Huawei звернецца ў суд праз унясенне кампаніі ў чорны спіс у ЗША

У Huawei сцвярджаюць, што ўлады ЗША не змаглі прадаставіць доказаў таго, што кампанія ўяўляе пагрозу бяспецы.

Тэлекамунікацыйная кампанія Huawei ў сераду, 29 траўня, падала пазоў у ЗША з патрабаваннем прызнаць антыканстытуцыйным уключэнне канцэрна ў чорны спіс, а таксама забарону на набыццё тэхналогій амерыканскіх IT-кампаній. У канцэрне сцвярджаюць, што ўлады ЗША не змаглі прадаставіць доказаў таго, што Huawei ўяўляе пагрозу бяспецы.

У Huawei маюць намер хадайнічаць аб разглядзе справы ў спрошчаным парадку судаводства. У канцэрне лічаць, што абмежаванні супраць яе ўводзіліся для пазбаўлення кампаніі публічных правоў, у тым ліку, права на судовае разбіральніцтва, што супярэчыць канстытуцыі ЗША.

Міністэрства гандлю ЗША 17 траўня абвясцілі пра намер унесці Huawei ў чорны спіс з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы. Кампанію абвінавачваюць, у прыватнасці, у крадзяжы тэхналогій, шпіянажы і продажы амерыканскіх камплектуючых у Іран насуперак санкцыям супраць гэтай краіны. Дзеянні амерыканскіх уладаў прывялі да таго, што многія IT-кампаніі спынілі супрацоўніцтва з кітайскім канцэрнам.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!