Як абразіць прэзідэнта?

На фоне спраў і судовых працэсаў за абразу беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў цікава назіраць за сітуацыяй у Польшчы. Тут завялі «крыміналку» на пісьменніка, які назваў прэзідэнта «дэбілам».
Анджэй Дуда (Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP)

Анджэй Дуда (Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP)

Наогул, не толькі Польшча лічыць абразу кіраўніка дзяржавы злачынствам. У іншых еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Германіі, Італіі і Іспаніі, за абразу прэм’ера ці прэзідэнта таксама можна атрымаць тэрмін або штраф. Аднак з Польшчай — выпадак асобны, паколькі тутэйшае грамадства абапіраецца на каштоўнасці і спадчыну супраціву камуністычнаму аўтарытарызму, якому быў уласцівы культ асобы і недатыкальнасць рознага кшталту генсекаў.

У любым выпадку, пачалася гэтая эпапея ў лістападзе 2020 года, калі сталі вядомыя вынікі выбараў прэзідэнта Злучаных Штатаў. Адрэагавала на перамогу Джо Байдэна і каманда прэзідэнта. 7 лістапада Дуда выклаў твіт, у якім павіншаваў Байдэна з «паспяховай прэзідэнцкай кампаніяй», адзначыўшы, што фармальна да рашэння калегіі выбаршчыкаў прэзідэнт не лічыцца абраным.

Такую асцярожную фармулёўку віншавання з Варшавы можна растлумачыць тым, што Дуда лічыўся партнёрам Дональда Трампа. Акрамя таго, шанцы апошняга дамагчыся перагляду вынікаў галасавання на той момант выглядалі някепска.

Сярод іншых на твіт гаранта адрэагаваў 37-гадовы літаратар Якуб Зульчык. У сваім каментары пад запісам Дуды ён адзначыў, што кіраўнік Польшчы дэманструе неразуменне, як працуе амерыканская сістэма. У выніку гэта дало яму падставу прыпісаць наступнае: «Джо Байдэн — 46-ты прэзідэнт ЗША. Анджэй Дуда — дэбіл».

Нельга сказаць, што запіс выклікаў асаблівы рэзананс. Тады дыягназ ментальнага стану гаранта з боку літаратара амаль не заўважылі. Гаварыць пра яго пачалі на мінулым тыдні, калі пракуратура прад’явіла Зульчыку абвінавачанне ў адпаведнасці са 135-м артыкулам Крымінальнага кодэкса Польшчы, які прадугледжвае да трох гадоў турмы за публічную абразу кіраўніка дзяржавы.

Увогуле, спраў наконт абраз прэзідэнта пасля 1989-га (года пачатку дэмакратычнай трансфармацыі) за Бугам заўжды хапала. Усе прэзідэнты без выключэння ўдастойваліся не вельмі ўхвальных эпітэтаў і мянушак ад сваіх грамадзян. Заводзіліся таксама і справы, якія, праўда, не мелі вынікаў.

У гэтым плане няма сумневу, што вердыкт Феміды па справе Зульчыка будзе дастаткова мяккім. Але для грамадскасці важны сам прэцэдэнт. Тое, што за слова «дэбіл» можна атрымаць позву ў пракуратуру, ліберальная апазіцыя трактуе праз прызму палітычнага працэсу. Яго характарызуе курс урада на абмежаванне палітычных свабод.

Цікавая дыскусія ўзнікла з нагоды самой практыкі пакарання за абразы афіцыйных асоб. Варта адзначыць, што польскае заканадаўства — абсалютны еўрапейскі рэкардсмен наконт законаў, якія тычацца абраз асоб, пачуццяў, сімвалаў і гэтак далей.

Таму сярод юрыстаў вельмі папулярная ідэя скарыстацца справай Зульчыка для лібералізацыі ў гэтай галіне. «Ніхто не супраць законаў, якія абараняюць годнасць кіраўнікоў дзяржаў, але справы па гэтых артыкулах павінны разглядацца ў рамках грамадзянскага, а не крымінальнага працэсу», — піша мясцовая прэса.
Іншыя юрысты прапануюць абмежаваць пакаранне за абразу крайнімі выпадкамі, якія ў агульнапрынятым разуменні выходзяць далёка за межы агульнапрынятага публічнага дыскурсу. Асноўная думка наступная: калі дзяржава адчувае сябе ў бяспецы, яна не мае патрэбы ў абароне з дапамогай крымінальнага права.

Для некаторых палякаў анекдатычная сама тэма, што Дуда мог адчуць сябе пакрыўджаным праз тое, што ў сеціве (дзе, як вядома, хапае лаянкі) нехта назваў яго непрыгожым словам. Гэта супярэчыць прынцыпам еўрапейскай юрыспрудэнцыі, якія сцвярджаюць, што грамадскія і палітычныя дзеячы павінны мірыцца з рознымі формамі крытыкі і ўспрымаць падобную крытыку інакш, чым прыватныя асобы.

Сам Дуда, дарэчы, узяў дыстанцыю ад учынкаў пракуратуры. Яго прэс-сакратар заявіў, што ні прэзідэнт, ні яго офіс не ўдзельнічаюць у справе Зульчыка. Але такая пазіцыя выклікала відавочную супярэчнасць, на якую звярнуў увагу адзін з выкладчыкаў права Варшаўскага ўніверсітэта. «Калі прэзідэнт адчувае сябе абражаным, ён можа падаць хадайніцтва ў пракуратуру і пракурор можа пачаць пераслед. Аднак у дадзеным выпадку асабіста пракурор вырашае, адчувае прэзідэнт абразу праз каментар або не? Гэта маразм!» — кажа ён.

Выданне «Rzeczрospolita» развівае гэты тэзіс — і нават прапануе распачаць справу супраць пракурора па артыкуле… за абразу прэзідэнта. «Хіба ўчынкі пракурора не паставілі Анджэя Дуду ў вельмі смешнае становішча, не падарвалі яго аўтарытэт?» — задае пытанне аўтар артыкула.

На думку аўтара публікацыі «Rzeczрospolita», адзінае выйсце для Дуды, калі ён хоча захаваць твар, — тэрмінова ўнесці ў Сейм законапраект, які зробіць артыкул за абразу афіцыйнай асобы больш мяккім. «Такім чынам Дуда можа не толькі палепшыць свой імідж, але і паказаць, што гатовы да крытыкі», — адзначае журналіст.

Як бачым, у польскай улады ёсць варыянты наконт таго, як захаваць павагу грамадзян. А вось як беларускай давесці, што яна гатовая да крытыкі, цяжка сказаць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: