Як каты і чыпсы перамаглі кансерватараў

На старце кампаніі ў красавіку сацыёлагі малявалі Мэй значную перавагу. Аднак у выніку салідны задзел быў прафуканы, а лейбарысты прыплюсавалі сабе 30 месцаў. Да іх поспеху прыклаў лапу і кот Лауры, які жыве ў рэзідэнцыі прэм’ер на Даўнінг-Стрыт.


Кот Лауры

Хуткі рэферэндум наконт сяброўства ў ЕС, канец марам пра незалежнасць Шатландыі, адстаўка прэм’ера, чарговыя пазатэрміновыя выбары ў бліжэйшай перспектыве  — такія сцэнары абяцаюць для Вялікабрытаніі палітолагі для па выніках выбараў 8 чэрвеня.

На раніцу 9 чэрвеня канчатковых вынікаў галасавання яшчэ не было, аднак, аналізуючы экзіт-полы, усе эксперты пагаджаліся: у Вялікабрытаніі пасля пазатэрміновых выбараў 8 чэрвеня — так званы “падвешаны парламент”, калі ніводная партыя не будзе мець большасці. Пакуль вымалёўваецца наступная карціна: кансерватары атрымаюць 314 месцаў, а лейбарысты — 266 (усяго ў Вестмінстэры 650 дэпутацкіх месцаў, адпаведна, каб мець большасць, патрэбна 326 дэпутатаў).

Нягледзячы на такі расклад сілаў, кансерватары як партыя, што мае адносную большасць дэпутатаў, можа паспрабаваць сфармаваць т.зв. “кабінет меншасці”. Праўда, лічыць гэта перамогай язык не паварочваецца. На старце кампаніі ў красавіку сацыёлагі малявалі Мэй амаль 30 пунктаў перавагі над апазіцыяй. Аднак у выніку салідная перавага была прафуканая. Замест чаканай агоніі лейбарыстаў мы сталі сведкамі іх, напэўна, самай яскравай кампаніі з часоў Тоні Блэра. Пра гэта сведчаць фінальныя вынікі: лейбарысты на гэтых выбарах прыплюсавалі сабе 30 месцаў.

Уздым лейбарыстаў тлумачыцца пакетам фактараў. Напрыклад, ім удалося паставіць у цэнтр выбарчых дэбатаў вельмі зручнае для левай партыі пытанне сістэмы аховы здароўя, фінансаванне якой Мэй, наадварот, прапанавала скараціць. Відавочна, падарвала пазіцыі торы і серыя тэрарыстычных атак, якія мелі месца ў Манчэстэры і Лондане ў апошні месяц.

Аднак, безумоўна, асноўным драйверам лейбарыстам стаў іх старшыня Джэры Корбін, які жорстка крытыкаваў капіталізм і абяцаў адрадзіць мадэль сацыяльнай дзяржавы 70-х гадоў.

Такая рыторыка найбольш спадабалася моладзі, у асяроддзі якой рэйтынг папулярнасці лейбарыстаў зашкальваў — больш за 70 працэнтаў.

Да таго ж палітычны стыль Корбіна, безумоўна, выклікаў у простага чалавека больш сімпатый на фоне арыстакратычнай, халоднай Тэрезы Мэй.  

Адным з самых запамінальных эпізодаў кампаніі стала сцэна, калі на вуліцы нехта прапанаваў Корбіну чыпсы. Палітык без комплексаў узяў і пачаў іх есці на радасць натоўпу. Гэтую сцэну прэса назвала паваротным момантам у кампаніі.

 

 

Дарэчы, некаторыя кажуць, што Корбін нічога асабліва не прыдумляў, а папросту імпартаваў напрацоўкі кампаніі дэмакрата Берні Сандэрса, як летась зрабіў фурор за акіянам, калі паабяцаў пабудаваць у Амерыкі сацыялізм.

Нельга не ўзгадаць яшчэ адзін кур’ёзны выпадак. Прыклаў да поспеху лейбарыстаў лапу і кот Лауры, які жыве ў рэзідэнцыі прэм’ер на Даўнінг-Стрыт. Падчас кампаніі Мэй прызналася, што Лауры трымае ад гаспадаркі дыстанцыю. Такія паводзіны жывёлы яна растлумачыла тым, што сабакі ёй асабіста больш сімпатычныя, і ўвогуле яна лічыць сябе персонай з характарам сабакі (dog person). Споведзь прэм’ера не спадабалася шмат каму, паколькі, паводле вядомага жарту, менавіта брытанцы прыдумалі катоў.

Нягледзячы на тое, што ў нацыянальных апытаннях лейбарысты літаральна напярэдадні выбараў нават абскакалі торы, тыя ўтрымалі большасць у парламенце дзякуючы мажарытарнай сістэме.

Аднак што ж далей? Відавочны канфуз на выбарах ставіць пытанне пра новага партыйнага лідара. Акрамя таго, кансерватары зрабілі сваёй фішкай на выбарах тэму Brexit (выхад з ЕС). У сувязі з вынікамі выбараў ураду ўжо раяць адкласці пачатак працэдуры і нават правесці рэферэндум наконт вяртання ў склад Еўрасаюзу. Адным словам, да стабільнасці, якую абяцала Мэй, калі анансавала выбары ў красавіку, яшчэ вельмі далёка.

Застаецца дадаць, што выбары развеялі незалежніцкія ўтопіі Партыі шатландскіх нацыяналістаў (SNP), якая згубіла 21 мандат (у тым ліку праляцеў былы лідар нацыяналістаў). Хаця партыя Стрэджэн (лідар SNP) дасюль  падтрымліваюць шмат шатландцаў, з такой нестабільнай электаральнай арыфметыкай не можа быць і гаворкі пра рэферэндум наконт абвяшчэння незалежнасці.  



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: