Італія. Увесці санкцыі супраць каланізатараў

Луіджы дзі Маё, лідар італьянскага левапапулісцкага «Руху пяці зорак», які ўваходзіць у склад цяперашняга ўраду, гальванізаваў італьянска-французскія спрэчкі наконт міграцыі скандальнай прапановай.

Італьянец лічыць неабходным увесці санкцыі супраць еўрапейскіх краінаў, якія ў свой час праводзілі каланіяльную палітыку на Чорным кантыненце. Менавіта каланіяльная спадчына, на думку Луіджы дзі Маё, выклікала цяперашні міграцыйны крызіс. 

«Францыя ніколі не спыняла каланізацыю дзясяткаў афрыканскіх дзяржаў. Еўрасаюз павінен накласці санкцыі на Францыю і ўсе іншыя падобныя да Францыі краіны, якія збядняюць Афрыку і прымушаюць гэтых людзей з’язджаць. Афрыканцы павінны заставацца ў Афрыцы, а не на дне Міжземнага мора», — лічыць Луіджы дзі Маё.

Еўрапейскія чыноўнікі пакуль не ведаюць, як рэагаваць на незвычайную ідэю. У тым ліку таму, што Італія ў свой час таксама праводзіла ў Афрыцы агрэсіўную каланіяльную палітыку і, паводле такой логікі, таксама павінна апынуцца пад санкцыямі.

Між тым, частка эліты былых французскіх калоній у Афрыцы хутка скарысталіся заявай Луіджы дзі Маё, каб патрабаваць ад Парыжа розных «пернікаў». У прыватнасці, закранаецца пытанне карэкціроўкі пагадненняў наконт цэнтральнаафрыканскага франка — агульнай грашовай адзінкі 14 афрыканскіх краін, якія ўваходзяць у валютную зону, падпарадкаваную банку ў Парыжы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!