Венесуэла: Імпічмент без вынікаў

Парламент Венесуэлы прагаласаваў за імпічмент прэзідэнту Нікаласу Мадуры. Аднак эфект ад галасавання аказаўся нулявы. Дэталі НЧ распавядае Леанарда Эстрада, мексіканскі доктар, які доўгі час працаваў у Венесуэле.

Фота www.i.ytimg.com

— Нікалас Мадура запрашае Маскву і Іран дапамагчы краіне ў выпадку агрэсіі з боку Калумбіі. Акрамя таго ў самой Венесуэле на дапамогу арміі мабілізавана каля ста тысяч чальцоў чавісцкіх арганізацый — без уліку таго, што абвешчана пра правядзенне шырокамаштабных манеўраў «Zamora 200». Няўжо ўсё ідзе да ўзброенага сутыкнення з калумбійцамі?

— Істэрыка ў Венесуэле кантрастуе з настроямі ў Калумбіі, дзе версія канфлікту з суседам цікавіць толькі жоўтую прэсу, якая заўжды шукае сенсацый. Чуткам пра вайну няма веры, па-першае, праз тое, што ў Калумбіі застаецца адкрытым пытанне, што рабіць з рухам камуністаў-партызан, якія ў тым ліку сімпатызуюць баліварскай Венесуэле. Па-другое, незразумела, хто будзе прымаць рашэнне пра быццам бы вайну з Венесуэлай? Армейская эліта Калумбіі звязаная з ЗША, дзе толькі фармуецца новая адміністрацыя і яе стратэгемы. З улікам гэтага мяркую, што прычыны бразгання зброяй у Венесуэле трэба шукаць ва ўнутрыпалітычных працэсах, перш за ўсё праз тое, што 10 студзеня Нацыянальная асамблея абвясціла Мадуры імпічмент з-за невыканання абавязкаў.

— Ці мела тое галасаванне наступствы?

— На першы погляд, акцыя апазіцыі ў парламенце апрыёры не магла мець радыкальных наступстваў. У выпадку імпічменту ўлада пераходзіць да віцэ-прэзідэнта. На гэтую пасаду Мадура напярэдадні прызначыў блізкага да сябе чалавека. Такім чынам, бразільскі сцэнар аказаўся ў Венесуэле немагчымы. Акрамя таго, Вярхоўны суд падтрымаў Мадуру ў тым, што дэпутаты не маюць права здымаць кіраўніка краіны. Аднак нейкія наступствы галасавання 10 студзеня назіраць можна. Пад выглядам падрыхтоўкі да абароны ад нападу Калумбіі і ЗША пачалося імклівае будаўніцтва правобразу вайскова-цывільнай формы кіравання. Вайскоўцы атрымалі права ўваходзіць у структуры адміністрацыі.

— У часы Абамы Вашынгтон неаднаразова ўваходзіў у клінч з Каракасам, дзе адкрытым тэкстам звязвалі дзейнасць ЦРУ і палітычнай апазіцыі. Як улады Венесуэлы ставяцца да цяперашняй ракіроўкі ў Белым доме?

— Мадура заявіў, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе не горшы за Барака Абаму. Нягледзячы на тое, што сам Мадура ацэньвае Абаму ўжо як палітыка ўчорашняга дня, афіцыёз не стамляецца палохаць венесуэльцаў яго прозвішчам. Кіраўніку ЗША не могуць прабачыць, што яшчэ ў сакавіку 2015 года той падпісаў дакумент аб эрозіі грамадзянскіх свабодаў у Венесуле. Які, маўляў, дае падставу для інтэрвенцыі.

— Якая рэакцыя апазіцыі на тое, што імпічмент, па сутнасці, не атрымаўся?

— Праціўнікі Мадуры, натуральна, дэмаралізаваныя, паколькі абвяшчэнне імпічменту ў іх заявах выглядала як пачатак доўгачаканай дэканструкцыі ўсёй мадэлі і спадчыны чавізму. Лідар апазіцыі нават заявіў, што вердыкт Вярхоўнага суда — злачынства перад гісторыяй. Адсутнасць канкрэтных вынікаў прымусіць апазіцыянераў шукаць новыя стратэгіі. Праўда, зараз шмат для каго з іх галоўнае — не трапіць пад зачыстку. Па слядах апошніх падзей кіраўніком краіны быў уведзены так званы «Comando Antigolpe» — план аб барацьбе са спробай дзяржперавароту, пад якім разумеецца галасаванне 10 студзеня. У межах «Comando Antigolpe» ўжо прайшлі першыя арышты апазіцыянераў, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў.

— Палітычны крызіс у Венесуэле разгортваецца на фоне сур’ёзных эканамічных праблем. Так, валавы ўнутраны прадукт у Венесуэле ў 2016 годзе ўпаў на 23%. А інфляцыя склала 830% — рэкорд сярод краін Паўднёвай Амерыкі. У дэфіцыце самыя элементарныя тавары і прадукты. Як у такіх кепскіх ўмовах Мадуры ўдаецца ўсё ж кантраляваць сітуацыю?

— Крызіс рэжыму Мадуры вельмі сур’ёзны, аднак не настолькі фатальны, перш за ўсё з-за слабасці і супярэчнасцяў унутры апазіцыі, дзе ёсць розныя фракцыі, лідары, погляды. Напрыклад, на днях адна з фракцый апазіцыі заявіла, што пастаноўка пытання пра адстаўку Мадуры была непрадуманай, і запатрабавала зменаў у кіраўніцтве Mesa de la Unidad Democrática (MUD) — кааліцыі дэмсіл Венесуэлы. У гэтым плане больш небяспечныя для Мадуры актуальныя рэпартажы з Мексікі, дзе рост коштаў на паліва справакаваў народны бунт. Калі мексіканцы дамогуцца саступак ад ураду, гэта будзе добрым прыкладам для венесуэльцаў.

Натуральна, у Мадуры ёсць пад рукой набор адміністратыўных інструментаў, каб падтрымліваць лаяльнасць — напрыклад, магчымасць узняць заробкі, гарантаваць нізкія камунальныя тарыфы. Афіцыёз спекулюе на тым, што нядаўні прыход да ўлады правых у Аргенціне і Бразіліі не канвертаваўся ў рост народнага дабрабыту. Надзеі на лепшае некаторыя звязваюць з асцярожным ростам сусветных цэн на нафту, за кошт экспарту якой доўгі час краіна няблага жыла.

Аднак у цэлым рэжым чавістаў цяжка назваць пераможцам, паколькі пасля 10 студзеня Мадура адышоў ад прынцыпаў Баліварскай рэвалюцыі. Чавес лічыў, што баліварскае грамадства можна будаваць, абапіраючыся не на войска, а на актыўную грамадзянскую супольнасць і парламенцкую дэмакратыю. Нават аматары баліварскай рэвалюцыі прызнаюць, што той эксперымент цяпер прыпынены, а што ўзнікне — пакуль не зразумела.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: