Як будуць піць літоўцы?

Напрыканцы мая Сейм Літвы прыняў папраўкі да закона, якія павінны жорстка абмежаваць спажыванне алкаголю.

Літаральна напярэдадні разгляду законапраекта ў яго аўтараў з’явіўся моцны аргумент. Сусветная арганізацыя аховы здароўя назвала Літву самой пітушчай краінай у свеце. Па выніках мінулага года кожны жыхар рэспублікі выпіў у сярэднім 16 літраў чыстага алкаголю, што з'яўляецца абсалютным сусветным рэкордам. Акрамя таго, краіна трапіла ў дзясятку дзяржаў, дзе фіксуецца больш за ўсё выпадкаў ракавых захворванняў, звязаных з ужываннем алкаголю.

«У краіне, якая лідзіруе ў свеце па спажыванні алкаголю, неабходна распачаць неадкладныя дзеянні. Гэта пытанне не палітыкі, а якасці жыцця нашых людзей», — заявіў кіраўнік урадавай партыі «Зялёныя — Сяляне» Рамунас Карбаўскіс перад тым, як агучыць дэталі паправак да закона. Планавалася забараніць рэкламу алкаголю, павялічыць узроставы цэнз пры набыцці алкагольных напояў да 20 гадоў, скараціць час продажу алкаголю ў будзённыя дні з 10 раніцы да 20 вечара і ў нядзелю — з 10 да 15 гадзін.

У адказ на антыалкагольныя захады ўладаў тэрмінова паўстала «алкагольнае лобі». Планы ўраду выклікалі сур'ёзную заклапочанасць ва ўладальнікаў гандлёвых сетак, турыстычнага бізнесу, а таксама арганізатараў рознага кшталту фестываляў, якія маюць уплывовых лабістаў у лакальных органах улады. Супраць «сухога закона» таксама выступілі мэры найбуйнейшых гарадоў Літвы. Бургамістры баяцца, што турыстычная прывабнасць гарадоў, дзе алкаголь увечары нельга набыць, будзе больш нізкай.

«Алкагольнае лобі» сфармулявала сваю пазіцыю таксама са спасылкай на лічбы. Паводле дадзеных экспертаў за 2016 год, большасць літоўцаў ужывалі алкаголь у хатніх умовах, а 10 працэнтаў літоўцаў выпілі каля 37% усяго спажыванага ў краіне алкаголю. Іншымі словамі, абмежаванне продажу не адаб'ецца на побытавым характары спажывання алкаголю і яго аматарах.

Супраць выступіла і частка моладзі, якая пабачыла ў законе замах на прыватныя свабоды, і наогул назвала яго абсурдным. Уявіце маладую літоўскую сям’ю, дзе, як часта бывае, муж старэйшы за 20 гадоў, а жонцы 20 гадоў яшчэ няма. Калі закон будзе прыняты, можа паўстаць кур’ёзная сітуацыя, калі муж пойдзе ў бар выпіць піва, а яго другая палова па законе павінна будзе стаяць ля ўваходу ва ўстанову. Каб не дапусціць у будучыні такога кшталту сітуацый, супраць гэтага закону ў буйных гарадах краіны прайшлі канцэрты з удзелам найбольш вядомых рок-музыкаў.

Лідар сацыял-дэмакратаў, якія таксама ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю, Гінтаўтас Палуцкас раптам паведаміў, што сацыял-дэмакраты ўхваляюць толькі 3 з 15-ці прапаноў партнёраў па кабінеце. У сваю чаргу, ужо згаданы эколаг-аграрый Рамунас Карбаўскіс заявіў, што ад галасавання сацыял-дэмакратаў па праекце наконт абмежавання алкаголю можа цалкам залежаць лёс кааліцыі.

Аднак, калі 26 мая справа дайшла да галасавання, сацыял-дэмакраты зарэкамендавалі сябе як самыя паслядоўныя апартуністы. Заявіўшы з трыбуны Сейма пра тое, што палітыка «Зялёных — Сялян» «дэманструе сумневы і непавагу да здольнасці паўналетняга чалавека адказна прымаць рашэнні», сацыял-дэмакраты пагадзіліся з усімі абмежаваннямі, супраць якіх выступалі яшчэ ўчора. Такую непаслядоўную лінію эксперты тлумачаць нежаданнем эсдэкаў губляць дзяржаўныя пасады — як следства магчымага краху існуючай кааліцыі.

Праўда, прыняты 26 мая закон усё ж больш ліберальны за той, які прапаноўваўся ад самага пачатку. У выніку муніцыпальныя ўстановы будуць мець права самі вырашаць пытанне гандлю алкаголем падчас масавых мерапрыемстваў. Рэкламай не будуць лічыцца назвы прадпрыемстваў, якія гандлююць алкаголем, лагатыпы або гандлёвыя знакі канкрэтных напояў.

Тым не менш, прадстаўнікі алкагольнага лобі незадаволеныя «падачкамі». Літоўскія вытворцы моцных напояў сцвярджаюць, што іх чакаюць цяжкія часы. Праз фактычную забарону рэкламы алкаголю ў выгадным становішчы апынаюцца іх замежныя канкурэнты, чыя рэклама будзе даходзіць да жыхароў Літвы праз замежныя СМІ і сацыяльныя сеткі. Прагназуюць, што павялічацца паездкі літоўцаў за мяжу, дзе алкаголь праз ніжэйшыя мясцовыя акцызы будзе таннейшы за літоўскі. Ужо ёсць прыклад Эстоніі, дзе пасля павышэння акцызаў краіна страціла 10 мільёнаў еўра — народ масава выправіўся набываць тое ж піва ў суседнюю Латвію.

Што тычыцца палітычных наступстваў рэформы, то тут пакуль шмат незразумелага. З аднаго боку, «Зялёныя — Сяляне», дзякуючы новаму закону, даводзяць, што яны не папулісты, а сапраўды заклапочаныя сітуацыяй на вёсцы — галоўнай ахвяры «зялёнага змея». То бок, пазіцыі ўраду ў рэгіёнах будуць больш устойлівыя. З іншага боку, наўрад ці новы закон прымусіць літоўцаў-алкаголікаў кінуць піць. Асноўныя прычыны цягі правінцыялаў да гарэлкі звязаныя з хранічным беспрацоўем, якое новы закон не ліквідуе.

«Увесь гэты вэрхал з антыалкагольным законам вельмі падобны на спробу адцягнення ўвагі ад важных для грамадства пытанняў — новага Працоўнага кодэксу і павышэння на 12 працэнтаў ПДВ на цэнтральнае ацяпленне. Так ці інакш, тое, што адбываецца, даводзіць ідэалагічны крызіс нашых партый. Тыя, хто пры ўладзе, хочуць застацца пры ўладзе, а тыя, хто ў апазіцыі, наадварот, мараць разваліць цяперашнюю кааліцыю і заняць кабінеты. Пазіцыя партый па ўсіх іншых пытаннях — дробныя і не вельмі важныя дэталі. Што тычыцца алкагольнага заканадаўства, думаю, што на гэтым гісторыя не скончыцца: незадаволенымі застаюцца турсектар і шоў-бізнес, які, дарэчы, і фінансаваў моладзевыя пратэсты. Хутчэй за ўсё, прадпрымальнікі, якія зацікаўленыя ў вялікіх фестывалях і турыстах, будуць намагацца неяк паўплываць на палітычны працэс», — падкрэсліў у каментары НЧ літоўскі прафсаюзны актывіст Эвальдас Бальчунас.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: