Як свет выходзіць з каранціну

Еўропа, якая моцна пацярпела ад хваробы, ужо імкліва адмаўляецца ад каранцінных абмежаванняў: у Аўстрыі ўжо аднавілі працу гандлёвыя цэнтры, жыхарам Іспаніі і Італіі, якія пацярпелі ў Еўропе ад пандэміі больш за іншых, дазволілі гуляць на вуліцы, актыўна ўзяліся за паслабленне каранціну Грэцыя, Германія, Літва.
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com


Дзе і як у свеце выходзяць з жорсткага каранціну, які выклікаў COVID-19, распавядае tsn.ua.


Краіны, якія ўжо часткова аслабілі каранцін

Італія

4 траўня ў Італіі запрацавала другая фаза змякчэння каранціну, якая прадугледжвае паступовае змякчэнне жорсткіх абмежаванняў, якія дзейнічалі цягам 55 дзён. Змякчэнне каранцінных мерапрыемстваў прадугледжвае аднаўленне вытворчай дзейнасці і адкрыццё паркаў, каб людзі маглі выходзіць на прагулкі. У панядзелак таксама аднаўляецца праца будаўнічых кампаній і некаторых аптовых гандляроў. Аднак пры ўмове выканання пратаколаў бяспекі на працоўным месцы.

Таксама ўлады дазволілі перасоўвацца па сваіх рэгіёнах для наведвання сваякоў, але масавыя сямейныя сходы яшчэ забароненыя. Сустрэчы з роднымі павінны адбывацца пры выкананні дыстанцыі і выкарыстання масак. Патрабаванне запаўнення сертыфікатаў з пацвярджэннем мэты паездкі захоўваецца. У іншыя рэгіёны пакуль ездзіць нельга, акрамя рабочай неабходнасці.

Дазволілі праводзіць пахаванні, але прысутнымі могуць быць не больш за 15 чалавек. Рэкамендавана праводзіць цырымонію на адкрытым паветры. Бары і рэстараны зноў адкрыюцца для абслугоўвання на вынас, але ежу трэба ўжываць толькі дома.

А вось школы ў Італіі будуць зачыненыя аж да верасня.

Іспанія

4 траўня ў Гішпаніі, дзе каранцін быў самым жорсткім у Еўропе, пачаўся другі этап паслаблення абмежаванняў. Так у краіне ўжо з панядзелка плануюць адкрыць цырульні, некаторыя спартыўныя ўстановы, невялікія офісы і нават рэстараны. Праўда, наведвальнікаў там дазволяць пускаць не больш за траціну. Калі ўсё пойдзе добра — запэўнівае іспанскі прэм'ер, ужо да канца чэрвеня краіна вернецца да нармальнага жыцця.

На першым этапе пасля 44-х дзён татальных абмежаванняў ад 28 красавіка іспанскім дзецям зноў дазволеныя прагулкі. Ад 2 траўня іспанцам дазволілі займацца спортам на вуліцы. Аднак надзвычайнае становішча з-за пандэміі каронавіруса ў Іспаніі не спяшаюцца адмяняць і ён будзе доўжыцца як мінімум да 9 траўня.

Грэцыя

Пасля 37 тыдняў строгага каранціну Грэцыя пачынае паступова адмяняць каранцінныя абмежаванні. Пра старт выхаду з каранціну ад 4 траўня паведаміў у эфіры грэчаскага тэлебачання прэм'ер-міністр краіны Кірыакос Міцотакіс у аўторак, 28 красавіка. Паводле яго слоў, план будзе разгорнуты ў тры этапы. Такім чынам, 4 траўня ў Грэцыі адкрыюцца невялікія крамы (у тым ліку і кніжныя) і салоны прыгажосці, будзе скасаваная сістэма SMS для выхаду за межы дома, а таксама будуць знятыя абмежаванні на перамяшчэнне ў межах правінцый краіны. Царквы будуць адкрыты для асобных людзей, каб яны маглі маліцца ў адзіночку, згодна з правіламі максімальнай колькасці вернікаў, дазволенай у царкве адначасова.

З 11 траўня плануюць аднавіць школьныя ўрокі для выпускных класаў. Гандлёвыя цэнтры, кафэ і рэстараны (толькі з выездам на вуліцу) адновяць працу 1 чэрвеня, выконваючы правілы сацыяльнага дыстанцыявання.

Аўстрыя

У краіне ад 4 траўня аднаўляюцца школьныя ўрокі для выпускнікоў. Малодшым вучням паэтапна таксама дазволяць хадзіць у школу. Ад 15 траўня будуць адкрываць рэстараны і бары (аднак тыя будуць працаваць да 23:00).

14 красавіка ў Аўстрыі ўжо аднавілі працу гандлёвыя цэнтры і салоны прыгажосці, гатэлі ў цэнтры Вены таксама ўжо адчынілі дзверы для наведвальнікаў. Праўда, прымаюць не турыстаў, а мясцовых жыхароў, якія патрабуюць спакойнага месца для працы пакуль іх офісы на каранціне.

