Як расіяне ў Горадні шукалі розніцы і падабенства з Расіяй

Папулярны ў Расіі відэаблогер Андрэй Ніфёдаў выправіўся са сваймі таварышамі на захад Беларусі, каб параўнаць нашую краіну з Расіяй. Відэа са свайго падарожжа блогер выклаў у сеціве.



Яшчэ не даехаўшы да Горадні, расіяне пачалі наракаць, што ім тут «смярдзіць птушкафабрыка, завод медпрэпаратаў і цукровы завод». «Смурод рэальна пякельны», — заўважыў Андрэй Ніфёдаў.
 
 
«Залятаем у Горадню. Я чакаў пабачыць маленькі гарадок тыпу Траецкага (прадмесця — рэд.) на Нямізе, але тут даволі вялікі горад адгрохалі», —   падзяліўся адзін з расійскіх падарожнікаў. 
 
 
У сталоўцы, якую Ніфёдаў назваў «саўдэпаўскаю», яму прапанавалі двайную порцыю яйка ў халадніку, бо той не хацеў смятаны. «У Расіі я б такога не пачуў, гэта ўнікальны народ», — падкрэсліў блогер, адзначыўшы, што беларусы таксама спакойна рэагуюць, калі іх здымаюць на камеру. Дзівіліся расіяне таксама малым беларускім коштам у параўнанні з расійскімі.
 
 
Наведалі турысты з-за ўсходняй мяжы і Аўгустоўскі канал. «Вельмі прыгожыя, маляўнічыя месцы. Літаральна супакойваюць... На шашлык прыязджаць —  лепей не прыдумаеш», — скаментавалі госці з Расіі.
 
 
«Як тут клёва, — каментавалі падарожнікі на вуліцы Савецкай у Горадні. — Але яна хутчэй не савецкая, а еўрапейская». Тут яны пакаштавалі некаторыя беларускія стравы: жур і мачанку. Беларуская ежа ім спадабалася, праўда, каларытныя назвы выклікалі ў іх неўразуменне. «Мне не падабаецца назва «мачанка» — мачавіну нейкую нагадвае», — каментаваў Андрэй Ніфёдаў. Часам аднак расіяне спрабавалі прамаўляць, на іх думку, па-беларуску, але іх вымаўленне больш нагадвала ўкраінскае. Ніфёдаў пахваліўся веданнем дзвюх беларускіх словаў: бусел і бульба.
 
 
«Люблю Беларусь», — напісаў расійскі блогер пад відэа. «Хачу жыць у Беларусі», — каментавалі інтэрнаўты з Расіі. «Стаўце лайкі за тое, што Ніфёдыч пабываў у культурнай сталіцы Беларусі — Горадні», — выказаўся адзін з жыхароў гарадзенскага мікрараёну Дзевятоўка.
 
 
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!