Януковіч гатовы адпусціць Цімашэнку на лячэнне

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч абяцае падпісаць рашэнне Вярхоўнай Рады аб магчымасці лячэння экс-прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнка за мяжой. Пра гэта ён заявіў 17 кастрычніка падчас візіту ў Данецк. 



«Цяпер палітычнымі сіламі, якія прадстаўленыя ў парламенце, падрыхтаваны законапраект, які дазволіць вырашыць гэтую задачу. Сёння ва Украіне няма закона, які б дазволіў Цімашэнцы выехаць за мяжу. Як толькі гэтае пытанне ў парламенце будзе вырашана, і мне на стол ляжа гэты закон, тады будзе пытанне да прэзідэнта. Натуральна, калі парламент прыме гэты закон, я яго падпішу» сказаў ён журналістам.
 
 
 
«Далей, якія там будуць механізмы... Хутчэй за ўсё, гэта будзе суд, які будзе прымаць рашэнне аб парадку выезду, захаванні нейкіх гарантый» растлумачыў прэзідэнт.
 
 
Нагадаем, палітычныя паплечнікі Цімашэнкі, а таксама яе абарона, настойваюць на тым, што для выезду экс-прэм'ера на лячэнне за мяжу не патрабуецца прыняцце дадатковых законаў.
 
 
Як паведамлялася 16 кастрычніка, дэпутат Еўрапарламента Марэк Сівец, каментуючы прэзентаваную ў сераду справаздачу місіі Аляксандра Кваснеўскага і Пэта Кокса, паведаміў, што падрыхтаваны місіяй Еўрапарламента кампрамісны варыянт вырашэння праблемы экс-прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнка прадугледжвае, што экс-прэм'ер не зможа тры гады балатавацца на выбарах. Акрамя таго, яна павінна выплаціць штраф у памеры каля 200 млн даляраў.
 
 
4 кастрычніка 2013 года стала вядома, што Аляксандр Квасьнеўскі і Пэт Кокс перадалі экс-прэм'еру Юліі Цімашэнка прапанову аб лячэнні ў Германіі і экс-прэм'ер яе прыняла. Акрамя таго, яны падалі прэзідэнту Украіны прашэнне аб памілаванні Юліі Цімашэнка.
 
 
Як вядома, вызваленне ці адпраўка на лячэнне за мяжу Юліі Цімашэнка з'яўляецца адной з умоў падпісання Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС. Пытанне падпісання пагаднення будзе разглядацца на саміце Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: