Іншаземцы зарабілі ў Польшчы мільярд еўра

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы, сёлета іншаземцы зарабілі ў Польшчы амаль у два разы больш, чым летась, то бок больш за мільярд еўра, паведамляе выданне „Dziennik Gazeta Prawna”. Гэта абсалютны рэкорд.



Гжэгаж Даброчак з НБП кажа, што ў 90% — гэта даходы ўкраінцаў. 

"Усё больш грамадзянаў Украіны прыяжджае на працу ў Польшчу. Гэта адбываецца на падставе заяваў аб намеры працаўладкавання, якія выдаюць польскія прадпрымальнікі", — тлумачыць Даброчак.

Польскія працадаўцы ў першай палове бягучага году выдалі 403 тысячы гэткіх заяваў, датычных грамадзян Украіны. Годам раней іх было ўдвая менш.

Паводле эксперта, гэта звязанае, перш за ўсё, з эканамічнай і палітычнай сітуацыяй ва Украіне. Сума выплатаў для іншаземцаў пачала відавочна расці ўжо ў ІІ квартале 2014 году, то бок пасля расійскай анексіі Крыму.

Паводле дадзеных, большасць украінцаў працаўладкоўваецца ў Польшчы ў сельскай гаспадарцы і садаводстве, а таксама ў будаўніцтве, транспарце і гандлі.

Эканаміст банку „PKO BP” Пёрт Буяк кажа, што настолькі вялікі прыток імігрантаў аказвае станоўчы ўплыў на польскую эканоміку. У сваю чаргу Гжэгаж Бачэўскі, эксперт „Канфедэрацыі Lewiatan”, нагадвае ў размове з выданнем „Dziennik Gazeta Prawna”, што большасць украінцаў у Польшчы выконвае працу, якой палякі пазбягаюць.

www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: