Якім будзе абліча Новага года — вырашыў прэзідэнт асабіста

Прэзідэнт Туркменістана ўзяўся асабіста кантраляваць антураж навагодніх святаў.

Гурбангулы Бердымухамедаў узяўся асабіста кантраляваць праграму і антураж навагодніх святаў у сваёй краіне. Пачаў ён з зацверджання аблічча Белага Металічнага Пацука — сімвала 2020 года. Менавіта з папраўленага прэзідэнцкай рукой эскіза будзе выраблены ў розных варыяцыях звярок, які ўпрыгожыць вуліцы і скверы Ашхабада і іншых туркменскіх населеных пунктаў, піша "Незалежная газета"

Ашхабад напярэдадні Новага года на ўсю моц упрыгожваюць сімваламі года па ўсходнім календары. З лёгкай рукі прэзідэнта белы металічны пацук апрануў зялёную шапачку, шалік і рукавіцы.


Бердымухамедаў — вялікі прыхільнік астралогіі, з асаблівым захапленнем займаўся навагоднім сімвалам два гады таму. Тады наступаў год Сабакі, а ў жывёльным свеце Туркменістана мясцовая знакамітасць алабай калі саступае ў кульце, то толькі легендарным коням ахалтэкінцам. Тады нацыянальны ўлюбёнец алабай упрыгожыў усе куты і закуткі туркменскіх гарадоў.

У мінулым годзе паўстала некаторая напружанасць — набліжаўся год Свінні, жывёлы, мякка кажучы, не папулярнай у мусульманскіх краінах. Але Бердымухамедаў не стаў паглыбляцца ў рэлігію, і сімпатычная свінка змяніла алабая.

Краіна даўно прывыкла да таго, што ні адно пытанне не вырашаецца без прэзідэнта. Вось і цяперашняе рашэнне мясцовых уладаў сабраць з бюджэтнікаў і школьнікаў грошы на куплю навагодніх упрыгожванняў для гарадскіх ёлак паўстала з даручэння Бердымухамедава рэгіянальным чыноўнікам: на вышэйшым узроўні падрыхтавацца да святкавання Дня міжнароднага нейтралітэту 12 снежня (нейтральны статус Туркменістана замацаваны ў Канстытуцыі) і заадно да Новага года.

Паколькі казна пустая, то чыноўнікі вырашылі прыцягнуць да арганізацыі святаў насельніцтва. Па паведамленні «Радыё Азатлык», кожная сям'я ў залежнасці ад дастатку павінна раскашэліцца ад 10 да 2000 манатаў (ад 3 да 570 долараў), а навагоднія елкі тут павінны быць устаноўлены да канца гэтага тыдня.

Туркменістан не збіраецца адмаўляцца ад правядзення ўрачыстасцяў і масавых мерапрыемстваў нават у перыяд зацяжнога эканамічнага крызісу.

Паводле udf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: