Еўракамісар Гюнтэр Этынгер абяцае Літве падтрымку ў пытанні будаўніцтва Беларускай АЭС

Еўракамісія пастараецца абараніць інтарэсы краін — членаў ЕС, калі ўлады Беларусі не прымуць да ўвагі іх крытыку наконт будаўніцтва ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) атамнай электрастанцыі.



Пра гэта заявіў камісар Еўрасаюза па энергетыцы Гюнтэр Этынгер, паведамляе delfi.lt.



"Мы знаходзімся ў кантакце з урадам Беларусі. Галоўным чынам прыняцце рашэнняў залежыць ад іх, а нашая справа — глядзець на тое, які тут інтарэс Еўрапейскага саюза. Гэта адкрытая дыскусія, — сказаў Этынгер 4 лістапада ў Вільнюсе. — Для мяне як еўракамісара актуальна і важна падтрымліваць кантакт з дзяржавамі-членамі, найперш Польшчай, Эстоніяй, Літвой і Латвіяй".


Як паведамлялася раней, 30 кастрычніка ўлады Літвы, на мяжы з якой будуецца Беларуская АЭС, чарговы раз заклікалі Беларусь не пачынаць будаўніцтва аб`екта, пакуль не завершана ацэнка ўздзеяння будучай станцыі на навакольнае асяроддзе. У заяве літоўскага МЗС гаварылася, што "працэс ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў рамках Канвенцыі Эспоо яшчэ не завершаны, таму будаўнічыя работы на тэрыторыі АЭС і рашэнне па ўкараненні ядзернага абсталявання з`яўляюцца відавочным невыкананнем палажэнняў канвенцыі".



МЗС Літвы нагадала, што 5 красавіка Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспаа апублікаваў заключэнне, у якім гаворыцца аб парушэнні Беларуссю гэтай канвенцыі. "Беларусь заклікаецца даць падрабязныя адказы на ўсе пытанні, узнятыя літоўскім бокам, а таксама прыняць да ўвагі заўвагі літоўскіх экспертаў і грамадскасці і прытрымлівацца патрабаванняў Канвенцыі Эспаа", — адзначалася ў прэс-рэлізе знешнепалітычнага ведамства. 



Нягледзячы на гэта, 2 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі", які дае генпадрадчыку — расійскай кампаніі "Атамстройэкспарт" — права пачаць будаўнічыя работы. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе, "Атамстройэкспарт" бетонныя работы плануе пачаць 5 лістапада.

Арцём Шрайбман, БелаПАН

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!