Хто зашкодзіў венесуэльцам нармальна сустрэць новы год?

Кіраўнік Венесуэлы скончыў незвычайны канфлікт з Партугаліяй. З пачатку студзеня Каракас вінаваціў Лісабон у тым, што той не дазволіў венесуэльцам нармальна сустрэць Каляды і Новы год.

Нікалас Мадура. Фота Marco Bello/Reuters

Нікалас Мадура. Фота Marco Bello/Reuters


Нармальная сустрэча згаданых святаў па-венесуэльску — прысутнасць на стале блюдаў са свініны. Набыць свініну ў цяперашняй Венесуэле, дзе пануе харчовы крызіс і інфляцыя, — задача няпростая.

Таму венесуэльскі ўрад, паводле слоў Мадуры, вырашыў набыць аднаразова вялікую партыю мяса ў Партугаліі, каб забяспечыць прадуктамі рынак на час святаў. Аднак у выніку доўгачаканая свініна ў Венесуэлу не прыйшла. На думку Мадуры, тут хаваецца змова з мэтай падарваць стабільнасць у краіне.

Сапраўды, дэфіцыт мяса выклікаў буйныя вулічныя пратэсты, падчас якіх паліцэйскі застрэліў цяжарную жанчыну, што, у сваю чаргу, кепска паўплывала на аўтарытэт рэжыму.

Мадура адразу зрабіў адказнай за інцыдэнт партугальскую фірму — пастаўшчыка свініны. У дырэкцыі фірмы на гэта кажуць, што нават не збіраліся дастаўляць мяса ў Венесуэлу, пакуль мясцовы ўрад не заплаціць за партыю, якую набыў яшчэ ў 2016-м.

У выніку для аднаўлення дыялогу давялося падключаць дыпламатаў. На мінулым тыдні Каракас наведаў шэф партугальскай дыпламатыі, які падпісаў з мясцовым калегам некалькі інвестыцыйных кантрактаў. Пасля гэтага антыпартугальская рыторыка ў венесуэльскіх прадзяржаўных СМІ знікла.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць