ІД узяла адказнасць за выбух дома ў Магнітагорску

Тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за выбух жылога дома і маршруткі ў Магнітагорску.

Фота прэс-службы МУС РФ


Пра гэта паведамляе арганізацыя Site Intelligence Group, якая адсочвае інфармацыю пра дзейнасць тэрарыстаў.

Телеграм-канал Directorate 4 таксама пацвярджае гэтую інфармацыю са спасылкай на публікацыю ў газеце “Al Naba”, якая належыць тэрарыстам.

«Сваё доўгае маўчанне на гэтую тэму групоўка тлумачыць меркаваннямі бяспекі тых, хто ўчыніў тэракт. Ніякіх падрабязнасцяў, акрамя агульнавядомых, у сваім артыкуле джыхадыстаў не прыводзяць. Пры гэтым яны цытуюць заявы расійскіх уладаў аб тым, што ніякіх слядоў выбухоўкі знойдзена не было», — гаворыцца ў паведамленні Directorate 4.

Выбух у жылым дзесяціпавярховы доме ў Магнітагорску адбыўся раніцай 31 снежня. У выніку абвальвання пад'езда дома загінулі 39 чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, прычынай абвалу стаў выбух бытавога газу.

1 студзеня ў Магнітагорску загарэлася і ўзарвалася маршрутка, як заяўлялі ў МУС, з-за няспраўнасці газавага абсталявання. У выніку загінулі тры чалавекі.

У прэсе з'яўляліся здагадкі, што абодва здарэння былі тэрактамі.

Следчы камітэт Расіі адрэагаваў на гэту заяву і заклікаў не давяраць паведамленням пра тэракт у Магнітагорску. «Падкрэслю, што слядоў выбуховых рэчываў або іх кампанентаў на канфіскаваных з месца здарэння фрагментах экспертамі і крыміналістамі не выяўлена», — сказала прадстаўнік ведамства Святлана Пятрэнка. Яна заклікала «не давяраць паведамленням тэрарыстычных арганізацый» і адзначыла, што абвальванне пад'езда расследуюць як выбух газу.

Паводле meduza.io



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!