Японія. Алімпіяда? Дзякуй, не трэба

Японія, як вядома, у наступным годзе прымае летнюю Алімпіяду. Праўда, ёсць японцы, якія спадзяюцца, што мерапрыемства ўсё ж не адбудзецца.

Гэта сябры ініцыятывы супраць правядзення спартовага свята, якая ўпершыню заявіла пра сябе напрыканцы лета. Як і ў іншых краінах, што прымалі Гульні, іх праціўнікі — перш за ўсё жыхары кварталаў, дзе будуюцца спартовыя аб’екты або гатэлі для турыстаў. Ахвярамі алімпійскай забудовы, як правіла, з’яўляюцца арандатары, якія губляюць даступнае жыллё. 

Праўда, ёсць у японскім антыалімпійскім руху і свае асаблівасці. Яго актыўна падтрымліваюць бяздомныя, якія любяць гарадскія паркі японскай сталіцы. Вядома, што мэрыя рыхтуе пастанову, каб забараніць бамжам там начаваць. Клашары настроеныя вельмі радыкальна. 

З іншага боку, улада таксама гатовая дзейнічаць рашуча. Як заявіў у свой час прэм’ер Сіндза Абэ, Алімпіяда дае шанец рэабілітаваць вобраз Японіі пасля аварыі на атамнай станцыі Фукусіма. 

Застаецца дадаць, што на акцыях супраць Алімпіяды ў Токіё прысутнічалі французы і амерыканцы, якія збіраюцца не дапусціць Гульняў у Парыжы (2024 год) і ў Лос-Анжэлесе (2028 год). Яшчэ ніколі ў гісторыі пратэсты супраць будучых Алімпіядаў не рыхтаваліся так рана.

Паводле нямецкай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!