Які яшчэ каранцін? Чаму Швецыя не закрывае крамы і паркі з-за каронавіруса

У той час, калі краіны спрэс уводзяць жорсткія каранцінныя меры з-за пандэміі каронавіруса, акрамя Беларусі, яшчэ адна еўрапейская дзяржава вырашыла не ўводзіць каранцін, а пакінуць жыццё сваіх грамадзян амаль такім жа, як раней.

Шведы любяць гуляць у парках. І падчас эпідэміі ў парках шмат людзей

Пра тое, чаму ў Швецыі няма каранціну, на што разлічваюць мясцовая сістэма аховы здароўя і шведскія палітыкі, і ці вераць грамадзяна сваёй уладзе, высвятляла  ВВС.

У Стакгольме нарэшце скончылася доўгая зіма, на вуліцах стала сонечна і цёпла, і людзі карыстаюцца гэтым, запаўняюць адкрытыя кафэ.

Увесь мінулы тыдзень у сталіцы Швецыі працавалі начныя клубы, але ў нядзелю тут забаранілі збірацца групамі больш за 50 чалавек.

Параўнайце гэта з суседняй Даніяй, дзе забаронена збірацца больш чым па 10 чалавек, ці з Брытаніяй, дзе наогул не рэкамендуецца бачыцца з кім-небудзь па-за домам.

 

Адказнасць — на кожным

Пры гэтым жыццё ў краіне ў цэлым прыкметна запаволілася. Паводле стакгольмскай транспартнай кампаніі SL, колькасць пасажыраў у метро і прыгарадных цягніках знізілася за мінулы тыдзень на 50%.

Амаль палова жыхароў сталіцы працуюць з дому. Паводле ацэнкі дзяржаўнай кампаніі, якая рэгулюе дзелавое жыццё горада, амаль 90% супрацоўнікаў найбуйнейшых кампаній працуюць з дому. Гэтаму дапамагае працоўная культура Швецыі, пры якой кампаніі заахвочваюць гнуткі графік і аддаленую працу.

«Усе кампаніі, якія ў прынцыпе могуць гэта зрабіць, перайшлі на новы рэжым. І гэта працуе!» — кажа кіраўнік арганізацыі Стафан Інгварсан.

Яго словы выдатна ілюструюць стратэгію ўрада Швецыі па барацьбе з захворваннем: галоўнае — адказнасць кожнага асобнага чалавека. Мясцовая сістэма аховы здароўя і шведскія палітыкі па-ранейшаму разлічваюць, што краіна здолее спыніць распаўсюд каронавіруса без драконаўскіх мер.

Улады прапаноўваюць насельніцтву не жорсткія ўказы, а хутчэй рэкамендацыі — гэта парады заставацца дома людзям сталага веку і не занадта здаровым людзям, пазбягаць непатрэбных паездак, працаваць дома і мыць рукі.

Паводле апошніх звестак, у Швецыі зарэгістраваныя амаль 3,5 тысячы выпадкаў заражэння вірусам, 105 чалавек памерлі.

«Мы ўсе дарослыя людзі і павінны паводзіць сябе як дарослыя — ніякай панікі або чутак, — заявіў прэм'ер-міністр Стэфан Лёвен у тэлезвароце да нацыі на мінулым тыдні. — Падчас гэтага крызісу ніхто не павінен застацца ў адзіноце, але на кожным з нас ляжыць сур'ёзная адказнасць».

 

Шведы вераць уладам

Большасць шведаў глядзелі гэты зварот і ўхвалілі яго. У Швецыі — наогул высокі ўзровень даверу да ўладаў, што, на думку многіх, прымушае людзей прытрымлівацца рэкамендацый урада.

Асаблівую ролю тут можа адыграць дэмаграфічны фактар. У адрозненне ад краін паўднёвай Еўропы, дзе маладыя людзі часта жывуць з бацькамі, у Швецыі больш за палову хатніх гаспадарак складаецца з самотных людзей, што істотна зніжае рызыку заражэння каронавірусам.

Пры гэтым шведы любяць бываць на свежым паветры, і ўлады перакананыя, што фізічнае і псіхічнае здароўе грамадзян важнейшае, чым жорсткія забароны на перамяшчэнне і зносіны.

«Мы павінны адначасова ўлічваць уздзеянне эпідэміі і на здароўе людзей, і на эканоміку краіны, — кажа Андрэас Хацыгеоргіу, кіраўнік Стакгольмскай гандлёвай палаты. — Наша дзелавая супольнасць лічыць, што шведскі падыход да гэтай праблемы больш разумны, чым у шматлікіх іншых краінах».

 

Ці маюць шведы рацыю, вырашыць гісторыя

Аднак з пагаршэннем сітуацыі ў іншых еўрапейскіх краінах многія шведы пачынаюць ставіць пад сумнеў пазіцыю ўрада.

Некаторыя шведы перакананыя, што ўлады неўзабаве зменяць тактыку і ўвядуць больш строгія меры каранціну. Урад такога развіцця падзей не выключае.

«Думаю, што людзі схільныя прытрымлівацца рэкамендацый, але ў падобнай крытычнай сітуацыі я не ўпэўненая, што гэтага дастаткова», — кажа доктар Эма Франс, эпідэміёлаг з Каралінскі інстытута.

Яна заклікае ўлады выпусціць «больш дакладныя інструкцыі» аб тым, як людзі павінны паводзіць сябе ў грамадскіх месцах, такіх, як крамы і трэнажорныя залы.

Як лічыць доктар Эма Франс, толькі гісторыя далей пакажа, якім еўрапейскім краінам удалося выпрацаваць найбольш эфектыўную стратэгію ў барацьбе з пандэміяй.

«Ніхто на самай справе не ведае, якія меры будуць самымі дзейснымі, — кажа яна. — І добра, што гэтыя рашэнні даводзіцца прымаць не мне».

Паводле www.bbc.com, пераклад НЧ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: