І пра касмічнае надвор’е

Што хаваецца за пастановай Барака Абамы, паводле якой амерыканцы павінны цягам 120 дзён падрыхтавацца да ўдару з космасу?


Апошнім часам слова «катастрофа» ўжываецца ў амерыканскім палітычным лексіконе выключна ў прывязцы да Дональда Трампа. Менавіта катастрофа, па словах праціўнікаў кандыдата ад рэспубліканцаў, чакае ЗША ў выпадку перамогі эксцэнтрычнага мільярдэра на выбарах 8 лістапада. У гэтым плане заява прэзідэнта Абамы ад 15 кастрычніка гучыць нейкім дысанансам: у дакуменце гутарка таксама ідзе пра пагрозу катастрофы, але не з боку Трампа, а з космасу. Выклікаць яе можа так званае «касмічнае надвор’е» — з’явы глабальнага, далёкага космасу, якія выклікае актыўнасць сонца і якія здольныя ўплываць на Зямлю.

«Праявы касмічнага надвор’я ў форме сонечных выбліскаў, касмічных прамянёў і геамагнітных бураў адбываюцца пастаянна, і некаторыя маюць адчувальныя наступствы для сістэм крытычна важнай інфраструктуры і тэхналогій, напрыклад, сістэмы GPS, працы спадарожнікаў, сувязі, авіяцыі і сетак электраперадачы», — гаворыцца ў тэксце прэзідэнцкага дакумента.

Значны блок дакумента тычыцца апісання наступстваў, якія нясе патэнцыйны «ўдар з космасу»: «Экстрэмальныя па­дзеі такога маштабу могуць прывесці да адключэння значнай часткі электрасетак і паўплываць на электразабеспячэнне, водазабеспячэнне, ахову здароўя і транспарт».

Зыходзячы з усяго апісанага, прэзідэнт ЗША канстатуе: «Паспяховая падрыхтоўка да негатыўных праяў касмічнага надвор’я — гэта задача для ўсёй краіны, якая патрабуе супрацоўніцтва паміж урадам і кіраўнікамі па надзвычайных сітуацыях, навукоўцамі, СМІ, страхавой індустрыяй, няўрадавымі арганізацыямі і прыватным сектарам».

У прынцыпе, для навуковай супольнасці гэта ўсё матчастка. І без падобнага ліста вучоныя даўно працуюць над тым, як мінімізаваць эфект электрычных штормаў у галактыцы. Адпаведныя распраўцоўкі мелі месца яшчэ ў 1920-я гады. Нездарма пра магнітныя буры рэгулярна паведамляюць у СМІ.

Заяву можна было б разгля­даць як звычайны бюракратычны артэфакт, калі б не маленькі аспект. У дакуменце Абама патрабуе ад дзяржаўных устаноў падрыхтавацца да «негатыўных праяў касмічнага надвор’я» на працягу 120 дзён. Такія сціслыя тэрміны паспрыялі нараджэнню самых розных тэорый пра тое, што сапраўды стаіць за незвычайным актам.

Натуральна, паўстаў цэлых легіён тых, хто праз 120 дзён чакае нейкага пачатку планетарнага катаклізму. Адразу ўзгадалі так званы «Carrington event» — самую магутную за гісторыю назіранняў геамагнітную буру, якую выклікалі актыўныя з’явы на Сонцы. Праўда, гэта было даўно: 1 верасня 1859 года брытанскі астраном Рычард Кэрынгтан зафіксаваў успышкі на Сонцы і выкіды каласальнай энергіі ў космас. Гэтая маса накіравалася да Зямлі і дасягнула яе праз 18 гадзін, выклікаўшы аварыі на ўсіх тэлеграфах у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Заўважылі буру і тыя, хто на той час не карыстаўся дасягненнямі тэхнічнага прагрэсу — паўночныя ззянні назіраліся па ўсім свеце, нават на Карыбах.

Калі верыць песімістам, у Белым доме нешта пранюхалі пра хуткі рымейк «Carrington event», эфект якога, быццам, будзе значна большы за з’яву 1859-га. Хаця б таму, што тады ўся дзейнасць чалавецтва не трымалася на электрычных прыладах. Калі верыць падобным аматарам канспіралагічных тэорый, геамагнітная бура, якую чакаюць у адміністрацыі Абамы, здольная разбурыць нават нацыянальныя энергетычныя сістэмы.

Свае пяць капеек уставілі і расійскія патрыёты, на форумах якіх абмяркоўваецца тэорыя пра распрацоўку ў Злучаных Штатах нейкай новай зброі, здольнай выклікаць эфект маштабнай радыёмагнітнай буры. Маўляў, прыкладна праз 120 дзён чакаецца эксперымент з той зброяй, наступствы якога ніхто не ведае. Таму і прыдумалі тэму пра кепскае касмічнае надвор’е.

Хапае і тых, хто смяецца з панікёраў. Па-першае, яны адзначаюць, што дакумент ад 15 кастрычніка нельга назваць алармісцкім: у ім не гаворыцца пра тое, што трэба тэрмінова рыхтавацца да непасрэднай пагрозы. Хутчэй, гэта бюракратычны цыркуляр, які патрабуе распрацаваць прапановы па паляпшэнні механізмаў маніторынгу за касмічным надвор’ем.

Па-другое, дакумент быў падпісаны Абамам перад паездкай на навуковую канферэнцыю ў Пітсбург, дзе абмяркоўвалася, у тым ліку, пытанне вывучэння космасу. Такая пастанова — добры падарунак навукоўцам, бо абяцае значныя інвестыцыі ў іх праграмы даследаванняў.

Акрамя таго, заклік да вывучэння касмічнага надвор’я пасуе палітыцы Белага дому ў гэтай сферы. Адміністрацыя Абамы заўжды надавала шмат увагі космасу, і ў тым ліку намагалася «дэмілітарызаваць» гэты накірунак. Космас разглядаўся амерыканскім урадам як агульная будучыня цывілізацыі, а не інструмент у міжнацыянальных канфліктах. Невыпадкова адной з апошніх заяў прэзідэнта стаў так званы «Марсіянскі заклік» — абяцанне пачаць каланізацыю Марса ўжо ў 2030 годзе.

Нарэшце, самы значны аргумент супраць тэорый пра канец свету праз 120 дзён. Навукоўцы сцвярджаюць, што падзеі падобнай інтэнсіўнасці, як «Carrington event», паўтараюцца ў сярэднім прыкладна раз на 500 гадоў. Самая моцная бура з пачатку касмічнай эры (з 1957 года) адбылася 13 сакавіка 1989 года. Аднак хіба нехта яе заўважыў?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: