Японія падпіша мірную дамову з Расіяй, калі перададуць толькі два астравы?

Прэм'ер-міністр Сіндза Абэ разглядае магчымасць заключэння мірнай дамовы з Расіяй, калі Масква перадасць Японіі два з чатырох спрэчных астравоў Курыльскай грады, паведамляе агенцтва "Кіёда" са спасылкай на ўрадавыя крыніцы.
Фота РИА «Новости»

Фота РИА «Новости»


Па словах суразмоўцаў агенцтва, прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ гатовы засяродзіцца на перадачы меншых астравоў Курыльскай грады — Хабамаі і Шыкатан.

Як адзначаюць крыніцы, ён разумее, што калі Токіа працягне настойваць на вяртанні адразу чатырох спрэчных астравоў, то гэта можа не толькі прывесці да тупіку ў перамовах, але і скараціць шанцы на атрыманне нават двух астравоў — Хабамаі і Шыкатан.

"Гэта нерэальна", — так пракаментаваў высокапастаўлены ўрадавы чыноўнік, блізкі да Сіндза Абэ, магчымасць пераканаць Расію перадаць Японіі ўсе чатыры спрэчных астравы.

"Няма ніякага спосабу, каб спадар Пуцін ухваліў гэта", — дадаў ён.

Пасля ацэнкі грамадскай думкі Сіндза Абэ, як чакаецца, вынесе канчатковае рашэнне аб тым, ці павінна Японія заключыць здзелку з Расіяй на аснове забеспячэння перадачы двух меншых астравоў.

Сіндза Абэ правядзе перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве ў аўторак.

Агенцтва нагадвае, што раней Пуцін адзначаў, што нават калі два астравы будуць перададзеныя Японіі, гэта не абавязкова азначае, што іх суверэнітэт таксама будзе перададзены, бо ў Сумеснай дэкларацыі 1956 года гэты момант не ўдакладняецца.

У час сустрэчы ў Сінгапуры ў лістападзе мінулага года прэм'ер-міністр Японіі і кіраўнік Расіі дамовіліся актывізаваць перамовы па мірным дагаворы і спрэчных астравах Курыльскай грады на аснове Сумеснай дэкларацыі 1956 года. Згодна з гэтым дакументам, астравы Шыкатан і Хабамаі павінны былі быць перададзены Японіі Савецкім Саюзам пасля заключэння пасляваеннага мірнага дагавора.

Лідары Расіі і Японіі даручылі сваім памочнікам і кіраўнікам МЗС інтэнсіфікаваць перамовы па мірным дагаворы на аснове Дэкларацыі 1956 года. Першы раўнд расійска-японскіх перамоў па праблеме заключэння мірнай дамовы адбыўся ў Маскве 14 студзеня.

Паводле interfax.com.ua



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: