Іншая інтэграцыя

Польшча адсвяткуе 450-ю гадавіну Люблінскай уніі, значэнне якой для лёсу беларусаў цяжка пераацаніць.

Ян Матэйка. «Люблінская унія», 1869 год

Як звычайна, у падобных мерапрыемствах не абыдзецца без гістарычных рэканструкцый. Рэканструктары абяцаюць на нейкі час адрадзіць у Любліне атмасферу сярэдзіны XVI стагоддзя. Для гэтага ў цэнтры горада паўстане вайсковы лагер, а рыцары будуць шпацыраваць па вуліцах. Жыхары Любліна і турысты змогуць паспытаць сярэднявечныя стравы, паглядзець шоу тагачасных убораў, тэатральныя пастаноўкі і рэканструкцыі рыцарскіх турніраў. Цвіком імпрэзы, як чакаецца, будзе праезд караля Жыгімонта Аўгуста разам з аховай і дваром. Польскае Мінабароны абяцае незвычайны авіяцыйны парад.

Гэта — забаўкі. Што тычыцца сур’ёзных ацэнак юбілею, то польскія публіцысты называюць акт 450-гадовай даўніны адным з самых важных дакументаў у еўрапейскай гісторыі. Па выніках яго рэалізацыі паўстала Рэч Паспалітая абедзвюх народаў — адзін з першых федэральных эксперыментаў на кантыненце. Таксама паводле Люблінскай уніі стваралася сістэма з Соймам і Сенатам. Хаця абіраліся туды толькі прадстаўнікі шляхты, гэта была найбольш дэмакратычная мадэль у Еўропе на працягу 200 гадоў — аж да Французскай рэвалюцыі.

З іншага боку, у Люблінскай уніі хапае і крытыкаў. На думку аўтарытэтнага часопіса «Newsweek», люблінскі праект быў напісаны згодна з патрабаваннямі шляхты, якая дыктавала сваю волю каралю. Такая дзяржаўная канструкцыя не ўпісалася ў перыяд абсалютных манархій і ў выніку аказалася асуджанай на крах.

Цікавая думка наконт таго, што Люблінская ўнія ніколі б не адбылася без такога фактару, як Расія. З’яўленне на Усходзе моцнага суседа, прычым з агрэсіўнымі намерамі, прымушала арыстакратаў Літвы і Польшчы забыцца пра старыя спрэчкі. Праўда, знайсці кампраміс адразу не атрымалася. Для дэлегацыі з ВКЛ было прынцыповым захаваць свой Сойм. Прапаноўвалася абіраць агульнага караля на польска-літоўскай мяжы. А 1 сакавіка дэлегацыя ВКЛ увогуле пакінула Люблін, што, падавалася, ставіла крыж на праекце адзінай дзяржавы.

У адказ палякі абвясцілі пра далучэнне да Каралеўства Польскага Валыні і Падляшша, а пазней — Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў. Магнаты ВКЛ не здолелі абараніць гэтыя землі і былі вымушаныя вярнуцца да перамоваў у Любліне. Гэтым разам ім удалося выгандлеваць для сябе прывілеі польскай шляхты, захаванне за беларускай мовай статусу афіцыйнай, а таксама прававой аўтаноміі. 28 чэрвеня дакумент быў падпісаны, а 1 ліпеня яго ратыфікаваў манарх.

Рэч Паспалітая была не ўнітарнай дзяржавай, а сапраўднай федэрацыяй, што, дарэчы, засведчыла будучая гісторыя. Так, лозунг адраджэння дзяржавы двух народаў прысутнічаў у праграме польскіх і беларускіх інсургентаў 1863 года. Па сутнасці, ідэя федэрацыі з Польшчай аказалася па-за мэйнстрымам грамадскай думкі ў Беларусі і Літве толькі на пачатку мінулага стагоддзя.

Дарэчы, што да прысутнасці на юбілеі беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў, якія таксама ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, то Беларусь у Любліне будзе прадстаўленая выключна гістарычнымі рэканструктарамі. Прынамсі, плануецца, што ў Любліне будзе пабудаваны спецыяльны лагер шляхты ВКЛ.

Што да Літвы, то з Вільні чакаюць афіцыйную дэлегацыю, аднак яе ўзровень будзе не вельмі высокі. Гэта можна растлумачыць працяглымі спрэчкамі паміж Варшавай і Вільняй наконт правоў польскай меншасці ў Літве. Хаця ёсць надзея, што пасля нядаўняга абрання літоўскім прэзідэнтам больш ліберальнага Гітанаса Наўседы адносіны паміж краінамі палепшацца.

Найбольш дзіўна выглядае, што ў спісе афіцыйных замежных дэлегацый, якія чакаюцца ў Любліне, няма Украіны. Цяперашні Кіеў надае вялікую ўвагу еўрапейскаму выбару і шукае яго канцэптуальныя вытокі ў тым ліку ў часах, калі край быў у складзе Рэчы Паспалітай. У лютым папярэдні прэзідэнт Пётр Парашэка ў час візіту ў Люблін заявіў: «Дзякую за запрашэнне ў гістарычнае для нашых краін месца, горад Люблін. Як і 450 гадоў таму, калі ў Любліне заключылі Люблінскую ўнію, горад Люблін — сімвал магутнага саюза Літвы, Польшчы і Украіны». Тым не менш, украінцаў цяпер у Любліне няма. Гэта можна растлумачыць перазагрузкай улады пасля перамогі Зяленскага.

Слабае прадстаўніцтва на ўрачыстасцях у Любліне краін, якія калісьці ўваходзілі ў склад ВКЛ, — безумоўна, вялікі мінус для мерапрыемстваў. Але, з іншага боку, для гэтага была патрэбная воля і жаданне не Варшавы, а перш за ўсё Вільні, Мінска і Кіева.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!