Германія

4 траўня ў Германіі плануюць аднавіць навучанне ў школах. 20 красавіка ў краіне адкрылі крамы плошчай менш за 800 квадратных метраў.

Немцам неўзабаве таксама дазволяць наведваць заапаркі, паркі, музеі, помнікі, а таксама дзіцячыя пляцоўкі. Паводле канцлера Ангелы Меркель, апошняе слова па паслабленні каранціну будзе за ўладамі федэральных зямель. Асабліва гэтае пытанне будзе тычыцца адкрыцця цэркваў. Таксама будуць дазволеныя некаторыя рэлігійныя абрады, у прыватнасці вянчання, хрышчэння і памінальныя дні. Аднак Меркель да гэтага часу выступае супраць адкрыцця рэстаранаў, называючы гэтае пытанне "праблематычным".

Каранцін у Германіі працягнецца як мінімум да 10 траўня і пытанне аб яго падаўжэнні будзе вырашана на нарадзе з Меркель і кіраўнікамі федэральных зямель краіны.

Польшча

У Польшчы ўжо ад 4 траўня ўвядуць другі з чатырох этапаў паслаблення абмежаванняў, у рамках якога адкрыюць гатэлі, хостэлы і гандлёвыя цэнтры. Гасцінічныя паслугі могуць прадастаўляцца пры ўмове захавання пэўных правілаў бяспекі. Акрамя таго, 4 траўня адкрыюцца гандлёвыя цэнтры і іншыя пункты гандлю. Яны будуць працаваць з захаваннем абмежаванняў — адзін чалавек на 15 кв. м. Жыхары і ў далейшым павінны насіць ахоўныя маскі ў грамадскіх месцах.

6 траўня ў краіне павінны адкрыцца дзіцячыя сады, але канчаткова гэта рашэнне дазволілі прымаць органам улады непасрэдна на месцах. А вось каранцін у школах урад Польшчы вырашыў падоўжыць яшчэ да 24 траўня.

20 красавіка ў Польшчы ўжо адкрыліся для наведвання лясы, паркі і дзіцячыя пляцоўкі.

Сербія

У Сербіі ад 4 траўня запрацуе грамадскі транспарт і чыгунка, а таксама адкрыюцца кафэ і рэстараны. У той жа час пасажыры і наведвальнікі ўстаноў будуць вымушаныя насіць маскі.

6 траўня за адмену надзвычайнага становішча, які дзейнічае ў краіне ад 15 сакавіка, будзе галасаваць парламент.

27 красавіка ў Сербіі ўжо запрацавалі крытыя рынкі, цырульні, салоны прыгажосці, фітнес-цэнтры і трэнажорныя залы. Але з абмежаваннем па колькасці кліентаў і дыстанцыяй паміж імі, абавязковай дэзінфекцыяй усіх паверхняў.

Славенія

Цырульні, салоны прыгажосці і цэнтры па догляду за хатнімі жывёламі плануюць адкрыць у краіне ад 4 траўня. 20 красавіка ў Славеніі ўжо адкрыліся аўтамайстэрні і крамы, якія прадаюць тавары для дома, мэблю, аўтамабілі, ровары.

Казахстан

Ад 4 траўня ў краіне абяцаюць аднавіць авіязносіны паміж гарадамі краіны. 1 траўня ўпершыню пасля месячнага прастою аэрапорты двух галоўных казахстанскіх гарадоў Алматы і Нур-Султана адкрылі свае дзверы звычайным пасажырам.

Егіпет

Улады Егіпта аслабілі каранцінныя абмежаванні, уведзеныя праз каронавірус, часткова дазволіўшы працу гатэляў для ўнутраных турыстаў, піша The New York Times. Да канца траўня ім дазволяць працаваць пры ўмове, калі заселенасць гатэля складзе не больш за 25%, а таксама ўстанаўліваюцца дадатковыя медыцынскія меры для барацьбы з каронавірусам. У прыватнасці, каб аднавіць працу, гасцініцы павінны мець клініку з пастаянным лекарам, таксама рэгулярна правяраць тэмпературу і ўсталяваць дэзінфекцыйныя абсталяванне. Госці павінны рэгістравацца ў гатэлі онлайн, а персанал павінен пастаянна праходзіць хуткія тэсты на каронавірусную інфекцыю. Таксама ў гасцініцах павінны зрабіць спецыяльныя каранцінныя зоны на выпадак, калі будуць выяўлены хворыя.

Ад 1 чэрвеня ўлады Егіпта дазволяць працаваць гатэлям на заселенасць да 50%. На курортах зараз забаронена праводзіць любыя масавыя мерапрыемствы, такія як вечарынкі ці вяселлі, забараняюцца кальяны і буфеты пад адкрытым небам. Што тычыцца харчавання, то яго будуць прадастаўляць турыстам па спецыяльных меню, а адлегласць паміж столікамі павінна быць значна больш.

Малайзія

Малайзійскія прадпрыемства ад 4 траўня пачынаюць працу ў звычайным рэжыме.

Краіны, якія ўжо часткова або цалкам адмянілі каранцін

Чэхія

23 красавіка ў Чэхіі адмянілі агульнанацыянальны каранцін з-за пандэміі каронавіруса, які доўжыўся з сярэдзіны сакавіка. Адной з першых у Еўропе яна цалкам закрыла свае межы, першай іх і адкрыла. Так, яшчэ ад 24 красавіка чэхам дазволена выязджаць у іншыя краіны, у прыватнасці ў неістотныя паездкі, як адпачынак. Але ўязджаць у Чэхію замежнікам па-ранейшаму забаронена. Выключэнне зрабілі для студэнтаў і для дзелавых паездак з краін Еўрасаюза.

Швейцарыя

27 красавіка ў Швейцарыі дазволілі адкрыцца цырульням, салонам прыгажосці, садовым цэнтрам і кветкавым крамам. А таксама лекарам і фізіятэрапеўтам дазволілі праводзіць медыцынскія працэдуры, якія былі адкладзеныя з-за ўспышкі каронавіруса ў краіне.

Адзначаецца, што ўсім крамам, установам і прадпрыемствам, якім дазволена адкрыцца, прыйдзецца прытрымлівацца строгіх правіл па дэзінфекцыі і забеспячэнні неабходнай сацыяльнай дыстанцыі. Аднак федэральныя органы Швейцарыі заявілі, што насіць ахоўную маску пры гэтым не з'яўляецца абавязковым, хоць улада усё роўна на працягу двух тыдняў штодня будзе вылучаць крамам па 1 мільёну масак.

Таксама 11 траўня ў краіне плануюць адкрыць яшчэ больш крамаў і пачатковыя школы. Прафесійныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама бібліятэкі, заапаркі і музеі павінны адкрыцца 8 чэрвеня, пры ўмове, што колькасць інфіцыраваных каронавірусам у краіне не будзе расці.

Літва

У Літве ад 22 красавіка паступова пачынаюць змякчаць абмежавальныя каранцінныя мерапрыемствы, якія былі ўведзеныя ў мінулым месяцы для прадухілення распаўсюджвання каронавіруса. Такім чынам, 22 красавіка ў краіне дазволілі адкрыцца крамам і рынкам, а 27 красавіка ў Літве пачалі працаваць цырульні, бібліятэкі, музеі і палі для гольфа. Адзначаецца, што нягледзячы на дазвол працаваць, прадпрыемствы і бізнес павінны будуць выконваць правілы аб колькасці кліентаў — не больш за аднаго чалавека на 10 квадратных метраў.

Нарвегія і Данія

Нарвегія ўслед за Даніяй, дзе ад 15 красавіка ўжо адкрылі дзіцячыя сады і пачатковыя школы для навучэнцаў 1-5 класаў, 20 красавіка пачала адкрываць дашкольныя ўстановы пасля месячнага закрыцця.

У той жа час для дзяцей у школах і дзіцячых садках распрацавалі спецыяльныя абмежаванні. Яны датычацца захавання дыстанцыі і пастаяннай дэзінфекцыі. Таксама дзіцячыя сады спачатку будуць адкрыты толькі з 7 раніцы да 16:30, а ўсе дзеці абавязаны прыносіць ежу з хаты ў спецыяльных пакетах.

Паўднёвая Карэя

20 красавіка ў краіне аднавіліся службы ў цэрквах і спартыўныя спаборніцтвы без заўзятараў.

Іран

20 красавіка ў Іране аднавілі працу гандлёвыя цэнтры, крамы і рынкі. Аднак крамы будуць працаваць толькі да 18:00. Таксама адкрылі праезд міжнароднымі аўтамагістралямі. Рэстараны, спартзалы, мячэці і іншыя грамадскія ўстановы ўсё яшчэ зачыненыя.

Каранцінныя абмежаванні пачнуць аслабляць ад 11 траўня

Францыя

У адрозненне ад шэрагу еўрапейскіх краін Францыя не спяшаецца аслабляць каранцін. Паступовае паслабленне пачнецца з 11 траўня. Тады адкрыюць невялікія крамы, дазволяць ездзіць у грамадскім транспарце, але толькі пры наяўнасці масак. А яшчэ пачнуць працаваць навучальныя ўстановы. Спачатку садкі, потым малодшыя класы, а ўжо тады сярэднія і старэйшая школа. Пры чым ад 11 гадоў дзяцей абавяжуць насіць ахоўныя сродкі.

Кафэ і рэстараны застануцца зачыненымі.

Украіна

Ва Украіне каранцін падоўжаны да 22 траўня. Але аслабляць яго пачнуць ужо ад 11 траўня. Свае дзверы для наведвальнікаў адкрыюць цырульні, салоны прыгажосці і магазіны, а людзям дазволяць гуляць у парках і лясных зонах.

Паводле tsn.ua

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: