Як уступіць у Еўрасаюз?

Еўракамісія распрацавала новыя правілы ўступлення краін у Еўрапейскі Саюз. Стаць сябрам ЕС будзе больш складана, аднак шанец ёсць.


Дакумент пад назвай «Паляпшэнне працэсу пашырэння — надзейныя еўрапейскія перспектывы» быў агучаны 5 лютага. І перш за ўсё яго змест павінен быў прасвятліць сітуацыю, якая паўстала тры месяцы таму. Тады ЕС раптам прыпыніў пачатак перамоў пра сяброўства з Паўночнай Македоніяй і Албаніяй.

Гэтае рашэнне было прадыктавана Францыяй, якая сыходзіла з таго, што згаданыя балканскія краіны не дасягнулі дастатковага прагрэсу ў правядзенні рэформаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй і ўмацаванне вяршэнства закона. Адначасова Эмануэль Макрон заклікаў да фундаментальнай рэформы працэдуры прыёму ў члены ЕС. На яго думку, толькі пасля такога рэфармавання можна будзе вярнуцца да пытання перспектывы сяброўства балканскіх краін.

У выніку Брусэль быў вымушаны распрацаваць новыя стандарты, якія і пабачылі свет 5 лютага. Сцісла навацыі наступныя — краіны, якія прэтэндуюць на сяброўства ў Еўрасаюзе, павінны больш актыўна праводзіць рэформы. У адваротным выпадку ім пагражаюць штрафныя санкцыі і больш доўгі працэс перамоў наконт уступлення. Таксама прапануецца стварэнне дадатковых стымулаў для дзяржаў-прэтэндэнтаў, якія дэманструюць пазітыў. Ёсць ідэя праводзіць рэгулярныя саміты «ЕС — Заходнія Балканы», а таксама дапускаць міністраў з краін рэгіёну да пасяджэнняў Еўрасаюза, якія іх тычацца.

Прааналізаваўшы дакумент, эксперты робяць галоўным чынам тры высновы. Па-першае, працэс уступлення становіцца больш складаным і бюракратычным. Дастаткова сказаць, што еўрабюракраты ўводзяць у правілы прыёму такое незразумелае азначэнне як «зваротнасць працэдуры прыёму», або магчымасць праводзіць на нейкім этапе аўдыт рэформаў, якія ўжо былі праведзеныя.

Уводзіцца сем накірункаў, па якіх вядуцца перамовы паміж ЕС і краінай-кандыдатам. Прычым прагрэс па кожнай групе ацэньваецца асобна. Рэгрэс у нейкай вобласці дазваляе перагледзець папярэднія высновы і патрабаваць зрабіць працу зноў. Некаторыя правы надаюцца асобным дзяржавам, якія могуць уносіць дадатковыя патрабаванні для кандыдата.

Па-другое, новая еўрапейская стратэгія пашырэння яўна арыентаваная на Заходнія Балканы. У Брусэлі не хаваюць, што дзяржавы-члены ЕС павінны ўхваліць дадзеную прапанову адначасова з адкрыццём перамоў з Паўночнай Македоніяй і Албаніяй да майскага саміту «ЕС — Заходнія Балканы» ў Заграбе.

У выпадку ўхвалення новая формула будзе прымяняцца да Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Косава і Паўночнай Македоніі. Гэта без уліку Сербіі ці Чарнагорыі, якія пачалі перамовы пра далучэнне з Брусэлем. Храналагічна цяжка сказаць, калі закончыцца балканская эпапея.

Па-трэцяе, новы падыход Еўрасаюзу да пашырэння робіць незразумелымі еўрапейскія перспектывы Малдовы, Украіны і Грузіі — клубу краін, якія мараць зайсці ў аб’яднанне пасля Балканаў. З улікам таго, што еўрапейскі арыенцір з’яўляецца падмуркам лакальнай нацыянальнай ідэі, адмова ЕС ад стратэгіі пашырэння можа мець адпаведныя, у тым ліку геапалітычныя, наступствы.

Не дзіўна, што навіны з Брусэлю актыўна каментуюць у той жа Украіне, дзе праеўрапейскі азімут пры Парашэнку быў замацаваны ў Канстытуцыі. Падаецца, той жа лініі трымаецца і Уладзімір Зяленскі, які ў час нядаўняга выступу ў Давосе прапанаваў аўтаматычна запісаць Украіну ў сябры ЕС замест Вялікабрытаніі. У той жа час, шмат хто лічыць, што новы прэзідэнт проста вымушаны дзяжурна агучваць лозунгі Майдану, канцэптуальнай альтэрнатывы якім пакуль няма. У гэтым плане ўкраінскія палітолагі асцярожна кажуць пра нейкі «фінскі» варыянт, калі Украіна атрымае асацыяцыю з ЕС, не будучы фармальна яго сябрам.

Але магчыма, што еўраскептыкам рана святкаваць перамогу. Прэса шмат піша пра нарастаючы канфлікт паміж Парыжам і Берлінам наконт падыходу да Балканаў. Макрону гэты рэгіён, па-вялікім рахунку, фіялетавы. «Сёння Макрон пераняў манеру сваіх папярэднікаў грэбліва ставіцца да гэтага рэгіёну (Балканаў), бачачы ў ім пагрозу для будучыні ЕС», — піша Le Monde, каментуючы рашэнне Парыжу замарозіць уступ Албаніі і Паўночнай Македоніі.

Што тычыцца Германіі, то яна, як лічаць некаторыя, мае комплекс перад балканскімі краінамі праз удзел у развале Югаславіі, які выклікаў перманентныя этнічныя канфлікты. Стабілізацыя Балканаў магчымая ў межах еўраінтэграцыі. Вельмі важная для Германіі і праблема мігрантаў, якія трапляюць у ЕС праз «балканскі маршрут». Такім чынам, працэс экспансіі ЕС на Балканы можа быць дастаткова дынамічным. Гэта, маўляў, з часам зноў зробіць актуальным пытанне новага этапу пашырэння.

У любым выпадку, пасля выхаду Вялікабрытаніі Еўрасаюз павінен быў узяць паўзу для рэвізіі некаторых сваіх прынцыпаў, якая, відавочна, рана ці позна скончыцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: