Ідэю агароджы на мяжы cупраць АЧС крытыкуюць эколагі

Польшча плануе пабудаваць агароджу на мяжы з Беларуссю ды Украінай, каб змагацца з афрыканскай чумой свіней.

Фота pikabu.ru

Як мяркуе эколаг з Фонду “Дзікая Польшча” Адам Богдан, агароджа не стрымае захворванне, выпадкі якога ўжо адзначаюцца нават у сярэдняй частцы Польшчы. Заслона стане толькі міграцыйнай перашкодай для многіх звяроў.

— Гэта стане перашкодай для перамяшчэння буйных звяроў, драпежнікаў. І гэта адаб’ецца на папуляцыі рысей, ваўкоў. Каб папуляцыя была ў добрым стане, патрэбная генетычная сувязь паміж рознымі папуляцыямі.

Як кажа ў сваю чаргу падляшскі маршалак Ежы Ляшчынскі, управа ваяводства ўжо тры гады таму прапанавала пабудаваць заслону супраць дзікоў на мяжы з Беларуссю:

— Добра, што гэты плот з’явіцца. Важна, каб хвароба не распаўсюджвалася ў глыбіню Польшчы. А як мы бачым, у мінулым годзе новых ачагоў захворвання з’явілася вельмі шмат.

Агароджу даўжынёй тысячу кіламетраў польскія ўлады хочуць пабудаваць за чатыры гады. На яе ўзвядзенне плануецца выдаткаваць 37 мільёнаў долараў. 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!