Які француз не любіць хуткай язды?

З пачатку ліпеня ў Францыі ўступіў у сілу закон, які абмяжоўвае хуткасць на публічных трасах з 90 да 80 кіламетраў на гадзіну. Падавалася, далёка не самая рэзанансная рэформа нечакана выклікала агульнанацыянальны супраціў.

3684 — менавіта столькі французаў пайшлі з жыцця ў выніку аварый на дарогах краіны ў мінулым годзе. У разліку на месяц — больш за 300 нябожчыкаў. Гэтыя лічбы — ці не лепшы аргумент на карысць папраўкі? Трэба таксама ўлічыць, што скарачэнне максімальнай хуткасці з 90 да 80 кіламетраў на гадзіну, як лічаць чыноўнікі, дапамагае захаваць якасць нацыянальных дарогаў. Гаворка пра дарогі, за праезд па якіх, у адрозненне ад аўтабанаў, не трэба плаціць.

Аднак рэакцыя на прапанову ўраду Эдуара Філіпа нечакана аказалася надзвычай негатыўнай. Акцыі пратэстаў аўтааматараў ахапілі ўсю глыбінку. Федэрацыя раз’юшаных байкераў назвала прэм’ера «рэкецірам» ды арганізавала гучны прабег па цэнтры Парыжа. Асацыяцыя ўладальнікаў аўто, якая налічвае каля 8 мільёнаў сябраў, таксама асудзіла праект.

Не дапамагае і абяцанне прэзідэнта Эмануэля Макрона перадаваць усе штрафы за перавышэнне хуткасці ў фонд дапамогі ахвярам ДТЗ. Паводле сацыёлагаў, супраць новай максімальнай хуткасці ў 80 кіламетраў на гадзіну выступае больш за 75 працэнтаў французаў. Адкуль паўстаў такі скепсіс?

Па-першае, мала хто верыць, што рух на хуткасці 80 кіламетраў прынцыпова зменіць смяротную статыстку. Як жартуюць каментатары, з тым жа эфектам можна прадаваць цыгарэты па 30 еўра за пачак і меркаваць, што праблема палення цалкам вырашаная. Па-другое, незразумела, чаму папраўка тычыцца выключна публічных дарог. На аўтабанах, дзе таксама адбываюцца аварыі, захоўваюцца старыя нормы хуткасці. Нарэшце, больш павольны трафік дакладна павялічыць колькасць затораў, што справакуе небяспечныя сітуацыі. Заторы непазбежныя, калі ўлічыць, што грузавікі таксама павінны рухацца з хуткасцю 80 кіламетраў на гадзіну. То бок, абганяць грузавікі прыватным легкавікам фактычна забаронена.

Усё гэта дае абывацелю глебу для падазрэнняў. Маўляў, лабістамі новых правілаў хуткасці былі нейкія будаўнічыя кампаніі, якія мараць распілаваць прыкладна 612 мільёнаў еўра (менавіта столькі спатрэбіцца на тое, каб адаптаваць да новых правілаў 400 тысяч кіламетраў публічных дарог, устанавіўшы 11 тысяч указальнікаў хуткасці, знакаў, шыльдаў і некалькі тысяч радараў).

Цікава, што пытанне наконт новай максімальнай хуткасці аб’яднала розныя палітычныя групоўкі — прадстаўнікі ўсяго палітычнага спектру аднадушна крытыкуюць прэзідэнта і ўрад. Кансерватыўныя партыі лічаць, што новы закон падкрэслівае яўна тэхнакратычную прыроду цяперашняга ўраду. Толькі чыноўнікі-тэхнакраты, далёкія ад народа, могуць думаць, што нейкімі цыркулярамі можна вырашыць сур’ёзную праблему. Дарэчы, Эдуар Філіп абяцаў паменшыць за год колькасць ахвяраў на дарогах на 400 чалавек.

Правінцыйныя ўлады і ліберальныя прадпрымальнікі, інтарэсы якіх абяцаў абараняць Макрон падчас выбарчай кампаніі, кажуць, што павольны рух на дарогах пагоршыць сітуацыю з беспрацоўем у прыгарадах буйных гарадоў. Мясцовыя вымушаныя зранку дабірацца на працу ў горад на прыватных машынах. Калі для падарожжа спатрэбіцца больш часу, правінцыялы будуць больш стомленымі на працоўным месцы. Як вынік, бізнесмены пачнуць надаваць прыярытэт тым, хто жыве побач з месцам працы.

Расчараваў Макрон і так званы «крэатыўны клас». Цяпер увесь свет змагаецца за тое, каб павялічыць хуткасць транспартных сродкаў. Той жа Ілан Маск прапануе будаваць цягнікі-гіперлупы, якія будуць рухацца з хуткасцю тысячу кіламетраў на гадзіну. Аўтамабільныя кампаніі запускаюць машыны, якімі будуць кіраваць робаты. Машыны змогуць у тым ліку выбудоўваць максімальна хуткія маршруты. Адным словам, урад яўна глядзіць у мінулае, а не ў будучыню.

Нарэшце, на думку левых крытыкаў Макрона, прычына росту аварый — не ў нормах хуткасці, а ў псіхічных асаблівасцях кіроўцаў. Праз ліберальныя рэформы шматлікія французы баяцца за свае працоўныя месцы, увесь час жывуць у стане стрэсу. Адсюль і шалёны рост колькасці ДТЗ.

Чым больш чытаеш тэксты крытыкаў новага закону, тым больш падаецца, што тэма пра хуткасць трошкі штучная. Папросту грамадства, якое мае зуб на Макрона, выкарыстала закон як нагоду для атакі на Елісейскі палац.

Сапраўды, адміністрацыя Макрона перажывае не лепшыя часы. Яна не здолела перака­наць грамадства ў неабходнасці запланаваных рэформаў. Наадварот, Макрон перасварыўся са шматлікімі катэгорыямі насельніцтва — пенсіянерамі, прафсаюзамі, студэнтамі. Захісталіся і шэрагі макраністаў. Нікаля Юло, міністр экалогіі, дасылае нейкія супярэчлівыя сігналы наконт свайго знаходжання ў кабінеце.

Тым часам закон працуе, і пакуль мірыцца з ім французы, падаецца, яўна не збіраюцца. Часам справа даходзіць да дэманстратыўнага сабатажу новых дарожных знакаў. Так ці інакш, скандал павялічвае шансы хуткай адстаўкі кабінета Эдуара Філіпа. Калі кабінет пратрымаецца, галоўным тэстам для яго і для прэзідэнта будуць выбары ў еўрапарламент у наступным годзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: