Іншапланецяне існуюць!

Амерыканскае выданне «The New York Times» падзялілася сенсацыяй: Пентагон дэ-факта прызнаў наяўнасць іншапланецян і ўжо інструктуе вайскоўцаў, як паводзіць сябе на выпадак кантакту.

Фота: pixabay.com

Пытанне, якое найбольш інтрыгуе ва ўсёй гэтай гісторыі: што здарылася нарэшце з амерыканскімі чыноўнікамі і прымусіла іх перагледзець былыя падыходы? Ледзь не з пачатку 1950-х гадоў, калі з’явіліся першыя спекуляцыі пра палёты НЛА, паўстаў негалосны канон, як афіцыйным прэс-сакратарам рэагаваць на такую інфармацыю. Правіла абавязвала спісваць усё на атмасферныя з’явы, паветраныя шары, птушак, аблокі, аптычныя галюцынацыі, у тым ліку на глебе злоўжывання алкаголем, і гэтак далей. І раптам да кіраўнікоў Пентагона дайшло — іншапланецяне сапраўды існуюць, і з гэтым трэба нешта рабіць.

Калі меркаваць па амерыканскай прэсе, перагледзець старыя стэрэатыпы наконт наяўнасці НЛА прымусілі некалькі выпадкаў на ўсходнім узбярэжжы ЗША ў 2014–2015 гадах. Тады прыкладна пяць лётчыкаў бачылі дзіўныя лятаючыя аб’екты. «The New York Times» апісвае апараты наступным чынам: «Аб’екты без рухавікоў або выхлапных газаў, якія кідаліся з гіпергукавой хуткасцю, робячы нечаканыя для штучна вырабленых апаратаў прыпынкі». Сведкаў-лётчыкаў ад пабачаных піруэтаў ледзь не схапіў паралюш. Усё, што адзін з іх здолеў сказаць другому: «Вау, што гэта, чувак?»

Але дакладна вядома, што ў снежні мінулага года за акіянам пачала працаваць Праграма ідэнтыфікацыі пашыранай аэракасмічнай пагрозы (AATIP), якая вывучае выпадкі, калі вайскоўцы бачылі НЛА. У межах AATIP у красавіку гэтага года былі распрацаваныя агульныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца пілоты пры сустрэчах з НЛА і як пасля падобных кантактаў пісаць пра іх справаздачы.

Як высветлілася, гэта не першая спроба вывучэння амерыканцамі пагрозы з космасу. Хаця афіцыйна ЗША не працуе над гэтай тэмай з 1960-х гадоў, у 2007-м пры Сенаце была створана група па праблеме «нявызначаных паветраных феноменаў». На праграму было фактычна патаемна выдаткавана 22 мільёны (!) долараў. Вынікі працы гэтай групы цалкам не зразумелыя, аднак усе яе чальцы ва ўнісон кажуць, што іншапланецяне — не выдумка фантастаў.

Цяперашняя навіна ад «The New York Times» пра тое, што НЛА — як мінімум, паводле генералаў Пентагона — сапраўды існуюць, не выклікала ў амерыканцаў энтузіязму. Міжволі на думку прыходзяць пытанні: калі над намі лятаюць чужыя касмічныя апараты, што менавіта яны тут робяць? Чаму іх адправілі сюды, праз велізарныя прасторы космасу і часу? Яўна не для таго, каб узяць аўтограф у Брэда Піта.

 Фота www.rusvesna.su

Магчыма таму СМІ закліка­юць людзей не ўспрымаць словы «НЛА» або «іншапланецяне» ў тым жа ракурсе, як нам прапануе Галівуд. Таксама як і пілоты НЛА наўрад ці падобныя на тых зялёных чалавечкаў, якіх мы прывыклі бачыць на экранах. Не варта верыць і ў тое, што іншапланецяне паклалі вока на нашу планету ў мэтах яе акупацыі і прыгнёту людзей — яшчэ адзін ходкі сюжэт галівудскіх блокбастараў. Самы арыгінальны каментар прапанавала культавае сатырычнае выданне «The Onion». Яго рэдакцыя супакоіла грамадскасць добрай навіной: у вас значна больш шанцаў загінуць ад змены клімату і атамнай вайны, чым ад атакі нейкіх марсіянаў.

А аўтарытэтнае выданне «Bloomberg» увогуле заклікае не непакоіцца, паколькі мы ўсе, на яго думку, трошкі падобныя на індзейцаў эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. «Чалавецтва ХХІ стагоддзя, напэўна, падобнае да амерыканскіх абарыгенаў XV стагоддзя, якія на хвілінку пабачылі дзіўныя парусныя караблі, напоўненыя дзіўнымі людзьмі, якія набліжаюцца да берага. Для чалавечай цывілізацыі абсалютна нармальная тэма — доўгі час не звяртаць увагі на іншую цывілізацыю, каб пасля раптам з ёй пазнаёміцца. Такое адбывалася і будзе адбывацца», — піша выданне.

Між тым, магчыма, нечаканая прычына прызнання існавання іншапланецян хаваецца ў забабонах амерыканскай культуры. Сярод амерыканскіх культуролагаў, як адзначае інтэрнэт-выданне «Vox», здаўна папулярная думка, што вера ў НЛА ў нейкі час ператварылася для амерыканцаў у сапраўдную рэлігію. Паводле сацыялагічных апытанняў, больш за 60 працэнтаў маладых янкі вераць у існаванне разумнага жыцця на іншых планетах. Феномен, дарэчы, заснаваны на тым жа прынцыпе, што і іншыя рэлігіі. Вера ў тое, што гісторыі пра НЛА і іншапланецян з’яўляюцца патэнцыйна праўдзівымі і могуць быць даказаныя, робіць іх выключна моцным аргументам для шматлікіх людзей.

Таму не дзіўна, што скептыцызм наконт НЛА стаў непапулярным у тым ліку сярод лётчыкаў і супрацоўнікаў Пентагона. Любую пляму на маніторы радара яны гатовыя трактаваць як патрульны карабель прышэльцаў. Тэорыя сапраўды цікавая, аднак у яе ёсць адзін слабы бок. Яе аўтары, крытыкуючы Пентагон, пагаджаюцца: на іншых планетах можа існаваць жыццё, а міжпланетныя падарожжы магчымыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!