Як Буг стаў мяжой

Сто гадоў таму на карце Усходняй Еўропы з’явілася лінія, якая з часам атрымала назву «Лінія Керзана», а трошкі пазней стала контурам цяперашняй заходняй мяжы Беларусі.


Прыкладна напачатку 1917 года ўсім стала зразумела, што аднаўленне польскай незалежнасці пасля заканчэння Вялікай вайны (так на Захадзе называюць Першую сусветную) непазбежнае. Канстатацыя факту прымусіла дыпламатаў дзяржаваў Антанты пачаць маляваць будучыя польскія межы. Узгаднілі тыя картаграфічныя планы ў час Парыжскай мірнай канферэнцыі ў 1919 годзе.

У выніку 8 снежня 1919 года незалежная Польшча атрымала свае межы. Заходнюю мяжу (з Германіяй) узгаднілі дакладна. А вось з усходняй — з улікам грамадзянскай вайны ў былой Расійскай імперыі — паўсталі відавочныя праблемы. Таму вырашылі абмежавацца праектам часовай умоўнай мяжы Польшчы, на ўсход ад якой яна нейкі час не мела права ствараць свае адміністрацыі. Праходзіла тая лініяў праз Гродна — Ялаўку — Няміраў — Брэст-Літоўскі і далей на поўдзень.

Дасюль не сціхаюць спрэчкі, чаму польска-беларускі кардон павінен выглядаць менавіта так. На польскіх гістарычных сайтах пішуць, што дыпламаты абапіраліся ў асноўным на польска-расійкую мяжу перад Трэцім падзелам Рэчы Паспалітай. Ёсць версія, што прымаўся пад увагу этнаграфічны складнік.

Нарэшце, існуе версія, паводле якой тую лінію малявалі, нахабна грэбуючы гісторыяй і этнаграфіяй. Справа ў тым, што малявалі яе прадстаўнікі імперскіх дзяржаваў. Таму асноўным прынцыпам размежавання, маўляў, аказаўся каланіяльны вопыт, калі ролю мяжы, як правіла, адыгрывалі рэкі. У нашым рэгіёне такая «ганаровая» функцыя дасталася Бугу.

У прынцыпе, з улікам хаосу, які панаваў тады ў нашым рэгіёне, патрабаванні парыжскай Дэкларацыі аднагалосна ігнаравалі ўсе ўдзельнікі шматлікіх лакальных канфліктаў — Польшча, Украінская Народная Рэспубліка (УНР), бальшавікі, лідары белага руху, аўтары праекту БНР і гэтак далей. Польшча настойвала на пашырэнні сваёй тэрыторыі далей на ўсход, УНР хацела аб’яднаць усе ўкраінскія этнічныя землі ў адзіную дзяржаву, правадыры «белых» бачылі будучыню краю толькі ў межах Расійскай імперыі, заходнім беларускім рубяжом аўтараў БНР лічыўся Беласток.

У гэтым плане наступ Пілсудскага ўвесну 1920-га далёка на ўсход ад лініі, намаляванай у Парыжы, спачатку асаблівай крытыкі ў Антанты не выклікаў. Тым больш, пасля краху Дзянікіна Захад быў зацікаўлены ў новых антыбальшавіцкіх праектах. Аднак паход скончыўся катастрофай пад Кіевам, і хутка фронт імкліва пакаціўся на Захад. Зараз мы чытаем пра гэтыя падзеі вельмі спакойна, ведаючы развязку: у жніўні пад Варшавай «чырвоныя» былі спыненыя. Аднак улетку 1920-га ўсё было значна больш драматычна: заходнія сталіцы ахапіла сапраўдная паніка.

Тут і з’явіўся на сцэне тагачасны дырэктар брытанскага МЗС лорд Джон Керзан, які 11 ліпеня прапанаваў Леніну мір у абмен на вывад войскаў на дэмаркацыйную лінію з той самай «Парыжскай Дэкларацыі» ад 8 снежня 1919-га. Ва Усходняй Галіцыі дэмаркацыйнай лініяй павінна была стаць лінія фронту на момант спынення агню.

Прычым, з Варшавай Керзан асабліва не кансультаваўся. Яе, як называецца зараз, папросту «нахілілі». Залежны ад заходняй вайсковай дапамогі Пілсудскі 16 ліпеня быў вымушаны дэ-факта прызнаць «Лінію Керзана» ўсходнім польскім этнічным рубяжом. Гэта можна было трактаваць (так і будзе пазней) як адмову Польшчы ад тэрыторый на ўсход ад Буга.

Зрэшты, Ленін адкінуў усе прапановы дэмаркацыйных ліній, якія былі ўсталяваныя дзяржавамі Антанты. Лічылася, што Чырвоная Армія здольная прарвацца праз Польшчу ў Германію і даць імпульс новай рэвалюцыйнай хвалі. Праз згаданую вышэй паразу пад Варшавай бальшавікам давялося абмежавацца Рыжскім мірам. Пра «Лінію Керзана» практычна ўсе забыліся.

Імя брытанскага лорда і яго картаграфічныя эксперыменты нечакана ўсплылі падчас Другой сусветнай вайны. Пасля канфлікту з польскім эміграцыйным урадам у 1943 годзе Сталін загадаў забыцца на дамову з палякамі, паводле якой у ліпені 1941-га СССР адмаўляўся ад тэрытарыяльных наступстваў пакту Молатава—Рыбентропа. Цяпер СССР пачаў спасылацца на «Лінію Керзана» як на алібі для далучэння заходніх Украіны і Беларусі ў 1939 годзе. З улікам фактару Чырвонай Арміі на фронце Захад асабліва не аспрэчваў сталінскія канструкты. Увесну 1945 года ўдзельнікі Крымскай канферэнцыі канчаткова пагадзіліся з прапановай савецкага ўраду — пакласці ў аснову пасляваеннай савецка-польскай мяжы «Лінію Керзана».

Польшча, дарэчы, магла страціць на карысць БССР і УССР значна больш. На думку некаторых гісторыкаў, адмова Сталіна ад Падляшскага і Беластоцкага рэгіёнаў, Пшэмысля і Хелма адбылася ў абмен на далучэнне да СССР часткі Усходняй Прусіі з Кёнігсбергам (першапачаткова меркавалася, што ўся Усходняя Прусія будзе належаць Польшчы). Дарэчы, тэма прыналежнасці пералічаных польскіх раёнаў зноў набыла актуальнасць у 1956 годзе, калі Польшчу ахапілі хваляванні. У гэты час Мікіта Хрушчоў пагражаў Варшаве, «у выпадку спробы Польшчы пакінуць лагер сацыялістычных дзяржаваў», анексіяй часткі спрэчных тэрыторый.

Падаецца, пасля 1956 года заклікаў рэвізіі «лініі Керзана» не было. Хіба што іх можна было пачуць з боку часткі польскіх і ўкраінскіх нацыяналістаў, аднак гэта, хутчэй, — галасы маргінэсу. Спадчына брытанскага лорда, напэўна, сапраўды не ідэальная, аднак дзе вы бачылі мяжу, якая б усім падабалася?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: