Ірландская спайка

Апошнім часам аднавіліся і імкліва набіраюць ход дыскусіі пра магчымасць хуткага ўз’яднання Ірландыі.

Фота www.life.ru


У 2-м артыкуле дзеючай Канстытуцыі Ірландыі прапісана наступнае: «Прыналежная (ірландскаму) народу тэрыторыя складаецца з усяго вострава Ірландыя, прылеглых да яго астравоў і тэрытарыяльнага мора». Наступны пункт Асноўнага закону ўвогуле сцвярджае, што ўсе законы, якія прымае ірландскі парламент, дзейнічаюць таксама на ўсім востраве.

Відавочна, што дакумент цалкам супярэчыць рэчаіснасці. Поўнач вострава знаходзіцца пад кантролем Лондана з 1921 года, калі ірландцам была навязаная мірная дамова. Паводле яе Ірландыя станавілася Свабоднай дзяржавай пад пратэктаратам Брытанскай Кароны, а Поўнач засталася часткай каралеўства, паколькі гэта было месца кампактнага пражывання англічанаў-пратэстантаў. Хутка ў Дубліне змянілася ўлада — і новы ўрад заявіў, што не прызнае зместу дамовы. Праўда, дамагчыся перагляду статусу шасці паўночных графстваў не атрымалася.

Пасля гэтага барацьба за аб’яданне Ірландыі набыла папяровы фармат. Дублін перыядычна прымаў законы, якія падкрэслівалі яго намер вярнуць Поўнач, дапускаў стварэнне агульнаірландскага ўрада і ішоў на дэмаршы кшталту выхаду са складу Брытанскай садружнасці (у 1948 годзе). У адказ на гэта ў Лондане прымалі свае акты, якія забаранялі перагляд статусу Паўночнай Ірландыі без згоды мясцовых жыхароў.

У перспектыву аб’яднання верылі хіба сябры партыі Шын Фейн, чыя парамілітарная фракцыя — Ірландская Рэспубліканская Армія (IRA) — прыкладна з 1925 года вяла ледзь не адкрытую вайну з брытанскімі сілавікамі. Аднак і яе кіраўніцтва пагадзілася падпісаць так званую «Дамову вялікай пятніцы» 1998 года, якая забараняе інтэграцыю Поўначы ў Ірландыю насуперак волі жыхароў краю. З улікам таго, што большасць насельніцтва складаюць пратэстанты, аб’яднанне стала выглядаць утопіяй.

І раптам 26 ліпеня Леа Варадкар, прэм’ер-міністр Ірландыі, дазволіў сабе пасаж, што выхад Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюза без пагаднення можа стаць штуршком да аб’яднання Ірландыі. Ён таксама выказаў меркаванне, што жорсткі Brexit можа паставіць пад сумнеў прыналежнасць Шатландыі да Злучанага Каралеўства. Раней з такіх радыкальных пазіцый выступаў хіба што той самы Шын Фейн, які яшчэ ў 2017 годзе анансаваў кампанію за рэферэндум пра аб’яднанне Ірландыі.

Новы слэнг ірландскіх палітыкаў, безумоўна, абумовіў працэс Brexit, які абвастрыў пытанне з рэжымам на мяжы паміж Ірландыяй і Ольстэрам. Перспектыва выхаду Паўночнай Ірландыі, як часткі Вялікабрытаніі, з ЕС можа прывесці да аднаўлення «жорсткай» палітычнай і эканамічнай мяжы паміж паўночнай і паўднёвай часткамі вострава. Адноўленая мяжа, на думку аналітыкаў, можа негатыўна адбіцца на сацыяльна-эканамічных стандартах жыхароў Поўначы, што прымушае мясцовы палітыкум (у тым ліку нават частку пратэстантаў) змагацца, каб захаваць прапіску ў еўрапейскім мытным саюзе. Пры гэтым толькі 32 працэнты жыхароў Ольстэра гатовыя на палітычную інтэграцыю з ЕС.

Непакояць людзей і заявы радыкалаў. У выпадку аднаўлення памежнага кантролю адна з фракцый IRA гатовая зноў пачаць баявыя акцыі. З іншага боку, пратэстанцкія парамілітарныя арганізацыі таксама заявілі пра гатоўнасць адкапаць сякеру вайны, калі Паўночная Ірландыя нейкім чынам застанецца ў ЕС пасля Brexit. На іх думку, толькі моцная мяжа з Ірландыяй гарантуе выратаванне пратэстантаў ад дыктату каталікоў.

Ёсць кампрамісны варыянт наконт мяжы, які дапускае, што Паўночная Ірландыя можа заставацца чальцом Мытнага саюза ЕС і адзінага еўрапейскага рынку, у той час як астатнія часткі Злучанага Каралеўства выйшлі б з гэтых структур. Аднак такі сцэнар не задавальняе Лондан, паколькі парушае цэласнасць унутранага рынку краіны. Пазней паступала прапанова, згодна з якой на мяжы з Ірландыяй з’явіцца спецыяльная буферная зона. Пры гэтым Паўночная Ірландыя будзе мець сумесны статус як у Вялікабрытаніі, так і ў ЕС. Але такі варыянт апынуўся непрымальны для брытанскай Палаты абшчын.

З іншага боку, ніякай зразумелай альтэрнатывы па праблеме мяжы Даўнінг-Стрыт, 10 таксама не прапануе. Пакуль што новы прэм’ер Джонсан спрабуе хіба толькі манеўраваць. Ён дамовіўся з ірландскім калегам, што ніводны бок не будзе спрабаваць аднавіць памежны кантроль у выніку выхаду Брытаніі з ЕС. Хутчэй за ўсё, гэта з’яўляецца тактычнай гульнёй, каб заспакоіць грамадства напярэдадні галасавання за праект Джонсана наконт Brexit.

Аднак па выніку пакуль усе віражы Джонсана выклікаюць пачуццё нейкага хаосу, які стымулюе навіны з Шатландыі. Паводле апублікаваных 5 ліпеня вынікаў апытанняў, колькасць аматараў незалежнасці стала павялічваецца (цяпер 52 працэнты супраць 48). Гэта дазваляе чакаць хуткага абвяшчэння новага плебісцыту пра выхад краю са складу Аб’яднанага Каралеўства. Дарэчы, Джонсан ужо паспеў выказацца катэгарычна супраць такой ідэі.

З улікам таго, што 1 лістапада — фінальная дата, калі Брытанія па плане Джонсана павінна пакінуць ЕС, бліжэйшым часам сумбуру будзе ўсё больш. Таму выключаць нічога нельга. У тым ліку і старту праекта аб’яднання Ірландыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!