Імігранты ідуць

Еўропа перад перспектывай новага нашэсця імігрантаў. Якія наступствы чакаюць стары кантынент у выпадку новай хвалі бежанцаў?

Фота www.iz.ru

Прыкладна на сярэдзіну мінулага тыдня колькасць бежанцаў, якія выйшлі на нейтральную паласу побач з мяжой Грэцыі, перавысіла 130 тысяч чалавек. Прычым гэта — толькі аванс. Турэцкі прэзідэнт Эрдаган мае намер пусціць у кірунку ЕС мільён чалавек. Тым самым ён ужо парушыў свае дамоўленасці з Бруселем трохгадовай даўніны, калі атрымаў за стрымліванне іміграцыйнага патоку прыкладна мільярд еўра.

Еўропа, якая і так пакутуе ад каронавіруса, агаломшаная навінамі з Басфору. Высокапастаўленыя чыноўнікі Еўрасаюза аператыўна прыбываюць на перамовы ў Турцыю, відавочна маючы намер задобрыць Анкару матэрыяльна.

Многія лічаць такую тактыку памылковай. Марк Рутэ, прэм’ер-міністр Нідэрландаў і распрацоўшчык пагаднення трохгадовай даўніны, асудзіў Эрдагана за абуральнае парушэнне ўмоваў кантракту. Ён лічыць, што Еўропе не варта весці перамовы з Эрдаганам, які трымае «нож каля горла Еўропы». З ім пагаджаецца каментатар CNN, які сумняваецца, што турэцкі гарант не будзе ў будучыні разыгрываць карту сірыйскіх бежанцаў, нават калі цяпер з ім атрымаецца дамовіцца.

Называюць шмат дадатковых рызыкаў кампрамісу з Турцыяй па формуле «грошы ўзамен за стрымліванне». Такая дамова ўдарыць па бюджэце арганізацыі, што яшчэ больш абвострыць спрэчкі паміж сябрамі ЕС наконт бюджэту супольнасці. Паводле цяперашняга законапраекту, мяркуецца зрэзаць датацыі краінам Усходняй Еўропы, што ў іх захаплення не выклікае.

Левыя і ліберальныя палітыкі лічаць, што ЕС у гэтай сітуацыі не павінен быць аб’ектам шантажу. Наадварот, маўляў, трэба прадэманстраваць, што турэцкі выклік на адрас Грэцыі — гэта выклік на адрас усёй Еўропы. Для гэтага кіраўнікам трох ключавых інстытутаў ЕС прапануюць наведаць турэцка-грэчаскую мяжу і даць грэкам гарантыі. А амерыканскае выданне Bloomberg увогуле не разумее, чаму еўрапейцы баяцца імігрантаў, даючы Эрдагану глебу для шантажу.

Зрэшты, дамовіцца з Эрдаганам — гэта яшчэ палова справы. Нават калі Турцыя зноў закрые мяжу, давядзецца нешта рабіць з тымі, хто ўжо пакінуў турэцкую тэрыторыю. Называецца лічба ў 20–30 тысяч чалавек. Рада па правах чалавека ААН заявіла, што ў той жа Грэцыі няма юрыдычных падстаў для прыпынення працэдур прадстаўлення прытулку.

Куды збіраюцца падзець імігрантаў, пакуль не зразумела. Гэтым сумбурам напоўніцу карыстаюцца правыя папулісты, уваскрашаючы ў памяці бюргераў лета 2015 года. Тады, нагадаем, у Еўропу прарвалася каля мільёна чалавек з Блізкага Усходу. Прарыў у тым ліку справакаваў уздым правага папулізму. У выніку еўрапейскія дэмакратычныя інстытуты ўтрымаліся, але з’явіўся цэлы пояс краін (Грэцыя, Балгарыя, Харватыя, Славенія, Венгрыя, Аўстрыя, Мальта, Італія, Польшча), урады якіх аспрэчваюць прынцыпы еўрапейскай салідарнасці, адданасці прынцыпам міжнароднага права і гуманізму.

Чаго чакаць гэтым разам? Выданне Finacial Times не думае, што новая хваля іміграцыі можа выклікаць развал ЕС. Аднак пры гэтым мяркуе, што міграцыйны крызіс — гэта тое, што менш за ўсё трэба было аб’яднанню ва ўмовах нявызначанасці, што прынесла эпідэмія каронавіруса.

Становішча ўскладняецца тым, што «спускавым кручком» дэсанту мігрантаў у Грэцыю туркі называюць ваенныя дзеянні ў сірыйскай правінцыі Ідліб. Спыніць іх немагчыма без умяшання Расіі — куратара сірыйскага рэжыму. Прадстаўнікі ЕС ужо звярнуліся да Масквы з адпаведнай просьбай.

Такім чынам, атрымліваецца, што Расія і Турцыя фактычна могуць выкарыстаць у сваіх інтарэсах сітуацыю вакол патоку бежанцаў, што спрабуюць прабрацца ў Еўрасаюз пасля актывізацыі баявых дзеянняў у сірыйскім Ідлібе. Турцыя даўно не раскручвала Еўропу на грошы па тэме бежанцаў, а ў Расіі за апошні час таксама хапае падстаў насаліць ЕС. «Сірыйскія ўцекачы — новы тып “узбраенняў”, пры дапамозе якога і без вайны можна схіліць Еўропу да саступак», — прызнае адзін з прапуцінскіх экспертаў і прапаноўвае дамагацца ад Бруселя большага камфорту на ўкраінскім фронце.

З іншага боку, пакуль для Еўропы самае галоўнае — стабілізаваць сітуацыю на мяжы за кошт здзелкі з Анкарой. Прычым, у час эпідэміі ўмовы перамоваў можа дыктаваць Турцыя. Дапускаюць нават варыянт, калі будзе ўзнятая старая і балючая тэма надання туркам бязвізу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: