Як утрымаць каталонцаў?

Чым бліжэй была дата рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, тым больш актыўна Мадрыд намагаўся сарваць галасаванне. Выкарыстоўваюцца вельмі цікавыя прыёмы.

Тры гады таму, у лістападзе 2014-га, каталонцы ўжо ўдзель­нічалі ў плебісцыце аб незалежнасці, які, праўда, меў кансультатыўны характар. Тады больш за 80 працэнтаў тых, хто галасаваў, падтрымалі праект незалежнай каталонскай дзяржавы. Беручы пад увагу статыстыку 2014-га, шанцы Мадрыду на тое, што каталонцы цяпер прагаласуюць супраць, выглядаюць ілюзорнымі.

Аднак не ўсё так прадказальна. Прычына не ў тым, што Канстытуцыйны трыбунал Іспаніі абвясціў рэферэндум неправавой акцыяй, ініцыятары і арганізатары якой могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. І не ў тым, што супраць незалежнікаў пачалася медыйная вайна з абавязковым злівам кампрамату на апанентаў і пагрозамі забраць у каталонцаў усе фінансавыя датацыі.

У Мадрыдзе прыдумалі цікавую схему, як утрымаць каталонцаў у складзе Іспаніі. Паводле яе аўтараў, цалкам зрываць рэферэндум няма патрэбы. Задача цэнтру — зрабіць так, каб плебісцыт не адпавядаў крытэрам правядзення ўсенароднага вольнага апытання. Калі будуць лакальна парушаныя базавыя працэдуры правядзення рэферэндуму, дык можна будзе аспрэчваць агульны вынік. Таму, нават калі большасць каталонцаў прагаласуе за суверэнітэт, паўстануць пытанні наконт легітымнасці мерапрыемства.

А гэта значыць, што пасля 1 кастрычніка не будзе аўтаматычна запушчаны адпаведны закон аб пераходным перыядзе, падчас якога Каталонія павінна атрымаць усе атрыбуты незалежнай дзяржавы.

Ужо зараз відавочна, як будуць намагацца рэалізаваць згаданую схему. За кошт фінансавых устаноў і пракуратуры вядзецца ціск на ўсе фірмы, якія павінны забяспечыць рэферэндум неабходнымі для правядзення матэрыяламі — афішамі, бюлетэнямі, скрынямі для галасавання і гэтак далей. Першыя канфіскацыі выбарчай прадукцыі ўжо мелі месца.

Зрыў лагістыкі падрыхтоўкі рэферэндуму перайшоў у новую фазу 19 верасня, калі адданыя цэнтру сілавікі арыштавалі групу функцыянераў з «La Generalitat» — ураду каталонскай аўтаноміі. З улікам таго, што адначасова ў Мадрыдзе пачалі гаварыць пра новую рэдакцыю пункта канстытуцыі, які тычыцца правоў каталонскай аўтаноміі, у Барселоне заявілі пра замах на свой суверэнітэт. Лідары незалежнікаў заклікалі да мабілізацыі і вулічных акцый пратэсту, кульмінацыя якіх чакаецца ў бліжэйшую нядзелю. Хутчэй за ўсё, тады ж будзе вызначаны і фармат мерапрыемстваў 1 кастрычніка. Тэма правядзення рэферэндуму да гэтага часу не здымаецца з парадку дня, хаця раніцай 21 верасня адзін з лідараў сепаратыстаў прызнаў, што канфіскацыі выбарчых матэрыялаў стварылі сур’ёзныя праблемы.

Такім чынам, 1 кастрычніка на некаторых выбарчых участкаў, хутчэй за ўсё, выбарцы прагаласаваць не змогуць. Кепскую справу незалежнікам могуць зрабіць і занадта фанатычныя прыхільнікі суверэнітэту, якія паспрабуюць  арганізаваць галасаванне без выканання фармальных патрабаванняў.

Яшчэ адно ноў-хаў Мадрыда — наяўнасць у Каталоніі каля сотні муніцыпалітэтаў, кіраўніцтва якіх адмаўляецца праводзіць рэферэндум. Гэта камуны, дзе пры ўладзе знаходзяцца сябры кансерватыўнай Народнай партыі, партыі «Грамадзяне» або сацыялістаў. На фоне 700 муніцыпалітэтаў, якія дакладна правядуць рэферэндум, гэта, напэўна, няшмат. Тым не менш, Мадрыд зможа казаць, што галасаванне не было ўсеагульным.

Такая тактыка Мадрыду прымусіла незалежнікаў нервавацца. Інакш бы на старонках цэнтральнай прэсы не прагназавалі хуткую капітуляцыю Барселоны. Там спадзяюцца, што прыкладна за тыдзень да 1 кастрычніка каталонцы зразумеюць, што рэферэндум дакладна не будзе паўнавартасным. У такой сітуацыі ім застаецца толькі імітаваць усенароднае апытанне або шчыра прызнацца: свята незалежнасці пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

Але на старонках тых жа цэнтральных СМІ не выключаюць і сцэнар, калі 1 кастрычніка народ Каталоніі масава выйдзе на вуліцы і запатрабуе ад каталонскіх уладаў пачаць будаўніцтва незалежнай краіны — тут і зараз, не чакаючы аналізаў юрыстаў. Беручы пад увагу тое, што каталонскія сілавікі ўжо некалькі разоў ігнаравалі інструкцыі Мадрыду, выступ, напэўна, будзе агульнанародным. Цікава, што 8 верасня Барселона заклікала Мадрыд устрымацца ад нейкіх аналагаў АТА на каталонскай тэрыторыі.

Марыя Ішчанка — украінка, якая жыве ў Жыроне, адным з гарадоў каталонскай аўтаноміі, падзялілася з «Новым Часам» прагнозамі наконт рашэння каталонскага пытання.

— Тое, што робіць цэнтральны ўрад, пакуль, як правіла, выклікае негатыўную рэакцыю нават сярод апанентаў ідэі незалежнасці. На іх думку, урад фактычна адмаўляе грамадзянам у праве вырашаць свой лёс. Таму, мяркую, сарваць плебісцыт усё роўна не атрымаецца. 1 кастрычніка каталонцы паспрабуюць засведчыць, што менавіта яны, а не Мадрыд, адказныя за свой край. Пра гэта сведчыць і нядаўні ўчынак мэра Барселоны Ады Калаў (Ada Colau), якая падтрымала правядзенне рэферэндуму, хаця спачатку, не будучы нацыяналісткай, асцярожна ставілася да гэтай ініцыятывы. А вось якія будуць наступствы галасавання — прадказаць цяжка. Большасць маіх суразмоўцаў лічаць, што пачнуцца  перамовы з цэнтральным урадам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: