Сцяг Ірана ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене
Іран абвясціў, што парушыць умовы ядравай здзелкі 2015 года і перавысіць ліміт узбагачэння ўрану. Выступаючы на прэс-канферэнцыі, Аракчы паведаміў, што Іран пачне ўзбагачэнне ўрану да ўзроўняў вышэй 3,67% у бліжэйшыя гадзіны.
Заява Тэгерану стала чарговым парушэннем умоваў дагавора. У траўні Іран павялічыў вытворчасць узбагачанага ўрану, які можа ўжывацца як у атамных рэактарах, гэтак і для стварэння ядравай зброі. У краіне і без таго назапашаны запас узбагачанага ўрану, які перавышае аб’ёмы, абумоўленыя ва ўмовах ядравай здзелкі.
15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расія) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак у 2018 годзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.
8 траўня 2019 года прэзідэнт Хасан Рухані заявіў, што Іран адмаўляецца выконваць некаторыя палажэнні пагаднення, заключанага ў 2015 годзе па ядравай праграме Тэгерану. Ён прыгразіў аднавіць вытворчасць высокаўзбагачанага ўрану праз 60 дзён, калі еўрапейскія краіны не дапамогуць Ірану справіцца з наступствамі амерыканскіх санкцыяў.
9 траўня Еўразвяз і прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікая Брытаніі заявілі, што ядравая здзелка з Іранам з’яўляецца «ключавым дасягненнем глабальнай арганізацыі ядравага нераспаўсюджвання», якая «адпавядае ўсім інтарэсам бяспекі». У сумеснай заяве кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў заклікалі Іран устрымлівацца ад крокаў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі. «Мы не прымаем любыя ўльтыматумы і будзем ацэньваць выкананне Іранам сваіх абавязкаў, звязаных з ядравай галіною, у адпаведнасці з Сумесным усёабдымным планам дзеянняў і Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядравай зброі», – заявілі ў ЕЗ.