Японская страхавая кампанія замяняе 34 супрацоўніка на робатаў

Страхавая кампанія Fukoku Mutual Life Insurance звальняе супрацоўнікаў. Іх працу па разліках страхавых выплат цяпер будзе выконваць аўтаматызаваная кампутарная сістэма, створаная на аснове штучнага інтэлекту.


Робат на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ў 2016 годзе. Фота AFP


Навуковая фантастыка ўжо даўно апісвала будучыню, у якой людзей на іх працоўных месцах заменяць машыны. Для 34 супрацоўнікаў японскай страхавой кампаніі  Fukoku Mutual Life Insurance гэта будучыня толькі што стала рэальнасцю.


Новая сістэма коштам 200 млн ен будзе ўсталяваная ўжо ў студзені. На думку кіраўніцтва кампаніі, гэта дазволіць павялічыць прадукцыйнасць на 30% і зэканоміць каля 140 млн ен (каля 1,2 млн долараў ЗША) у год на заробках, паведамляе ВВС.

Тэхнічнае абслугоўванне сістэмы, як чакаецца, будзе каштаваць толькі каля 15 млн ен на год.

Японскае выданне "Майніці сімбун" піша, што сістэма заснаваная на тэхналогіі Watson, распрацаванай японскім аддзяленнем кампаніі IBM. IBM апісвае Watson як "кагнітыўную тэхналогію, якая можа думаць, як чалавек". Па словах распрацоўшчыкаў, Watson можа "аналізаваць і інтэрпрэтаваць любыя дадзеныя, у тым ліку неструктураваных тэксты, малюнкі, аўдыё і відэа".

Японская страхавая кампанія будзе выкарыстоўваць штучны інтэлект, каб збіраць звесткі, неабходныя для выплаты застрахаваным, будзе счытваць інфармацыю з медыцынскіх даведак і звесткі аб праведзеных аперацыях або аб знаходжанні ў бальніцы.

"Майніці сімбун" піша, што яшчэ тры японскія страхавыя кампаніі таксама разглядаюць магчымасць укаранення сістэмы штучнага інтэлекту для аптымізацыі сістэмы падбору аптымальных умоў страхавання для кліентаў.

Даследаванне, праведзенае ў мінулым годзе па замове Сусветнага эканамічнага форуму, прагназуе, што павелічэнне прымянення робатаў і штучнага інтэлекту прывядзе да страты 5,1 мільёна працоўных месцаў на працягу бліжэйшых пяці гадоў у 15 вядучых краінах свету.

15 краін, ахопленых даследаваннем, забяспечваюць прыкладна 65% ад агульнай колькасці працоўнай сілы ў свеце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: