Яшчэ адна вакцына супраць COVID-19 паказала высокую эфектыўнасць

Кампанія AstraZeneca абвясціла, што эфектыўнасць вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі новага тыпу, якую яна распрацоўвае разам з Оксфардскім універсітэтам, складае 70 працэнтаў, піша Свабода.



У ходзе тэстаў правяраліся два варыянты ўвядзення вакцыны, якія прадэманстравалі розную эфектыўнасць, гаворыцца ў паведамленні.

У першым выпадку амаль тры тысячы чалавек спачатку атрымалі вакцыну ў палавіннай дозе, а праз месяц у поўнай. Такі спосаб вакцынацыі паказаў эфектыўнасць 90 адсоткаў. Варыянт з паўторным увядзеннем поўнай дозы з розніцай у месяц у амаль 9 тысяч добраахвотнікаў паказаў эфэктыўнасць у 62 адсоткі. Такім чынам, з улікам абодвух тэстаў сярэдняя эфектыўнасць вакцыны, распрацаванай AstraZeneca, складае 70 працэнтаў, адзначаецца ў паведамленні кампаніі.

У прэс-рэлізе асабліва падкрэсліваецца, што вакцына AstraZeneca можа захоўвацца пры тэмпературы ад 2 да 8 градусаў па Цэльсіі, а правядзенне вакцынацыі не патрабуе нейкіх асаблівых умоў.

AstraZeneca гатова вырабіць да 3 мільярдаў доз вакцыны ў 2021 годзе, калі яе распрацоўка будзе дазволена да ўжывання.
18 лістапада карпарацыя Pfizer заявіла аб завяршэнні клінічных выпрабаванняў вакцыны ад каронавіруснай інфекцыі COVID-19, якую яна распрацавала сумесна з нямецкай BioNTech. Паказнік эфектыўнасці вакцыны аказаўся яшчэ больш высокім, чым ацэньвалася раней — не 90 адсоткаў, але 95. Пры гэтым у гэтай вакцыны есць сур’ёзны недахоп — яна патрабуе захоўвання і транспарціроўкі пры тэмпературы мінус 70 градусаў.

Таксама ў лістападзе амерыканская кампанія Moderna паведаміла, што яе вакцына ад новага каронавірусу паказала эфектыўнасць у 94,5 працэнта на трэцяй стадыі выпрабаванняў. Расійскі інстытут імя Гамалііл, у сваю чаргу, паведаміў, што яго распрацоўка «Sputnik V» дэманструе 92-працэнтную эфектыўнасць. Пры гэтым расійская вакцына ўжо зарэгістраваная, хоць трэцяя фаза яе клінічных выпрабаванняў яшчэ не завершаная.
Moderna папярэдне ацэньвае кошт адной дозы сваёй вакцыны ад 25 да 37 даляраў, Pfizer — прыкладна ў 18 даляраў. Распрацоўшчыкі "Sputnik V" заявілі, што іх вакцына будзе каштаваць нашмат танней. AstraZeneca таксама паведамляе, што яе вакцына будзе танней, чым у асноўных канкурэнтаў, але не называе дакладны кошт.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: