Як гартавалася сталь

«Сталёвай рэвалюцыяй» назваў выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян вынікі пазачарговых парламенцкіх выбараў 20 чэрвеня.
dw.com

dw.com

Папярэдняй, як вядома, рэвалюцыяй у Арменіі была «аксамітная» ў 2018 годзе. Пры гэтым яна была такой жа раптоўнай і неспадзяванай для ўсіх, як і цяперашняя «сталёвая». Нагадаем, калі ў сакавіку 2018-га Нікол Пашынян анансаваў антыўрадавы марш на Ерэван пад назвай «Мой крок», ніхто ў самых смелых фантазіях не думаў, што пратэст выльецца ў сапраўдны Майдан і адхіленне ад улады карабахскага клана. Большасць палітолагаў чакалі ад акцыі Пашыняна нейкага невялікага перформансу.

Падобныя з’едлівыя каментары наконт перспектыў Пашыняна гучалі і напярэдадні апошняга галасавання па выбарах у парламент. Многім падавалася, што Арменія не даруе адміністрацыі Пашыняна паразы ў Нагорным Карабаху. Падпісанне Ерэванам пагадненняў 10 лістапада пра мір у Карабаху абсалютна ўсе палітычныя сілы Арменіі палічылі капітуляцыяй, пратэстоўцы ў той жа дзень уварваліся ў рэзідэнцыю прэм’ера ды абяцалі павесіць палітыка. Пазней яму давялося абвясціць пра адстаўку.

Прыкметнае расчараванне ў Пашыняне, дарэчы, фіксавалі напярэдадні выбараў сацыялагічныя канторы. У пачатку чэрвеня амерыканскі Інстытут Гэлапа рапартаваў, што за «Грамадзянскую дамову» Пашыняна гатовыя аддаць галасы толькі 25,2% выбаршчыкаў. Лідзіраваў у апытаннях блок «Арменія» — партыя рэваншу і прарасійскай арыентацыі, які ўзначальваў экс-прэзідэнт Роберт Качаран.

Вынікі выбараў татальна супярэчаць усім прагнозам. Спіс кандыдатаў «Грамадзянскай дамовы», паводле дадзеных ЦВК, перамагае з 53,92%, блок «Арменія» набірае 21,04%. Трэцім ідзе блок «Гонар маю» былога прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна з 5,23%. І хоць Саргсян не набраў 7% галасоў, неабходных для ўваходжання ў парламент, але туды ён усё ж пройдзе. Таму што ў армянскім заканадаўчым органе абавязкова мусяць прысутнічаць як мінімум тры палітычныя сілы.

Такіх вынікаў ніхто не чакаў. Асабліва ў Маскве, дзе яшчэ ўвосень набыла папулярнасць думка: «Страта Арменіяй Карабаху стала платай за “аксамітную рэвалюцыю”». Правал Пашыняна на выбарах быў лагічным працягам такой формулы. І раптам — правальны правадыр «аксамітнай рэвалюцыі», наадварот, святкуе перамогу.

Некаторыя палітолагі спрабуюць растлумачыць гэты феномен нават у такіх катэгорыях, як «палітычнае шаленства». Так ацаніў вынікі выбараў адзін з маскоўскіх каментатараў. На яго думку, немагчыма простым розумам дайсці, чаму ў насельніцтва няма пытанняў да ўлады, з-за якой нацыя атрымала прыніжэнне. Паколькі ўлада ніякай адказнасці ні за што не нясе, то, на яго думку, мае сэнс чакаць новай катастрофы. Лагічным у гэтым плане, напрыклад, будзе страта ўсяго Нагорнага Карабаху.

Да арыгінальных версій можна аднесці тэорыю пра тое, што армяне, галасуючы за спіс Пашыняна, намагаліся адпомсціць Расіі за яе невыразныя паводзіны падчас канфлікту. Тады Турцыя актыўна дапамагала саюзнаму Азербайджану, а Расія доўгі час дыстанцыявалася ад саюзніка па АДКБ. За гэта яе, маўляў, і пакаралі на выбарах 20 чэрвеня.

Аднак, калі прыгледзецца да некаторых асаблівасцяў армянскай палітыкі, то вікторыя Пашыняна не выглядае так ужо фантастычна. Напрыклад, апазіцыя актыўна крытыкавала Пашыняна за правал у Нагорным Карабаху. У выніку партыйныя праекты апанентаў улады сталі закладнікам свайго ваяўнічага іміджу. Перамога апазіцыі разглядалася як нейкі пралог да рэваншу, да новай вайсковай канфрантацыі. Аднак запыт грамадства быў на мір.

Акрамя таго, галоўныя лідары партый, якія канкурыравалі з Пашынянам, у грамадскай свядомасці, як і раней, адносяцца да алігархаў або прадстаўнікоў старой карумпаванай эліты. Падобная публіка не выклікае татальнага даверу ў выбаршчыка. Асабліва шмат каму не спадабалася, калі штабы апазіцыйных партый спрабавалі традыцыйна купляць галасы электарату за кошт раздачы рысу, цукру і іншых прадуктаў.

На фоне канкурэнтаў адносна свежы і не замяшаны ў буйных аферах Пашынян, падаецца, яшчэ не вычарпаў крэдыт даверу. Можна пагадзіцца з рэзюмэ амерыканскага часопіса Eurasianet: «Перамога “Грамадзянскай дамовы” абумоўленая не дасягненнямі дзеючай улады, а тым, што людзі не хацелі галасаваць за мінулае».
Тым больш, нейкія дасягненні ва ўрада Пашыняна ўсё ж былі. Гэты Кабмін зрабіў установы аховы здароўя для грамадзян, маладзейшых за 18 гадоў, бясплатнымі. Арменія за гады Пашыняна паднялася ў рэйтынгу барацьбы з карупцыяй. Да эскалацыі карабахскага канфлікту назіраўся рост ВУП.

Так што пэўная рацыя галасаваць за Пашыняна ў армян усё ж была. У любым выпадку, 20 чэрвеня Пашынян атрымаў другі карт-бланш на рэформы. Як ён будзе ім распараджацца і што прынясе краіне «сталёвая рэвалюцыя» — пакуль пытанне. У сваіх першых заявах пераможца выбараў кажа пра неабходнасць кансалідацыі нацыі і грамадства.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: