Як стаць Напалеонам

Сорак гадоў таму Жан Бедэль Бакаса, дыктатар Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, каранаваўся тытулам імператара па прыкладзе Напалеона. Дэталі каранацыі дасюль шакуюць, а яе наступствы — добры ўрок для тых, хто фліртуе з аўтарытарнымі рэжымамі.

Фота www. dnr24.su

Толькі зараз гісторыкі пачалі прызнаваць, што адной з самых вялікіх катастроф мінулага стагоддзя быў правал дэкаланізацыі ў Афрыцы. Надзеі на тое, што незалежнасць надасць краінам кантыненту імпульс для развіцця, хутка зніклі. Мясцовыя маладыя дэмакратыі трансфармаваліся ў брутальныя дыктатуры пад патранатам сусветных геапалітычных цэнтраў. Пекін, Масква, Парыж, Вашынгтон змагаліся паміж сабой рукамі лаяльных ім афрыканцаў, забяспечвалі бакі канфліктаў грашыма і зброяй.

Адзінае, чаго часам не хапала лакальным князькам і генералам, — нейкага крутога статусу, важнага элементу іх легітымнасці. Адсюль незвычайныя тытулы, якія прысабечвалі афрыканскія лідары, — «кароль Шатландыі» (Ідзі Амін ва Угандзе) або «Певень, які камандуе ўсімі курамі ў свеце» (Мабуту ў Заіры).

Але найбольшы комплекс непаўнавартасці, падаецца, быў у генерала Жана Бакаса з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (ЦАР). Яго шлях ва ўладу — дастаткова характэрны для тагачасных афрыканскіх дыктатараў: кар’ера ў каланіяльнай арміі, пасада кіраўніка Мінабароны пасля абвяшчэння незалежнасці ЦАР і, нарэшце, путч (1966), у выніку якога Бакаса абвясціў сябе прэзідэнтам.

За першыя 14 гадоў свайго кіравання новы гарант на фоне суседзяў асабліва не вылучаўся. Хіба што арыгінальна змагаўся з крыміналам. Злоўленых зло­дзеяў прэзідэнт асабіста збіваў у турме да смерці.

Славуты Бакаса стаў яшчэ адным адметным учынкам: у 1976-м — напярэдадні візіту Кадафі — Бакаса прыняў іслам, узяўшы імя Ахмед. Госць, які сімпатызаваў ісламу, ад радасці даў Ахмеду 2 мільёны долараў. Аднак не паспеў самалёт Кадафі прызямліцца ў Трыпалі, як Ахмед зноў вярнуўся ў хрысціянства.

Так ці інакш, адным цудоўным днём у 1976 годзе Бакаса абвясціў сябе імператарам накшталт Напалеона. І нацыянальнае радыё адразу паведаміла, што краіна цяпер перастала быць рэспублікай, а ператварылася ў імперыю пад кіраўніцтвам любімага імператара Бакаса Першага.

На гэтым гісторыя не скончылася. Бакаса вырашыў у дэталях паўтарыць каранацыю Напалеона, што адбылася 2 снежня 1804 года ў парыжскім Нотр-Даме. У якасці эрзацу Нотр-Дама ў горадзе Бангі была абраная частка стадыёна. Яе дэкаравалі пад парыжскі храм. Строі прысутных таксама нагадвалі фасоны пачатку ХІХ стагоддзя. Асабістую гвардыю Бакасы апранулі ў мундзіры напалеонаўскіх грэнадзёраў. Сам Бакаса, як і Напалеон у 1804-м, быў у 12-метровай мантыі, зробленай з футра гарнастаяў. Галаву афрыканскага Банапарта ўпрыгожвай залаты вянец.

Праўда, цалка скапіяваць цырымонію не атрымалася. На каранацыі не хапала Рымскага Папы. Менавіта Пантыфік у 1804 годзе абвясціў Напалеона Банапарта імператарам. Павел VI, кіраўнік Ватыкана ў 1974 годзе, карэктна адмовіўся ад запрашэння Бакасы нанесці візіт у ЦАР. У выніку Папу замяніў сам Бакаса, які ўрачыста абвясціў сябе імператарам. Пасля на яго галаву ўсклалі карону і далі ў рукі скіпетр.

На гэтым афіцыйная частка скончылася. Уся сталіца выйшла на вуліцы святкаваць каранацыю. На той час людзі яшчэ не ведалі, што ўрачыстасці каштавалі больш за 30 працэнтаў гадавога бюджэту краіны. Толькі касцюм Напалеона, зроблены для Бакасы ў Бельгіі, абышоўся ў 145 тысяч долараў. За адзін з алмазаў у імператарскай кароне давялося заплаціць два мільёны долараў. З улікам таго, што сярэдні даход на аднаго чалавека ў ЦАР на той час складаў усяго 250 долараў на год, можна ўявіць эканамічныя наступствы каранацыі для эканомікі краіны.

Але ніякай эканамічнай катастрофы не адбылося. Усё дзякуючы генію новага імператара, які цудоўна ведаў, што замежныя спонсары заплацяць за ўвесь гэты банкет. «За ўсё, што адбываецца вакол, заплаціць французскі ўрад. Мы заўжды можам атрымаць адтуль грошы», — выхваляўся Бакаса. І не падмануў. Французскі прэзідэнт Валеры Жыскар д’Эстэн, якому была важна захаваць геапалітычны кантроль над краінай, пагадзіўся выкласці дваццаць мільёнаў долараў — менавіта столькі каштавала мерапрыемства.

Нават па стандартах тагачаснай Афрыкі, з’яўленне на мапе кантынента імперыі шакавала. Як пісала ў снежні 1977 года сенегальскае выданне «Afrique Nouvell», падзея «выклікае вялікі сум і сведчыць, як моцна кульгае Афрыка ў пошуках самой сябе». Амерыканская прэса пісала, што суседзі асцярожна спрабавалі давесці новаму імператару, што гэта ўжо занадта. Аднак той адказваў, што гэта толькі праявы зайздрасці. «У мяне ёсць імперыя, а ў вас няма», — аргументаваў Бакаса.

Аднак праіснавала імперыя нядоўга. Французскі спецназ у 1979 годзе зрынуў імперыю. Перавароту папярэднічалі чуткі пра тое, што Бакаса захапляецца канібалізмам. Сітуацыю ўскладніла і фатальная ініцыятыва імператара. Той увёў школьную ўніформу (натуральна, са сваёй выявай), вырабляць і прадаваць якую мела права толькі фабрыка, што належала кіраўніку дзяржавы. Каля 80 вучняў, якія пратэставалі, былі забітыя, што выклікала шок нават у былых спонсараў.

Праўда, французскім палітыкам падтрымка Бакасы каштавала ўсё роўна вельмі дорага. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 1981 года прэса дазналася пра блізкія адносіны Бакасы і д’Эстэна, якому імператар-канібал дарыў алмазы. Шмат у чым той скандал адбіўся на выніках выбараў: Валеры Жыскар д’Эстэн прайграў Франсуа Мітэрану.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць