Як Расія руйнуе дэмакратыю ва ўсім свеце, — справаздача Freedom House

Міжнародная няўрадавая праваабарончая арганізацыя «Freedom House» прадставіла справаздачу «Руйнуючы дэмакратыю: задачы, стратэгіі і метады сучасных аўтакратаў».

Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

Аўтары даследавання лічаць, што імклівы рост сучаснага аўтарытарызму ў такіх краінах, як Расія і Кітай, уяўляе сур'ёзны выклік ліберальнай дэмакратыі ва ўсім свеце, бо гэтыя дзяржавы здольныя значна ўзмацняць уплыў на палітычныя рашэнні ў дэмакратычных краінах шляхам прыцягнення палітычных кансультантаў і лабістаў.

Як пішуць даследчыкі, сучасны аўтарытарызм мае поспех там, дзе праваліліся папярэднія таталітарныя сістэмы, праз новыя стратэгіі рэпрэсіяў, эксплуатацыю адкрытых супольнасцяў, а таксама распаўсюджанне неліберальных палітык у дэмакратычных краінах.

Расія пры прэзідэнце Пуціне, як сцвярджае “Freedom House”, мае вялізную ролю ў развіцці сучасных аўтарытарных сістэмаў, асабліва ў кантролі сродкаў масавай інфармацыі, прапагандзе, здушэнні грамадзянскай супольнасці і паслабленні палітычнага плюралізму. Згубнае спалучэнне несправядлівых выбараў і «мажарытарызму» распаўсюджваюцца на неліберальных лідараў часткова дэмакратычных краінаў.

Усё часцей палітыкі-папулісты ва ўладзе абвяшчаюць сваё права на здушэнне СМІ, грамадзянскай супольнасці і іншых дэмакратычных інстытутаў, спасылаючыся на падтрымку большасці выбарнікаў, гаворыцца ў справаздачы. Пашыраецца феномен найму палітычных кансультантаў і лабістаў з дэмакратычных краінаў, каб прадстаўляць інтарэсы аўтакратыі.

Перапісванне гісторыі ўсё больш распаўсюджваецца сярод аўтакратаў, піша Freedom House. Тут ініцыятыву ўзяла на сябе Расія, дзе дзяржава ўзяла на сябе паўнамоцтвы пісаць падручнікі гісторыі і пераглядаць гістарычную ролю Сталіна.

Што пішуць пра Беларусь

Беларусь у справаздачы ўпамінаецца некалькі разоў. Гаворыцца, у прыватнасці, пра тое, што апазіцыйным лідэрам цяпер пагражае не толькі забойства, але і турэмнае зняволенне ды іншыя метады застрашвання і пераследу (згадваецца таксама «знікненне без звестак» чатырох чалавек у 1999-2000 гадах). Беларусь згадваецца таксама ў кантэксце зняцця абмежаванняў на канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека.

Адсутнасць дыпламатычных наступстваў за свае дзеянні можа заахвоціць аўтакратаў «скінуць квазідэмакратычны камуфляж»: у прыклад прыводзіцца Беларусь як «апошняя дыктатура Еўропы», якой пастаянна даюць «яшчэ адзін шанец на рэформы».

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!