуацыі ў Злучаных Штатах зразумелі толькі напачатку 1949-а, калі Рузвельт ужо чатыры гады як памёр, а Народна-вызваленчая армія Кітая па чарзе знішчала асноўныя групоўкі Гаміньдана на кантыненце. Толькі ўвосень 1948 года за кароткі час былі разбітыя 52 дывізіі Чан Кайшы, а яшчэ 26 дывізій, навучаных ваеннымі інструктарамі ЗША, перайшлі на бок Маа.

Шок, паніка, разгубленасць, паранойя… Напэўна, такімі словамі можна апісаць рэакцыю амерыканскай эліты на навіны з Кітая. Адзін з сучаснікаў наступным чынам апісваў пачуцці ў тыя дні: «Мы заўжды думалі, што Кітай — надзейны, дэмакратычны, сяброўскі і, перш за ўсё, праамерыканскі. І раптам стратэгія стрымання чырвонай агрэсіі ляснулася. Усе дасягненні амерыканскай дыпламатыі — дактрына Трумана, план Маршала і стварэнне NАТО — на нейкі момант падавалася таксама вось-вось ляснуцца на фоне катастрофы ў Азіі».

Спрабуючы зразумець прычыны паразы ў жніўні 1949 года, Дзярждэп падрыхтаваў дакумент «Кітайскія белыя паперы». Яго аўтары, апытаўшы каля дзвюх тысяч чалавек, якія былі ў тэме, заключылі: ЗША сапраўды не пралічылі ступень камуністычнай пагрозы. Заставалася адказаць на вечнае пытанне: хто вінаваты ў Loss of China (страце Кітая)?

Апазіцыя ў выглядзе Дэмпартыі адразу пераклала ўсю адказнасць на адміністрацыю рэспубліканцаў, і нават паспрабавала зрабіць Loss of China ледзь не топ-тэмай будучай прэзідэнцкай кампаніі 1952-га. Тэма страты Кітая натхняла на літаратурную творчасць. Адзін з генералаў прапанаваў на старонках свайго фаліянта версію пра тое, што Loss of China арганізавала група савецкіх шпіёнаў пад кіраўніцтвам Рычарда Зорге, які на самай справе, як вядома, быў забіты японцамі яшчэ ў 1944 годзе.

Аднак значна большы піяр на кітайскай тэматыцы зрабіў сенатар Джозэф Маккарці, які 7 лютага 1950-га выдаў спіч, што зрабіў яго фігурай нацыянальнага маштабу. Па словах сенатара, у яго ёсць спіс 205 супрацоўнікаў Дзярждэпу, якія з’яўляюцца агентамі кітайскіх камуністаў. Прычым гэта не замінае ім адказваць за знешнюю палітыку ЗША, у тым ліку і за кітайскі напрамак. Праўда, пасля ён назваў толькі двух фігурантаў гэтага спісу — вучонага і дыпламата, якім уся гэтая гісторыя каштавала кар’еры і здароўя.

Па ходзе таго, як грамадская крытыка на адрас Маккарці ўзмацнялася, тэорыя шпіёнаў згубіла папулярнасць. Як пісала тады «Washington Post», «Кітай ніколі не быў у поўнай палітычнай залежнасці ад Злучаных Штатаў, і ён не мог быць аддадзены Маскве адным цыркулярам. Кітай быў і застаецца велізарнай кантынентальнай краінай, з насельніцтвам у паўмільярда чалавек, большасць з якіх жывуць на ўзроўні пражытковага мінімуму, яны адвечна эксплуатуюцца памешчыкамі і вайсковымі, з’яўляюцца ахвярамі гвалту рэвалюцыянераў і контррэвалюцыянераў. Злучаныя Штаты ніколі і нідзе не мелі магчымасці паўплываць на лёс Кітая. Кітай быў страчаны кітайцамі».

Аднак і дасюль тэма Loss of China выклікае інтарэс. Напрыклад, адзін з публіцыстаў пабачыў у гэтым псіхічны комплекс чыноўнікаў Дзярждэпа, якія не маглі зразумець, як Кітай можа больш не належаць Злучаным Штатам, калі, паводле канцэпцыі амерыканскай гегемоніі, ён павінен ім належаць. Іншы гісторык перакладае ўсю адказнасць на амерыканскіх вайскоўцаў і дыпламатаў, якія працавалі падчас вайны з Чан Кайшы і глядзелі на кітайскую рэальнасць выключна са словаў прадстаўнікоў яго атачэння. Яшчэ адзін эксперт лічыць, што янкі памыліліся, калі прымусілі нацыяналістаў атакаваць японцаў у 1945 годзе. Пакуль Чан змагаўся, Маа пры дапамозе Сталіна падрыхтаваўся да вайны з Гаміньданам. Урэшце, пішуць, што рэжым Чан Кайшы быў асуджаны праз кааперацыю з англасаксамі, у якіх кітайцы бачылі ненавісных белых каланізатараў.

Працягваюцца тыя дэбаты і цяпер. Хаця ў гэтым годзе ў іх межах было сфармаванае новае пытанне: ці не скончацца цяперашнія амерыкана-кітайскія гандлёвыя войны новай стратай Кітая для Злучаных Штатаў, і якія могуць быць наступствы Loss of China–2?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!